Пра гэта паведаміў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, які ўзяў удзел у сустрэчы.
Чарговая сустрэча ў так званым Рамштайнскім фармаце прайшла на фоне рэзкага павелічэньня колькасьці расейскіх ракетных удараў па аб’ектах ва Ўкраіне, у тым ліку аб'ектах цывільнай інфраструктуры. Украінскія ўлады заклікалі краіны NATO пасьпяшацца з пастаўкамі сыстэм СПА. З такім жа заклікам зьвярнуўся да саюзьнікаў у сераду і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.
«Я думаю, мы ўсе ўбачылі, чаму гэта так важна. Жудасныя атакі супраць украінскіх гарадоў, забітыя цывільныя асобы, разбураная крытычная цывільная інфраструктура, сурʼёзныя атакі на энэргетычную сыстэму напярэдадні зімы», — адзначыў генэральны сакратар NATO на сустрэчы міністраў абароны краінаў-чальцоў альянсу.
Пра канкрэтныя рашэньні, прынятыя ў сераду ў Брусэлі, не гаворыцца. Раней паведамлялася, што Вашынгтон працуе над паскоранай пастаўкай Украіне сыстэм супрацьпаветранай абароны NASAMS. На днях Нямеччына паставіла ва Ўкраіну першую сыстэму СПА IRIS-T. Міністар абароны Нідэрляндаў Кайса Олянгрэн у сераду абвясьціла аб перадачы Ўкраіне дадатковых зэнітных ракет коштам 15 мільёнаў эўра.
Нямеччына ў сераду абвясьціла, што паставіць Украіне рэактыўныя сыстэмы залпавага агню Mars II і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Panzerhaubitze 2000. Пра гэта ў Твітэры паведамляе нямецкае Міністэрства абароны.
- Яшчэ адной тэмай, якая абмяркоўвалася ў Брусэлі, быў адказ NATO на магчымае выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі ў вайне з Украінай. Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у інтэрвію CNN сказаў, што пляны такога адказу існуюць, але адмовіўся гаварыць пра дэталі. Міністар абароны ЗША Лойд Остын, які ўдзельнічаў у сустрэчы ў Брусэлі, сказаў, што ў NATO ставяцца да пагрозы прымяненьня ядзернай зброі сурʼёзна, але пакуль ня бачаць прыкметаў падрыхтоўкі Расеі да ядзернага ўдару.
- У сваім выступленьні Остын адзначыў, што ўкраінскія войскі пры падтрымцы пастаўленага Захадам узбраеньня «зьмянілі дынаміку вайны», нагадаўшы пра нядаўнія посьпехі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія вызвалілі значныя тэрыторыі ў Харкаўскай і Херсонскай абласьцях.