За 10 кастрычніка ад расейскага абстрэлу загінулі 19 грамадзян Украіны і яшчэ 105 атрымалі раненьні.
Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што 11 кастрычніка Расея выпусьціла па ўкраінскіх гарадах 28 крылатых ракет з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95мс і вайсковых ракетаносьбітаў з Чорнага мора.
Падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў і мабільныя агнявыя групы Паветраных сіл Украіны зьнішчылі 20 ракет у паветры і 13 дронаў-камікадзэ іранскага паходжаньня.
У Крывым Рогу абстрэлы заблякавалі пад зямлёй 850 шахтароў
З 84 запушчаных напярэдадні расейскіх ракет 18 прыляцелі ў Днепрапятроўскую вобласьць. Украінская СПА зьбіла над гэтым рэгіёнам пяць ракет, а іншыя пашкодзілі шэраг энэргетычных аб’ектаў. Найбольшыя руйнаваньні — у Крывым Рогу, дзе два раёны засталіся без вады і электрычнасьці.
Увечары 10 кастрычніка стала вядома, што ракетныя ўдары ў чатырох шахтах рэгіёну заблякавалі пад зямлёй 854 шахтары. Як прызналіся мясцовыя ўлады, падняць іх з-пад зямлі было найбольшым выпрабаваньнем. Давялося тэрмінова арганізоўваць дадатковую падачу паветра, прадуктаў харчаваньня і цёплага адзеньня. Толькі глыбока ўначы ратавальнікам удалося падняць усіх на паверхню. Улады сьцьвярджаюць, што абышлося без ахвяр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыгуначнікі паведамляюць, што Беларусь адправіла танкі на Данбас для падтрымкі Расеі. Улады гэта адмаўляюцьПадачу электраэнэргіі паступова аднаўляюць, але з абмежаваньнямі
Паводле ратавальнікаў, Расея абстраляла аб’екты крытычнай інфраструктуры ў 12 абласьцях і ў сталіцы Ўкраіны.
На раніцу 11 кастрычніка без электрычнасьці застаюцца 301 населены пункт у Кіеўскай, Львоўскай, Сумскай, Цярнопальскай і Хмяльніцкай абласьцях. Увечары 10 кастрычніка без энэргазабесьпячэньня засталося 3,5 тысячы паселішчаў.
Каб збалянсаваць энэргетычную сыстэму ў пікавыя гадзіны спажываньня, улады пачалі веернае адключэньне — у кожным горадзе электрычнасьць адключаюць па графіку на дзьве гадзіны.
У Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцях пасьля сёньняшніх і ўчорашнх абстрэлаў, калі ракеты істотна пашкодзілі энэргетычныя аб'екты, увялі рэжым жорсткай эканомікі электраэнэргіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў аб разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. У Беларусь прыбудуць тысячы расейскіх салдатаўРасея другі дзень атакуе энэргетычныя аб’екты
Раніцай 11 кастрычніка стала вядома пра атаку дронам-камікадзэ Ладыжынскай ЦЭС у Віньніцкай вобласьці. Мясцовыя ўлады заклікалі грамадзян выконваць патрабаваньні паветранай трывогі. Аб ахвярах пакуль не паведамляюць.
У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі аб атацы дронамі з тэрыторыі Беларусі. 10 кастрычніка на тым кірунку супрацьпаветраная абарона зьбіла 9 дронаў тыпу «Shahed-136».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслу Ўкраіны ў Менску ўручылі дыпляматычную ноту. МЗС Украіны адрэагавала: Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыіУкраінцы працягваюць контранаступ на поўдні і ўсходзе
Нягледзячы на моцную ракетную атаку Расеі па мірных гарадах Украіны, Узброеныя сілы працягваюць атакаваць расейцаў на двух найбольш гарачых кірунках — у Херсонскай і Луганскай абласьцях.
Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай анансаваў паведамленьне аб вызваленых гарадах у рэгіёне.
«Нашыя вайскоўцы прасоўваюцца наперад. Расейскі тэрарызм іх яшчэ больш матывуе — працягваецца вызваленьне населеных пунктаў Луганшчыны. Чакаем паведамленьня Генэральнага штабу», — паведаміў Сяргей Гайдай у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
У Белазёрцы Херсонскай вобласьці ўкраінскія войскі зьнішчылі 15 адзінак расейскай вайсковай тэхнікі, а ў Берыславе ўдарылі па ангары, у якім таксама знаходзіўся расейскі вайсковы арсэнал.
«Мы працягваем вызваляць тэрыторыі, мы працягваем выціскаць ворага на Херсоншчыне, дзе ён ужо мяняе рубяжы абароны на больш глыбокія», — паведаміла ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк.
Паводле яе, украінскія сілы ўзмацнілі агнявы кантроль, які істотна ўплывае на магчымасьці расейцаў працягваць баявыя дзеяньні — гэта зьнішчэньне боепрыпасаў і тэхнікі.
Натальля Гумянюк таксама дадала, што расейскія вайскоўцы пачалі вывозяць свае сем’і і рэчы, якія пасьпелі перавезьці ў Херсон.
«Гэта сьведчыць аб тым, што яны ня будуць заставацца, і ў іх ёсьць разуменьне, што трэба ратаваць сябе ў першую чаргу. Аб гэтым кажуць і палонныя, якіх мы бярэм у палон», — дадала яна.
Удары па энэргетычных аб’ектах у Львове і Віньніцы
У Львове ў выніку абстрэлаў расейскім войскам 30 % горада засталося без сьвятла і вады.
Паводле мясцовых уладаў, ракеты пашкодзілі яшчэ два энэргетычныя аб’екты. Кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі сьцьвярджае, што перабоі са сьвятлом магчымыя і ў шэрагу гарадоў рэгіёну. Ёсьць перабоі з мабільнай сувязьзю. У Львове адзін чалавек траўмаваны.
У Віньніцкай вобласьці выбухнулі дзьве ракеты. Аб разбурэньнях і ахвярах пакуль не паведамляюць.
Паводле сьпікера Паветраных сіл Украіны Юрыя Ігната, сёньня СПА зьбілі 18 ракет і 8 дронаў-камікадзэ. Паводле яго, ад пачатку ракетнай атакі 11 кастрычніка сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 14 крылатых ракет.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі склікаў Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага. На сустрэчы з вайсковым камандаваньнем абмеркавалі актуальную сытуацыю на фронце і новыя ракетныя ўдары Расеі па непрыфрантавых гарадах, адзначылі высокую эфэктыўнасьць супрацьпаветранай абароны.
Апроч таго, удзельнікі Стаўкі абмеркавалі крокі для далейшай дэакупацыі тэрыторый, захопленых расейскімі войскамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёрты дзень пад інтэнсіўнымі абстрэламі застаецца Запарожжа, цэнтар украінскай вобласьці, якую Расея хоча анэксавацьВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.