«Я вельмі спадзяюся, што беларускі народ паступіць правільна». Беларускі расказваюць, што адбываецца ў Кіеве і Львове

На месцы ракетнай атакі 10 кастрычніка, Кіеў, бульвар Шаўчэнкі

Беларускі Аліна Караткевіч і Сьвятлана расказваюць, што адбываецца гэтымі днямі ў Львове і Кіеве.

«Гэта нас не напужала так, каб мы падумалі, што трэба зьяжджаць»

Аліна Караткевіч, якая жыве ў Львове, 12 кастрычніка кажа, што цяпер у горадзе спакайней.

«Людзі працуюць цягам дня, пакуль ёсьць сонца, не зьвяртаючы ўвагі ні на што»

«Учора ранак быў з паветранай трывогай цягам чатырох гадзін. Я параўноўвала з тым, што было ў лютым, і цяпер людзі сябе спакайней адчуваюць, усе расслабленыя, такога ажыятажу няма. Учо

ра ўвечары нам выключылі сьвятло і потым праз хвілін 15–20 уключылі, гэта зьвязана з абстрэламі.

Энэргазабесьпячэньне яшчэ нестабільнае,

грамадзян просяць менш спажываць электраэнэргію. Таксама ў кагосьці няма вады, такія побытавыя праблемы», — кажа Аліна Караткевіч.

«Уласьнікі папулярнай кавярні зьнялі шкляныя шары-лямпы»

Псыхалягічна Аліна адчувае сябе нармальна, кажа, што ўчора нават не правярала схованку, не выходзіла на вуліцу.

«У мяне яшчэ дом закрыты, з унутраным дворыкам, вокны ўсе выходзяць унутр. То бок, калі што, трэба пацэліць менавіта ў дворык. Я лічу, што, збольшага, у бясьпецы, упэўнена сябе адчуваю. А пазаўчора было горш, бо самае страшнае — гэта адсутнасьць інфармацыі, калі на 3–5 гадзін у цябе няма ні інтэрнэту, ні мабільнай сувязі. Ты ўвогуле ня ведаеш, ні адкуль ляціць, ні куды прыляціць, не адсочваеш нічога, людзі навокал нічога ня ведаюць».

«Трамваі спыніліся на цэнтральнай плошчы Львова і стаялі, пакуль не ўключылі сьвятло»

Аліна дадае, што пастаянна на сувязі зь сябрамі, беларусамі Львова.

«Мы збольшага ведаем, што адбываецца ў розных раёнах. У панядзелак быў такі першы момант панікі, бо такога нават не было ў першыя дні лютага, каб прапала электрычнасьць, інтэрнэт. Такое адчуваньне постапакаліптычнае: ты ідзеш па горадзе, а там трамваі, тралейбусы стаяць, людзі ўздоўж дарогі ловяць інтэрнэт, бо нейкія плямы сувязі. Было шмат людзей з плястыкавымі бутлямі, якія ішлі па ваду, хтосьці сьмецьце выносіў. Ты проста ідзеш і фіксуеш, што вось нешта незвычайнае зараз адбываецца».

У першыя дні было шмат людзей, якія беглі з валізамі, хаваліся, цяпер жа гэтага няма, заўважае Аліна. Трымацца бадзёра ў такой складанай сытуацыі жанчыне дапамагаюць сябры і коцікі.

«Сябры вельмі дапамагаюць, падтрымка звонку, якая даходзіць, людзі розныя пішуць, і ўкраінцы. Ну, і вера ў ЗСУ, гэта безумоўна, бо ёсьць упэўненасьць, што ўсё будзе добра, усё спрацуе. Таксама ёсьць вера, як бы патасна ні гучала, у перамогу. Яшчэ дапамагаюць коцікі, у нас іх пяць на тры кватэры. Таму, куды б ты ні пайшоў, усё роўна цябе будуць сустракаць каты», — усьміхаецца Аліна.

У жанчыны ёсьць магчымасьць зьехаць, але яна жыве ва Ўкраіне амаль два гады і ня хоча ўцякаць адтуль.

«Мы проста думаем, што рабіць далей, як лепей падрыхтавацца да халадоў. Зразумела, што будуць і далей спрабаваць біць па інфраструктурных пунктах. Цяпер звонку плюсавая тэмпэратура, але хутка будзе мінус. Я думаю, што неяк вытрымаем. Гэта нас не напужала так, каб мы падумалі, што трэба зьяжджаць».

Дзіцячая пляцоўка ў Львове 10 кастрычніка

Жанчына кажа, што стаўленьне да беларусаў можа зьмяніцца, калі Лукашэнка ўвядзе беларускае войска ва Ўкраіну.

«Напэўна, тэарэтычна, заўсёды ёсьць такі страх і пагроза, але ж я ўжо столькі часу тут, у мяне ўжо нейкае сваё кола стварылася. Людзі разумеюць, што я не Лукашэнка. І мне найперш іх думка важная. Таму я проста буду штосьці рабіць, тлумачыць, паказваць, каб гэтае стаўленьне не зьмянялася, бо мы тут і так шмат працы вядзем у гэтым напрамку. Проста будзем працягваць рабіць з большымі намаганьнямі».

Аліна дадае, што цяпер перашкаджае адсутнасьць крытычнага мысьленьня і інфармацыйнай гігіены ў людзей.

