Уступленьне Лукашэнкі ў вайну можа стаць пачаткам грамадзянскай вайны ў Беларусі

Рух беларускай вайсковай тэхнікі. Травень 2022

Лукашэнка вядзе Беларусь да вайны. Усе гэтыя «контратэрарыстычныя рэжымы», «праверкі баяздольнасьці», прыхаваная мабілізацыя, увод расейскіх войскаў, агрэсіўныя заявы ў адрас суседзяў — яўныя прыкметы набліжэньня той небясьпечнай рысы, за якой беларусы будуць непасрэдна ўцягнутыя ў баявыя дзеяньні.

Гэтак жа сама падпісаньне дамоваў аб інтэграцыі з Расеяй, утварэньні саюзаў і «саюзнай дзяржавы» на працягу многіх гадоў былі прыкметай усё больш блізкага паглынаньня з боку Расеі. Праўда, поўнага паглынаньня дагэтуль так і не адбылося. Тое ж можа здарыцца і з вайной. Але гэта небясьпечная гульня з агнём.

«Абы не было вайны...»

Беларусы пацярпелі ад Другой сусьветнай вайны ці ня больш за іншыя эўрапейскія народы. Дзесяцігодзьдзямі пасьля вайны савецкі таталітарны рэжым, а потым і ягоны пасьлядоўнік Лукашэнка эксплюатавалі беларускія ваенныя траўмы, нягледзячы на тое, што СССР і сам быў сярод тых, хто разьвязаў Другую сусьветную.

«Абы не было вайны» зрабілася іранічным прыслоўем з пасылам аб тым, што беларусы гатовыя трываць любыя прыніжэньні і любыя матэрыяльныя цяжкасьці, абы не паўтарыць трагедыю Другой сусьветнай вайны, памяць пра якую працягвала жыць і раны ад якой старанна раскалупваліся савецкімі маніпулятарамі.

«Мы беларусы, мірныя людзі» — першыя словы гімну Беларусі часоў Лукашэнкі. Іх не было ў гімне БССР і яны таксама сталіся гэткім лёзунгам навязанай беларускай віктымнасьці: вонкава — пра пацыфізм, сутнасна — пра рабскую пакорнасьць.

Поўнамаштабнае ўцягваньне Беларусі ў вайну супраць Украіны стала б прамым парушэньнем усяго гэтага шматгадовага псэўдапацыфісцкага савецка-лукашэнкаўскаму дыскурсу. Ці гатовы Лукашэнка зь ягонымі палітычнымі інстынктамі добраахвотна ісьці на такое парушэньне, асабліва маючы за сьпінай досьвед 2020 году, калі рэжым ужо пралічыўся са сваёй палітыкай падчас пандэміі і ўласнаручна разагрэў народ да пратэстаў на выбарах?

Можна абвесьціць контратэрарыстычны рэжым. Можна абвесьціць частковую ці нават нейкую «часткова-поўную» мабілізацыю. Можна завезьці з Расеі дзясяткі тысяч неабучаных мабілізаваных рэзэрвістаў і зэкаў. Можна пагражаць украінцам і нават гучна, са скандалам, разарваць дыпляматычныя адносіны з Украінай. Чаму б не? Ад Лукашэнкі і не такога можна чакаць.

Але ўсё гэта можа не азначаць пачатку рэальных баявых дзеяньняў супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перапалоханыя самі і запалохваюць іншых. Што стаіць за супярэчлівымі заявамі кіраўнікоў рэжыму

Вайна і канец Лукашэнкі

Сярод краін — удзельніц цяперашняй вайны толькі ў Беларусі гэтая вайна можа набыць характар грамадзянскай.

Расея і адна мае мала шанцаў на перамогу. А калі параза будзе супольнай расейска-беларускай, Лукашэнка пазбавіцца сваёй незаконна займанай пасады, магчыма, нават раней за Пуціна.

Вайна — гэта пэрспэктыва сутыкненьня лукашэнкаўскіх войскаў з каліноўцамі, а значыць і прамога збройнага супрацьстаяньня між рэжымам і пратэстоўцамі. Баявыя дзеяньні хутка могуць быць перанесеныя на тэрыторыю Беларусі. А далей — плян «Перамога» і невядомасьць.

Далейшую хаду падзеяў спрагназаваць цяжка. Можа пачацца масавы пераход дэмаралізаваных войскаў Беларусі на бок каліноўцаў, а значыць, вызваленьне тэрыторыі Беларусі ад Лукашэнкі. Берасьце і Горадня ляжаць блізка да мяжы і могуць быць вызваленыя вельмі хутка. У вызваленыя раёны прыйдзе Ціханоўская ці яе эмісары ў якасьці законнай улады. А гэта ўжо можа зрабіцца трыгерам для прызнаньня Ціханоўскай прэзыдэнтам Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці. У лукашэнкаўскім тыле пачнуцца яшчэ большыя сабатаж і партызанка, і нават лукашэнкаўскія амбасады за мяжой могуць пачаць пераходзіць на бок прэзыдэнта Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбліжэйшымі днямі ў Беларусь пачнуць прыбываць расейскія войскі — намесьнік начальніка Генштабу Беларусі

Гульні з украінцамі і рацыянальнасьць Пуціна

Усё гэта Лукашэнка мусіць разумець. І таму ёсьць шанец, што ягоныя ваенныя падрыхтоўваньні будуць заставацца імітацыяй максымальна доўга.

Тым часам украінцы ахвотна гуляюць з Лукашэнкам у гэтую гульню: на мінулым тыдні Кіеў вуснамі старшыні камітэту міжнародных спраў Вярхоўнай Рады зь нейкім дзіўным тлумачэньнем зноў адмовіўся ўступаць у публічны кантакт са Сьвятланай Ціханоўскай, якая ледзь ня кожны дзень выказваецца ў падтрымку Ўкраіны і асуджае расейскую агрэсію.

Адначасова з гэтым расейцы вывозяць зь Беларусі тэхніку і боепрыпасы на фронт на Данбас. Гэта таксама супярэчыць лёгіцы падрыхтоўкі да нападу на Ўкраіну з боку Беларусі.

У Пуціна мала сілаў, і ад мабілізацыі гарматнага мяса, у тым ліку беларускага, гэтых сілаў ня стане болей. І пагатоў Беларусь, уступіўшы ў вайну, можа ператварыцца для Пуціна з актыву ў пасіў, з крыніцы магчымага дадатковага ваеннага рэсурсу ў месца, дзе давядзецца гэты і без таго абмежаваны рэсурс траціць на задушэньне мясцовага паўстаньня.

Таму ўступленьне Беларусі з вайну зараз выглядае нелягічным і нявыгадным ані Лукашэнку, ані Пуціну. Як і ўвогуле пачатак вайны выглядаў нелягічным і нявыгадным для Пуціна да самага апошняга моманту, да самага 23 лютага 2022 году.

Што, аднак, зусім не перашкодзіла яму гэтую вайну распачаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.