У нядзелю, 9 кастрычніка, у тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн» зьявілася відэа перавозкі танкаў праз чыгуначную станцыю Ворша-Цэнтральная.
Тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников» публікуе дадзеныя аб перамяшчэньні цягнікоў праз станцыю Урэчча Любанскага раёну Менскай вобласьці. Паводле зьвестак аўтараў, 30 верасьня 72 парожнія вагоны-плятформы, якія належаць «Фэдэральнай грузавой кампаніі», адправіліся ў Беларусь з расейскай станцыі Готня ў Белгарадзкай вобласьці. На станцыю Ўрэчча састаў прыбыў 1 кастрычніка.
«У прамежку з 1 па 9 кастрычніка на станцыі Ўрэчча вялася пагрузка асноўных баявых танкаў Т-72А на плятформы. 9 кастрычніка першая група гружаных плятформаў у колькасьці 20 адзінак адправілася на станцыю Ўсьпенская», — паведамляюць чыгуначнікі.
Менавіта ў пасёлку Ўрэчча знаходзіцца 969-я база рэзэрву танкаў Беларусі.
Станцыя Ўсьпенская, куды, паводле зьвестак чыгуначнікаў, накіроўваецца вайсковая тэхніка, знаходзіцца ў пасёлку Авіла-Ўсьпенка Растоўскай вобласьці. Ён вельмі блізка да расейска-ўкраінскай мяжы. Таксама тэлеграм-канал сьцьвярджае, што далей вагоны з тэхнікай накіруюць у Данецк. Згодна з плянам, яны павінны 19 кастрычніка прыбыць у горад, акупаваны Расеяй з 2014 году.
Тэлеграм-канал сілавікоў рэжыму Лукашэнкі «Невольфович» напісаў, што тэхніку на Данбас не адпраўлялі, а толькі накіравалі на мадэрнізацыю.
Аднак, як заўважылі вайсковыя экспэрты, асноўны тып танкаў, якія стаяць на ўзбраеньні ў Беларусі, — Т-72Б. Танкі Т-72А — старая мадэль.