Краіны ЭЗ за мінулыя суткі не дазволілі нелегальна пракрасьціся 130 мігрантам з тэрыторыі Беларусі

Беларуска-польская мяжа

За мінулыя суткі краіны Эўразьвязу спынілі 130 спробаў нелегальна перайсьці мяжу з тэрыторыі Беларусі.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 11 кастрычніка на літоўска-беларускім памежжы завярнула 73 мігрантаў. Са студзеня ў Літве зафіксавалі 9138 спроб нелегальнага пераходу мяжы.

Літоўскае ведамства са спасылкай на калег зь Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі таксама адзначыла, што ў папярэдні дзень не было задакумэнтавана ніводнай спробы незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.

Памежная варта Польшчы ў Твітэры паведаміла, што за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 57 замежнікаў. За дапамогу ў незаконнай міграцыі затрыманыя двое ўкраінцаў і па адным грамадзяніне Казахстану і Ўзбэкістану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве апублікавалі відэа, на якім імаверна беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам пераадолець плот на мяжы

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень Польша, Літва і Латвія спынілі 187 мігрантаў зь Беларусі