Першыя ў бульбе, апошнія ў жыце. Што зь беларускай сельскай гаспадаркай

Паглядзелі, як з ураджайнасьцю ў Беларусі ды іншых краінах.

Штогод увосень у Беларусі абвяшчаюць «бітву за ўраджай», чыноўнікі рапартуюць пра посьпехі на палёх. Глядзім, што ў беларускай сельскай гаспадарцы ў параўнаньні з суседзямі.

Бульба

На фоне бліжэйшых суседзяў, паводле сёлетніх зьвестак, у Беларусі найвышэйшая ўраджайнасьць бульбы: 32 тоны з гектара. У суседзяў:

  • Польшча — 30,8 тоны з гектара
  • Латвія — 22,7 тоны з гектара
  • Літва — 16 тонаў з гектара

А вось у 2020 годзе, паводле харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, Беларусь не была лідэрам што да ўраджайнасьці бульбы:

  • Польшча — 34,77 тоны з гектара
  • Латвія — 21,31 тоны з гектара
  • Беларусь — 20,64 тоны з гектара
  • Расея — 16,64 тоны з гектара
  • Украіна — 15,72 тоны з гектара

Пшаніца

Што да ўраджайнасьці пшаніцы сярод суседзяў сёлета лідэр Польшча (зьвесткі Белстату і статыстычных ведамстваў іншых краін):

  • Польшча — 5,45 тоны з гектара
  • Літва — 5,1 тоны з гектара
  • Беларусь — 4,4 тоны з гектара
  • Латвія — 4,3 тоны з гектара

Паводле ААН, у 2020 годзе ва ўраджайнасьці пшаніцы Беларусь была на 4 месцы ў рэгіёне (6 краін — Беларусь і суседзі: Латвія, Літва, Польшча, Расея і Ўкраіна). У лідэрах была Літва — ураджайнасьць 5,39 тоны з гектара.

Жыта

Ва ўраджайнасьці жыта сярод бліжэйшых суседзяў Беларусь на апошнім месцы. Ураджайнасьць за 2022 год выглядае так:

  • Польшча — 3,6 тоны з гектара
  • Латвія — 3,4 тоны з гектара
  • Літва — 3 тоны з гектара
  • Беларусь — 2,8 тоны з гектара

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўцы ўжо экспартуюць сваё збожжа, а беларусы купляюць у расейцаў. Што ня так зь лічбамі жніва-2022

Як мянялася ўраджайнасьць розных культураў у Беларусі

Ураджайнасьць бульбы ў Беларусі, згодна зь Белстатам, зьменшылася за чатыры гады, з 2017 па 2021, на 16%. Яна зьніжалася з 2019 году.

Ураджайнасьць цукровых буракоў зьнізілася на 10% за гэты ж час. Ураджайнасьць гародніны ўпала за чатыры гады на 5,7%. Ураджайнасьць кіяхоў за гэты час зьнізілася на 8,9%, пшаніцы — на 7,3%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найлепшая рыса восені — ураджай. Моўны ТЭСТ