Першым, як вынікае з паведамленьняў, Шайгу пагаварыў зь міністрам абароны Францыі Сэбастыянам Лекарню, затым — з турэцкім міністрам Хулусі Акарам і, урэшце, з брытанскім міністрам абароны Бэнам Ўолэсам і амэрыканскім — Лойдам Остынам.
У МЗС Украіны абверглі заявы, што Кіеў нібыта рыхтуецца прымяніць «брудную бомбу».
«Хлусьня Расеі пра нібыта пляны Ўкраіны прымяніць “брудную бомбу” гэтак жа абсурдная, наколькі небясьпечная. Па-першае, Украіна зьяўляецца адданым бокам Дамовы пра непашырэньне ядзернай зброі: мы ня маем ніякіх “брудных бомбаў” і не плянуем іх мець. Па-другое, расейцы часта абвінавачваюць іншых у тым, што плянуюць самі», - заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба.
Тэлефонным размовам папярэднічала публікацыя дзяржаўным агенцтвам «РИА Новости» паведамленьня пад загалоўкам «Кіеўскі рэжым рыхтуе правакацыю з „бруднай бомбай“ ва Ўкраіне» (яно датавана 23 верасьня — аднак на сайце «РИА Новости» яно апублікавана сёньня, 23 кастрычніка. — РС).
У паведамленьні са спасылкай на «вартыя даверу крыніцы ў розных краінах», улады Ўкраіны нібыта «рыхтуюць на тэрыторыі сваёй краіны правакацыю, звьязаную з падрывам так званай „бруднай бомбы“ або маламагутнага ядзернага боепрыпасу». Мэта гэтага, як піша расейскае агенцтва, у тым, каб абвінаваціць Расею ва ўжываньні зброі масавага зьнішчэньня на ўкраінскім тэатры ваенных дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перастаньце хлусіць пра „магутную армію“». Як дыктатары разьвітваюцца зь ілюзіямі пра сваю непераможнасьць«РИА Новости» далей пішуць, што нібыта праца над бомбай «ужо знаходзіцца на завяршальнай стадыі», а ўлады Ўкраіны нібыта «ажыцьцяўляюць сакрэтныя кантакты з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі ў пытаньні магчымай перадачы кіеўскім уладам кампанэнтаў ядзернай зброі».
Афіцыйная Масква не камэнтавала паведамленьне «РИА Новости», аднак у паведамленьнях аб перамовах Шайгу зь міністрамі абароны Францыі, Турэччыны і Вялікабрытаніі гаворыцца, што ён абмеркаваў зь імі менавіта брудную бомбу. З гэтага можа вынікаць, што публікацыя «РИА Новости» адлюстроўвае пазыцыю Крамля.
У паведамленьні аб размове Шайгу зь Лекарню таксама сказана, што абмяркоўвалася сытуацыя ва Ўкраіне, якая «мае ўстойлівую тэндэнцыю да далейшай, некантраляванай эскаляцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У офісе прэзыдэнта Ўкраіны бачаць рэзкае зьніжэньне ядзернай пагрозы- «РИА Новости», якое ўваходзіць у мэдыягрупу «Russia Today» пад кіраўніцтвам Маргарыты Сіманьян і Дзьмітрыя Кісялёва, раней неаднаразова выступала зь цьверджаньнямі пра тое, што Ўкраіна нібыта хоча стварыць брудную бомбу. Аб гэтым яно пісала, у прыватнасьці, 25 лютага, на другі дзень пасьля расейскага ўварваньня ў краіну, а таксама 6 сакавіка. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін называў нібыта рэальнае імкненьне Ўкраіны займець ядзерную зброю адной з прычын пачатку так званай спэцаперацыі, аднак канкрэтна пра брудную бомбу не казаў.
- Кіеў заўсёды катэгарычна адмаўляў імкненьне атрымаць ядзерную зброю або распрацаваць брудную бомбу. Апошнія абвінавачаньні «РИА Новости» і цьверрджаньні Шайгу ён пакуль не камэнтаваў. Пры гэтым як Украіна, так і шэраг краінаў NATO. улучна з ЗША, раней выказвалі засьцярогі ў сувязі з магчымасьцю прымяненьня Расеяй ядзернай зброі супраць Украіны. Пра такую магчымасьць ня раз намёкамі ці нават адкрытым тэкстам гаварылі розныя расейскія прадстаўнікі.