Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Forbes: Расея выдаткавала на абстрэл Украіны да $700 млн. Экспэрт: «Запасаў крылатых ракет для новых масавых удараў няма»


Вынікі абстрэлу ў Кіеве, 10 кастрычніка 2022
Вынікі абстрэлу ў Кіеве, 10 кастрычніка 2022

Пасьля абстрэлу тэрыторыі Ўкраіны 10 кастрычніка ў Расеі няма запасаў крылатых ракет для падобных інтэнсіўных нападаў. Пра гэта заявіў вайсковы экспэрт Павел Лузін у размове з расьсьледніцкім праектам The Insider.

Паводле Лузіна, тыя 83 ракеты, якія РФ выкарыстала ўчора, былі назапашаныя за некалькі месяцаў.

— Гэта калі гаворым пра крылатыя ракеты. А старыя савецкія ракеты Х-22, зэнітныя ракеты ад С-300, ракеты «Точка-У», «Ураган» — гэтага дабра хапае яшчэ, але таксама няшмат. Для тэрору хапае, але ні для чаго больш, — адзначыў экспэрт.

Лузін падкрэсьліў, што ў РФ штогод вырабляецца ня больш як 50 штук кожнага тыпу дальнабойных крылатых і апэратыўна-тактычных балістычных ракет: «Калібраў» марскога і наземнага базаваньня, авіяцыйных X-101, супрацькарабельных ракет «Онікс» і ракет для комплексу «Іскандэр».

— Усяго — прыкладна 200 штук на год. Акрамя гэтага, за год у Расеі выпускаецца ня больш за 20 ракет паветранага базаваньня Х-32. Рэзка нарасьціць вытворчасьць або закупіць ракеты ў іншых краін для такіх нападаў, як 10 кастрычніка, немагчыма ні арганізацыйна, ні тэхнічна, ні тэхналягічна. Магчымыя толькі абстрэлы менш прасунутымі ракетамі або іранскімі дронамі, аднак у цэлым яны ні на што не паўплываюць, — лічыць Лузін.

Расея за 10 кастрычніка выдаткавала на абстрэл Украіны да $700 млн. Аб гэтым піша ўкраінскі Forbes.

Паводле падлікаў журналістаў, Расея выдаткавала на абстрэл Украіны 10 кастрычніка $400-700 млн. Ацэнка грунтуецца на прыкладным уяўленьні кошту выпушчаных ракет і беспілётнікаў. Іх дакладная цана невядомая, таму такі разьбег у лічбах.

Напрыклад, кошт ракеты Х-101 $13 млн, «Калібр» $6,5 млн, «Іскандэр» $3 млн, Онікс $1,25 млн, Х-22 $1 млн, Кропка-У $0,3 млн. Агульны кошт усіх выпушчаных 10 кастрычніка дронаў — некалькі мільёнаў даляраў.

Паводле ўкраінскага камандаваньня, украінская СПА зьнішчыла 43 ракеты, выпушчаныя па тэрыторыі краіны.

  • Раніцай 10 кастрычніка Кіеў і іншыя буйныя ўкраінскія гарады зазналі напад. Як паведаміла намесьнік міністра абароны Ганна Маляр, з 06:20 да 11:15 Расея нанесла ракетныя і ракетна-авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны з раёнаў Касьпійскага мора і Ніжняга Ноўгарада па гарадах Кіеў, Львоў, Прылукі, Хмяльніцкі, Дніпро, Нежын, Жытомір, Харкаў. Паводле папярэдніх дадзеных, загінулі 19 чалавек, яшчэ 105 атрымалі траўмы. Усяго было выпушчана 83 ракеты, 43 зь іх зьбілі сродкі СПА.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ракетныя ўдары з боку Расеі былі нанесеныя па «аб’ектах энэргетыкі, вайсковага кіраваньня і сувязі Ўкраіны» ў адказ на правядзеньне на расейскай тэрыторыі «тэрактаў». Да іх ён, у прыватнасьці, аднёс выбух на Крымскім мосьце 8 кастрычніка. Акрамя таго, Пуцін абвінаваціў украінскія спэцслужбы ў спробах ажыцьцявіць тэракты на Курскай АЭС і падрыхтоўцы да выбуху «Турэцкага патоку».
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што «на 229-ы дзень поўнамаштабнай вайны краіну спрабуюць зьнішчыць і сьцерці зь зямлі», і заклікаў грамадзян берагчы сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG