Расейскія войскі працягваюць наносіць удары па Ўкраіне. За ўчора Расея нанесла 10 ракетных і 18 авіяцыйных удараў больш як па 10 населеных пунктах, сярод якіх Кіеў, Жытомір, Харкаў, Дніпро, Крывы Рог, Запарожжа, Курахавае Данецкай вобласьці, Трыхаты Мікалаеўскай вобласьці і Мікалаеў.
Ракеты цэляць у жылыя масівы, вузлы сувязі і энэргетычныя аб’екты. Украінскія ўлады вымушаны заклікаць грамадзян эканоміць электраэнэргію і ваду.
Ратавальныя службы разьбіраюць завалы, разгортваюць пры неабходнасьці палявыя кухні, а энэргетыкі адразу пасьля скасаваньня трывог пачынаюць аднаўляць аб’екты.
Беларускі палітвязень: «Горка і балюча ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне»
Тэлеграм-канал @dissidentby паведаміў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў загінула пляменьніца беларускага палітвязьня Аляксандра Патапава. Ён украінец, але мае беларускае грамадзянства. Да 45 гадоў ён жыў ва Ўкраіне, а апошнія гады — у вёсцы Хатоля Віцебскай вобласьці. 68-гадовага мужчыну затрымалі ў межах крымінальнай справы, якую завялі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі, за нібыта абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у адной з сацыяльных сетак.
Ягоную справу ўжо перадалі на разгляд у суд.
«Мне горка і балюча за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі і дзеці. У часе ракетнага абстрэлу Кіева загінула мая пляменьніца, а яе трохгадовая дочачка стала калекай», — напісаў Аляксандар Патапаў у адным са сваіх лістоў на волю.
У той жа час пакуль дакладна не вядома, калі гэта адбылося. Кіеў з 10 жніўня зноў апынуўся пад прыцэлам расейскай арміі.
Безь сьвятла і вады застаўся горад-спадарожнік Запароскай АЭС
У ноч на 19 кастрычніка расейцы абстралялі горад Энэргадар, пабудаваны для спэцыялістаў, якія абслугоўваюць найбольшую ў Эўропе і цяпер захопленую расейцамі Запароскую АЭС.
«Абстрэлы спачатку прамысловай зоны, а потым і самога гораду пачаліся апоўначы і не сьціхаюць раніцай. Ёсьць паведамленьне аб пашкоджаньні адной з падстанцый, а таксама будынку выканаўчага камітэту гарадзкой рады. Інфармацыю аб пацярпелых сярод цывільнага насельніцтва пакуль не атрымалі. Прашу ўсіх да стабілізацыі сытуацыі заставацца дома і выконваць правілы дзьвюх сьцен», — напісаў мэр Энэргадару Дзьмітро Арлоў у сваім тэлеграм-канале.
Расея працягвае тэрарызаваць Нікапальскі і Крывароскі раёны на Днепрапятроўшчыне
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі гораду Крывы Рог Аляксандар Вілкул паведаміў, што ў выніку расейскіх удараў без электраэнэргіі засталося шмат населеных пунктаў у Крывароскім раёне, а таксама некалькі грамад у раённым цэнтры. Некаторыя зь іх — яшчэ і без вады.
«Энэргетыкі і ўсе неабходныя службы з ночы працуюць над ліквідацыяй наступстваў варожага ўдару», — паведаміў Аляксандар Вілкул у сваім тэлеграм-канале.
Паводле яго, расейцы працягваюць тэрарызаваць Нікапальскі раён. З «Градаў» і «Ўраганаў» абстралялі Марганец і Чырвонагрыгораўку. Пашкоджаны жылыя дамы, без ахвяр.
Украінскія войскі адбілі некалькі атак у Харкаўскай і Данецкай абласьцях
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі адбілі атакі расейцаў у раёнах населеных пунктаў Агурцова і Двурэчнае ў Харкаўскай вобласьці, каля Белагораўкі на Луганшчыне, а таксама каля Мар’інкі, Нью-Ёрку і Вопытнага ў Данецкай вобласьці.
Ракетныя войскі і артылерыя Ўкраіны нанесла ўдары па чатырох пунктах кіраваньня і пяці раёнах канцэнтрацыі расейскай жывой сілы і вайсковай тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прыцэле Кіеў, Жытомір, Дніпро, Мікалаеў: Расея не спыняе атакі ракетамі і дронамі па энэргааб’ектах Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: вайна Расеі супраць Украіны давяла да галечы мільёны дзяцейВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.