Пра гэта паведамляюць Amnesty International і іншыя праваабарончыя групы, якія працуюць у рэгіёне. Самым юным з загінулых было 11 гадоў. Яны былі забітыя пры разгонах паліцыяй дэманстрацый і мітынгаў.
Amnesty International удакладняе, што сярод загінулых непаўналетніх — 20 падлеткаў мужчынскага полу ад 11 да 17 гадоў і тры дзяўчыны 16–17 гадоў. Каля паловы зь іх належалі да этнічных меншасьцяў і загінулі ў «крывавую пятніцу» 30 верасьня — дзень найбольш жорсткіх разгонаў дэманстрантаў сіламі правапарадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі патрабуюць аднаго: каб гэты рэжым скончыўся неадкладна». Іранская экспэртка пра сутнасьць і будучыню пратэстаў, якія ахапілі краінуУ цэлым, паводле зьвестак Amnesty International, з пачатку пратэстаў па 3 кастрычніка ў Іране загінулі 144 чалавекі. Пратэсты ў краіне працягваюцца, як і жорсткія дзеяньні паліцыі.
Пратэсты ў Іране пачаліся ў сярэдзіне верасьня пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці. Яе затрымала і зьбіла паліцыя нораваў за распушчаны хіджаб. Праз тыдзень пратэсты ахапілі больш за трыццаць іранскіх гарадоў, уключаючы сталіцу краіны — Тэгеран.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран: да пратэстаў далучаюцца школьніцы і студэнткіПратэстоўцы патрабуюць абароны правоў жанчын, спыненьня паліцэйскага свавольства, дэмакратызацыі Ірану і адстаўкі ўраду. Жанчыны на мітынгах зрываюць зь сябе хіджабы і абразаюць свае валасы ў знак барацьбы супраць прыгнёту.
Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі, сыходу якога патрабуюць пратэстоўцы, абвінаваціў у арганізацыі беспарадкаў ЗША і сіяністаў.