Літоўскія памежнікі зафіксавалі спробу мігрантаў нелегальна трапіць на тэрыторыю іх краіны зь Беларусі.
У ведамстве сьцьвярджаюць, што менавіта беларускія памежнікі дапамагалі нелегалам пераадолець плот, перарэзаўшы калючы дрот, паведамляе Delfi.lt.
Як піша выданьне, прадстаўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі, што ў нядзелю 11 верасьня ў Віленскім раёне з боку Беларусі да фізычнага бар'ера на мяжы падбеглі двое невядомых у масках і пачалі разразаць калючы дрот і ахоўны барʼер. У ведамстве перакананыя, што гэта былі «беларускія службоўцы ці іх падапечныя». Мігранты, паводле памежнікаў, стаялі ўбаку і чакалі.
Літоўскія памежнікі зафіксавалі гэтыя дзеяньні і перадалі інфармацыю патрульным. Тыя прыбылі на месца менш як праз хвіліну, і тыя, хто спрабаваў перарэзаць агароджу, кінуліся ўцякаць, адзін зь іх заблытаўся ў калючым дроце. Усьлед за імі пайшлі 5 мігрантаў.
Паводле літоўскага ведамства, на відэа таксама трапілі «патрулюючыя» беларускія памежнікі з нажніцамі для рэзкі мэталу (гэтыя нажніцы выкарыстоўваюць для пашкоджаньня агароджы).
Таксама памежнікі заяўляюць, што беларускія службы прывозяць мігрантаў да мяжы зь Літвой і каардынуюць незаконнае перасячэньне мяжы.
З канца ліпеня — пачатку жніўня Літва фіксуе рост колькасьці нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. Агулам з 3 жніўня 2021 году Літва не прапусьціла амаль 13 тысяч нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць на тэрыторыю краіны зь Беларусі, некаторыя зь іх спрабавалі трапіць у Літву неаднаразова. У 2021 годзе зь Беларусі ў Літву нелегальна прыбылі амаль 4,2 тысячы мігрантаў.
7 верасьня Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту ў сувязі зь «неаднаразовымі выпадкамі наўмыснага пашкоджаньня фізычнай агароджы (ахоўнага плота і калючага дроту) на літоўскай дзяржаўнай мяжы».