Як высьветлілася, пытаньне толькі ў цэнах. А яны немалыя.
Пасылкі, бандэролі, лісты зь Беларусі ў далёкае і блізкае замежжа можна слаць рознымі спосабамі. Самы распаўсюджаны — празь «Белпошту». Ёсьць яшчэ розныя кур’ерскія службы кшталту FedEx, DPD, лягістычны апэратар Pony Express, прыватныя службы дастаўкі.
У кожнага перавозчыка свае патрабаваньні да вагі паштовых адпраўленьняў. «Белпошта», да прыкладу, дазваляе адпраўляць пасылкі вагой ад 100 грамаў да 20 кіляграмаў, а DPD — толькі да 5 кіляграмаў. У кожнага і свае тарыфы.
У Фінляндыю і Ўкраіну — нічога, у Швэцыю і Данію — толькі лісты
З 1 кастрычніка «Белпошта» аднавіла пералік краінаў, куды зь Беларусі можна дасылаць тэрміновыя лісты і экспрэс-пасылкі (EMS), а таксама звычайную карэспандэнцыю і пасылкі
З гэтага пераліку вынікае, што ў большасьць нават самых экзатычных краінаў зь Беларусі можна пасылаць пісьмовую карэспандэнцыю, пасылкі, бандэролі. Аднак ёсьць і выключэньні.
Натуральна, у сувязі з вайной «Белпошта» зусім не прымае карэспандэнцыі ва Ўкраіну.
У канцы сакавіка дастаўку паштовых грузаў у Беларусь і Расею прыпыніў швэдзка-дацкі апэратар Post Nord. Крыху раней, у канцы лютага, пра аналягічнае рашэньне ў зьвязку з вайной ва Ўкраіне абвясьцілі іншыя кур’ерскія службы і лягістычныя кампаніі, кшталту FedEx і United Parcel Service.
У Данію, Швэцыю цяпер зь Беларусі можна слаць толькі пісьмовую карэспандэнцыю, а вось пасылкі і бандэролі — не. Не прымаюць пасылак і бандэроляў таксама ў Манака, Лібію.
Пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай дзяржаўная паштовая кампанія Фінляндыі Posti абвесьціла, што цалкам прыпыняе паштовыя зносіны з Расеяй і Беларусьсю «да далейшага паведамленьня». Рашэньне прынялі «ў выключных абставінах у адпаведнасьці з пагадненьнямі ў межах Усясьветнага паштовага зьвязу», патлумачыла Postі. Так што цяпер у «Белпошты» наагул няма зносін зь Фінляндыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскі«Пастаянна мяняюцца патрабаваньні і правілы», — «Белпошта»
Супрацоўніца аднаго з аддзяленьняў сувязі сталіцы на ўмовах ананімнасьці патлумачыла, што ў параўнаньні з даковіднымі часамі істотна павялічыўся час дастаўкі карэспандэнцыі.
«Зьмянілася лягістыка дастаўкі карэспандэнцыі. Адмененыя многія цягнікі ў суседнія краіны, кшталту Літвы, Польшчы, менш цягнікоў стала і ў Расею. Таксама гэта зьвязана і з абмежаваньнем колькасьці авіярэйсаў пасьля інцыдэнту з пасадкай у Менску самалёта авіякампаніі Ryanair.
Таму не зьдзіўляйцеся, калі вы на нашым сайце будзеце сачыць за сваім адпраўленьнем і пабачыце, што, напрыклад, пасылка зь Нідэрляндаў у Беларусь будзе ісьці праз Стамбул альбо Абу-Дабі. Днямі прыйшоў хлопец і скандаліў, што зь Нідэрляндаў пасылка ішла 2 месяцы, але, калі правялі расьсьледаваньне, высьветлілася, што яна затрымалася на мытні ў саміх Нідэрляндах», — расказала супрацоўніца «Белпошты».
Пастаянна мяняюцца патрабаваньні і правілы, працягвае яна. Таму трэба ўсё ўдакладняць перад тым, як адпраўляеш. Ёсьць краіны, куды, напрыклад, нельга слаць ужываныя рэчы, і шмат іншых нюансаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вачах наведнікаў было спачуваньне, у сацыяльных сетках — неразуменьне». У Бучы адкрылася выстава пра беларускіх палітвязьняў. ФОТА«Пераслаць канвэрт у Польшчу каштуе 10 даляраў, пасылку — ад 10 даляраў»
У Ільлі дзеці вучацца за мяжой: адна дачка ў ЗША, другая — у Польшчы. Пастаянна просяць штосьці тэрмінова прыслаць.
«Мы дзецям бясконца то дакумэнты, то нейкія рэчы шлём. Пераважна ў Польшчу, бо сёлета дачка падавала дакумэнты ў некалькі ўнівэрсытэтаў. Пераслаць проста канвэрт з дакумэнтамі ў Польшчу каштуе ў межах 10 даляраў. За невялічкую пасылку давялося заплаціць каля 40 даляраў. Ведаю, што нядаўна паштовыя паслугі яшчэ падаражэлі.
Звычайная пошта менш за два тыдні ў Польшчу не ідзе. Калі трэба хутчэй, дык высылаем экспрэс-поштай (EMS), гэта даволі дорага.
Ад другой дачкі дакумэнты пакетам са Злучаных Штатаў прыходзілі ў Беларусь — праўда, ішла карэспандэнцыя больш за месяц.
Але, выглядае, што зьмесьціва ўсё ж правяраюць на „экстрэмізм“», — расказаў Ільля.
Таксама ён часьцяком шле бандэролі ў Расею. Кажа, што ў Маскву ўсё даволі хутка даходзіць.
«Днямі дасылаў сябру кнігу — яна была даволі тоўстая, дык „заважыла“ на 20 рублёў».
Беларуска Ганна, якая стала жыве ў Польшчы, пэрыядычна шле паштоўкі беларускім палітвязьням. Але яна ня ведае, ці даходзяць яны да Валадаркі. Ганна непрыемна ўражаная высокімі цэнамі на паштовыя адпраўленьні з Польшчы ў суседнюю Беларусь.
«За 10 паштовак на Новы год палітвязням з Варшавы ў Беларусь заплаціла 120 злотых (больш за 3 даляры за перасылку адной паштоўкі паводле тагачаснага курсу). Ды і самі паштоўкі нятанныя. Думала, будзе менш, дык зь першага разу ўдалося адправіць толькі 5 паштовак, грошай не хапіла. Пэрыядычна шлю паштоўкі і на дні народзінаў — нядаўна тарыфы зноў вырасьлі. А што паробіш?» — кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават самыя моцныя людзі, калі ім блякуюць перапіску, пачынаюць думаць, што пра іх забыліся». Як ізалююць палітвязьняў