NATO дасьць Украіне сродкі для барацьбы зь бесьпілётнікамі-камікадзэ

Часткі іранскага бесьпілётніка-камікадзэ «Шахід-136», знойдзеныя пасьля расейскага ўдару ў Харкаве 6 кастрычніка 2022 году. (Расея перайменавала гэтую іранскую зброю ў «Герань-2».)

NATO неўзабаве дасьць Украіне сродкі для барацьбы зь бесьпілётнікамі-камікадзэ. Пра гэта паведаміў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Tнс Столтэнбэрг.

«NATO таксама апэратыўна дасьць Украіне сродкі барацьбы зь бесьпілётнікамі з сотнямі сродкаў усталяваньня перашкодаў для бесьпілётнікаў, якія могуць дапамагчы нэўтралізаваць эфэктыўнасьць расейскіх і іранскіх бесьпілётнікаў і абараніць украінскае насельніцтва і інфраструктуру», — падкрэсьліў Енс Столтэнбэрг.

12 кастрычніка генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Захад абмяркоўвае спосабы забесьпячэньня Ўкраіны дадатковай супрацьпаветранай абаронай, каб бараніцца ад «невыбіральных» расейскіх ракетных нападаў па ўсёй краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артылерыяй па поўдні і дронамі па цэнтры і поўначы. Расея працягвае атакаваць інфраструктуру і сацыяльныя аб’екты Ўкраіны

Першыя паведамленьні аб выкарыстаньні Расеяй бесьпілётнікаў-камікадзэ «Шахід-136» у вайне супраць Украіны зьявіліся на пачатку верасьня.

Вайскова-паветраныя сілы Ўзброеных сілаў Украіны выказалі здагадку, што расейская армія ўсё больш актыўна выкарыстоўвае іранскія бесьпілётнікі ў вайне супраць Украіны, бо зьберагае высокадакладныя ракеты, а таксама таму, што БПЛА больш зручныя для нанясеньня ўдараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскай выведцы заявілі аб новых пастаўках Расеяй дронаў у Беларусь і вывазе беларускіх боепрыпасаў

Падчас масаванага абстрэлу Ўкраіны 10 кастрычніка расейскае войска, паводле зьвестак украінскага Генштабу, выкарыстала для ўдараў 24 БПЛА, зь якіх 13 — бесьпілётнікі-камікадзэ «Шахід-136».

У той жа дзень у камэнтары Радыё Свабода сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што Іран ня мае магчымасьці самастойна вырабляць бесьпілётнікі-камікадзэ.

11 кастрычніка ўкраінская выведка паведаміла, што Расея перакідае ў Беларусь іранскія бесьпілётнікі-камікадзэ «Шахід-136», а прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што РФ замовіла ў Ірану 2400 такіх БЛА.

У той жа дзень прадстаўнік камандаваньня ВПС Узброеных сілаў Украіны Юрый Ігнат падкрэсьліў, што «няма неабходнасьці драматызаваць сытуацыю» зь бесьпілётнікамі-камікадзэ іранскай вытворчасьці, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Ўкраіны паведаміла аб атацы бесьпілётнікаў з тэрыторыі Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сахашчык зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў і ўсіх грамадзян з нагоды пагрозы вайны з Украінай. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за вайсковая тэхніка едзе ў Беларусь і што ў Беларусі ёсьць на ўзбраеньні. Разьбіраемся