«Некаторыя людзі за першыя фэйкі хапаюцца, і потым патрабуюцца высілкі, каб з гэтым штосьці зрабіць. Я вельмі часта адказваю на пытаньні пра тое, ці будзе ўводзіць Лукашэнка войскі. То бок людзі рэальна думаюць, што калі я беларуска, то я нейкім чынам магу спрагназаваць дзеяньні Лукашэнкі. Гэта злуе. Але я рада, што я тут цяпер. Як кажа мая сяброўка, тут самы пульс жыцьця, вырашаецца лёс сьвету».

«Цяпер проста злосьць, бо ўжо бачылі пахаваньні і ўвесь іншы бруд, які нарабіла Расея»

Беларуска Сьвятлана (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) цяпер з мужам у Кіеве. Дзяўчына кажа, што з сакавіка яны моцна адвыклі ад абстрэлаў.

Кіеў

«Як бы вайна ідзе, але ў Кіеве спакойна, і ты звыкаесься з гэтым. Хоць у мяне было адчуваньне, што гэтыя абстрэлы і налёты адбудуцца, асабліва пасьля выступу прэзыдэнта Расеі, што нешта будзе за Крымскі мост. У панядзелак мы ўскочылі, бо пачулі гук выбуху, трывогі. Спачатку быў шок, але страху не было, неяк ужо навучаныя. Мы сабралі асноўныя дакумэнты, ноўтбукі, стэлефанаваліся зь сябрамі, асабліва з тымі, хто жыве ў самым цэнтры гораду, узялі трохі рэчаў і сабраліся ў адным месцы».

Дзяўчына прыгадвае, як усё адбывалася 24 лютага.

«У нас вакно з кватэры выходзіць на скрыжаваньне, і там 24-га было пекла: машыны, аварыі, хтосьці кагосьці „падразае“, велізарныя коркі, людзі з валізамі, з вадой. У краме тады была велізарная колькасьць людзей, яны спрабавалі скупіць прадукты, таўкліся. А ў панядзелак у краме нават чаргі не было».

Кіеў

Сьвятлана кажа, што стаўленьне да вайны ў людзей моцна зьмянілася, яны рэагуюць спакайней і звыкліся зь ёю.

«Я для заспакаеньня чытаю тэлеграм-канал „Азова“ і палку Каліноўскага. Адразу становіцца нашмат лягчэй, бачыш посьпехі. На пачатку вайны быў спалох, а цяпер проста злосьць, бо ўжо бачылі пахаваньні і ўвесь іншы бруд, які нарабіла Расея».

Чацьвёрты дзень у Кіеве зьнікае электрычнасьць. У панядзелак праз аварыю, а цяпер праз рамонтныя работы.

«Вось у панядзелак не было з 8-й вечара і да ночы, у аўторак з 4-й, а сёньня яно то зьяўляецца, то зьнікае. Ну, гэта такія нюансы. У крамах прадуктаў дастаткова, можаш купіць усё што хочаш, ваду таксама. Ніякіх праблем няма. Адзінае, што нельга купіць ёдыд калію ў аптэках».

Сьвятлана кажа, што адчувае зьмены ў стаўленьні да беларусаў у розных дзяржаўных органах, міграцыйнай службе.

«Мне пашанцавала, што мяне атачаюць людзі, якія ўсе добра ставяцца. Аднак я думаю, што калі ўвядуць беларускае войска, то ўсё зьменіцца. Гэта ўсё ж такі ўплывае псыхалягічна, асабліва на тых людзей, якія пацярпяць, або чые сем’і пацярпяць. Пакуль што мы не заўважаем гэтага ў людзях, але ўжо заўважаем у дзяржаўных структурах. Нават Офіс прэзыдэнта падзяліўся на два лягеры: Арастовіч, які падтрымлівае беларусаў, і Падаляк, які не падтрымлівае. А ў міграцыйнай службе цяпер інакш пачалі ставіцца, быццам яны робяць вялікую ласку».

Дзяўчына ўпэўненая ў перамозе Ўкраіны, таму трымаецца бадзёра.

«Калі ёсьць людзі, якія цяпер аддаюць жыцьцё, ваююць, рызыкуюць, чаго, седзячы ў кватэры, распускаць соплі? Трэба змагацца з гэтым. Часам надыходзіць нейкая дэпрэсія, бо вайна зацягнулася, нейкія навіны страшныя з Ізюму, яшчэ аднекуль: сядзіш, плачаш, потым бярэш сябе ў рукі, працуеш, каб можна было данаціць на полк Каліноўскага і ЗСУ. Проста я гляджу на нашых хлопцаў, на ЗСУ: яны ўсе такія прыгажунчыкі, такія малайцы! Гэта радуе і дае надзею. Я проста лічу, што Ўкраіна пераможа. І я вельмі спадзяюся, што беларускі народ паступіць правільна, і ў выніку ўсё скончыцца добра».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У людзей няма страху, ёсьць толькі злосьць і жаданьне працаваць далей і болей». Беларускі фатограф і праваабаронца пад бамбёжкамі ў Львове
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арастовіч назваў Ціханоўскую законна абраным прэзыдэнтам Беларусі і заклікаў ня ганьбіць беларусаў