У раёнах Гомельскай вобласьці камісарыяты пачалі праверку стану вайсковага ўліку

Ілюстрацыйнае фота

У Гомельскім раёне з 17 кастрычніка па 4 лістапада будзе праходзіць «праверка стану вайсковага ўліку ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, у арганізацыях», паведамляе газэта Гомельскага райвыканкаму.

Як паведаміў газэце «Маяк» вайсковы камісар Гомельскага раёну Дзьмітры Калесьнікаў, цяпер ваенкамат Гомельскага раёну выконвае плянавыя захады па актуалізацыі сыстэмы ўліку і аналізу прызыўнікоў і вайсковаабавязаных.

Паводле камісара, кампанія складаецца з 2 этапаў. Першы заключаецца ў сыстэматызацыі стану воінскага ўліку. Яе арганізуюць вясковыя выканаўчыя камітэты на сваіх адміністрацыйных тэрыторыях і арганізацыі. Яны выклікаюць вайсковаабавязаных для зьверкі ўліковых дадзеных. Пасьля зьвесткі перадаюцца ў вайсковы камісарыят, дзе зьвяраюць карткі першаснага ўліку вайсковаабавязаных з уліковымі дадзенымі камісарыяту.

Пра другі этап камісар нічога не сказаў.

Удакладненьне сьпісу прызыўнікоў цяпер адбываецца і ў Калінкавіцкім раёне: 18 кастрычніка ў рэдакцыю «Флагштока» трапіў ліст Калінкавіцкага вайсковага камісарыяту ад 14 кастрычніка 2022 году з патрабаваньнем прадставіць сьпісы вайсковаабавязаных работнікаў у тэрмін да 28 кастрычніка.

«Флагшток» на ўмовах ананімнасьці ўдакладніў у кіраўніка адной з буйных арганізацый гораду Калінкавічы, ці звычайная гэта практыка, што ваенкамат рассылае такія лісты. Той паведаміў, што прадпрыемства раней ліста з падобным зьместам не атрымлівала.

Як адзначае выданьне, імаверна, удакладненьне сьпісаў вайсковаабавязаных грамадзян закране ўсе раёны Гомельскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У шпіталі ў камісарыят выклікалі ўсіх — і жанчын, і мужчын». Што робіцца ў Беларусі на фоне магчымай мабілізацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уступленьне Лукашэнкі ў вайну можа стаць пачаткам грамадзянскай вайны ў Беларусі