Факты пра Сяргея Суравікіна прыводзіць расейская служба Радыё Свабода. Як адзначаюць журналісты, амаль на кожным этапе кар’ера генэрала суправаджалася скандаламі.
Забойствы ў час ГКЧП
Усяго праз чатыры гады пасьля заканчэньня з залатым мэдалём Омскай вышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні, у жніўні 1991 году, Сяргей Суравікін стаў капітанам і камандзірам батальёна. Дакладней, выканаўцам абавязкаў камбата, але за чатыры гады дарасьці ад лейтэнанта да цэлага камбата ў «прыдворнай» Таманскай дывізіі — гэта ня проста хутка, а празьмерна паскорана. Пра такіх імклівых у войску звычайна кажуць «яго вядуць», маючы на ўвазе «калматую лапу». Але «лапа» аказалася вельмі дарэчы, калі падчас ГКЧП (спробы савецкіх вайскоўцаў усталяваць у СССР свой рэжым для «ўратаваньня» дзяржавы) менавіта батальёну, якім камандаваў Суравікін, выпаў сумнеўны гонар праліць кроў трох цывільных асоб: Уладзіміра Усава, Дзьмітрыя Камара і Ільлі Крычэўскага.
Расказваюць, што Суравікін ваяваў у Афганістане, але ніякіх дакладных зьвестак пра тое няма. Дзе ваяваў і ці ваяваў увогуле цяперашні камандуючы расейскімі войскамі ва Ўкраіне на тэрыторыі Афганістану — невядома, затое вядома, што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і мэдалём «За адвагу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прызначыў камандуючага расейскімі войскамі, якія ваююць ва Ўкраіне. Ён мае ўзнагароду і ад ЛукашэнкіТрапляў у крымінальную хроніку
У кар’еры генэрала знайшлося месца і для зьняволеньня ў «Матроскай цішыні», і для ўмоўнага прысуду ў справе аб незаконным абарачэньні зброі ў 1995-м, і для самагубства непасрэднага падпарадкаванага. За краты Суравікіна па выніках суду ў 1995-м так і не адправілі, прызначыўшы год умоўнага зьняволеньня. Сам Суравікін, калі яго ў 2011 годзе прызначалі кіраўніком рабочай групы па стварэньні органаў вайсковай паліцыі, заяўляў, што яго апраўдалі, аднак насамрэч прысуд быў абвінаваўчым. Імаверна, толькі пратэкцыя зьверху дазволіла Суравікіну рухацца далей угару ў сваёй кар’еры.
Таксама ў біяграфіі Суравікіна было забойства салдата ягонымі падначаленымі, дзе пакараньне панёс толькі камандзір роты ў выглядзе 2 гадоў умоўнага зьняволеньня і два салдаты, якім далі па 8 гадоў турмы. Гэта адбылося, калі Суравікін кіраваў 34-й мотастралковай дывізіяй. Яшчэ адну крымінальную справу — аб гібелі 37-гадовага палкоўніка, які застрэліўся ў вайсковым гарадку, — хутка закрылі, яна ня скончылася нічым.
Страты ў Сырыі
Суравікіна прызначылі кіраўніком Паветрана-касьмічных сіл восеньню 2017 году — у гэты момант ён камандаваў расейскай групоўкай у Сырыі.
Менавіта падчас камандаваньня Суравікіна расейская групоўка (а таксама найміты з ЧВК) у Сырыі панесла самыя адчувальныя страты, аж да генэрала і некалькіх палкоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне другі дзень запар ракетныя ўдары Расеі. Украінцы атакуюць на ўсходзе і поўдніМае найвышэйшае званьне ў расейскім войску
У жніўні 2021 году Суравікін атрымаў званьне генэрала арміі, найвышэйшае сярод дзейных вайскоўцаў (дзейных маршалаў у расейскім войску няма). Да гэтага моманту ён ужо тры з паловай гады ўзначальваў Паветрана-касьмічныя сілы, прычым стаў першым агульнавайсковым генэралам, хто ня меў досьведу ў авіяцыі, а заняў гэтую пасаду.
Падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Сяргей Суравікін камандаваў групай войскаў «Поўдзень». Пракрамлёўскія СМІ прыпісвалі яму посьпех пры атачэньні ўкраінскіх сіл у раёне Горскага і Залатога і захопе Севераданецку. Суравікіну таксама прыпісваюць выкарыстаньне на Данбасе тактыкі «агнявога валу» — масаванага безразборнага артылерыйскага агню для падрыхтоўкі наступленьня.
Мянушка — «Генэрал Армагедон»
«Комсомольская правда» сьцьвярджала, што ў войсках у Суравікіна ёсьць мянушка — «Генэрал Армагедон»: нібыта за ўменьне дзейнічаць нестандартна і жорстка. «Медуза» са спасылкай на крыніцы пісала, што павышэньне Суравікіна рыхтавалася ўжо некалькі месяцаў — у якасьці аднаго з варыянтаў якраз абмяркоўвалася яго прызначэньне камандуючым усёй расейскай групоўкай на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамзан Кадыраў паведаміў, што атрымаў званьне генэрал-палкоўнікаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.