«Зь іх 226 жанчын, 260 мужчын, 19 дзяцей, у 13 зь якіх ня вызначылі пол. І парэшткі 29 асобаў, якія не апазнаныя. Гэта з улікам целаў, якія знайшлі ў Ізюме», — паведаміў на брыфінгу ў Харкаве начальнік сьледчага ўпраўленьня паліцыі Харкаўскай вобласьці Сяргей Болвінаў.
Паводле яго, у часе апрацоўваньня вызваленых населеных пунктаў у вёсцы Пяскі-Радзькоўскія Ізюмскага раёну знайшлі яшчэ адну катоўню, якую зрабілі расейскія войскі ў падвале аднаго з прыватных дамоў.
«У гэтым падвале расейцы трымалі цывільнае насельніцтва і палонных і катавалі іх. Маем сьведак, якія паведамілі, што з гэтага падвалу чулі крыкі аб дапамозе, просьбы вызваліць. Часам людзі прасіліся ў туалет. Пасьля такіх крыкаў мясцовыя жыхары чулі аўтаматныя стрэлы, пасьля якіх крыкі спыняліся», — паведаміў Сяргей Болвінаў.
Паводле яго, сярод доказаў сьледчыя знайшлі плястыкавыя хамуцікі і вяроўкі, якія расейцы выкарыстоўвалі, каб зьвязваць рукі або ногі, фаляімітатар, вайсковыя курткі, падобныя да ўкраінскай форме, паперы з «паказаньнямі» ваеннапалонных, жэтон украінскага вайскоўца.
«Сярод доказаў мы знайшлі плястыкавы кантэйнэр, што нас уразіла, з зубнымі пратэзамі шэрага і жоўтага колеру і рэшткамі зубоў, якія накіравалі на правядзеньне малекулярна-генэтычнай экспэртызы, каб вызначыць, каму належаць рэшткі гэтых зубоў», — удакладніў прадстаўнік паліцыі Харкаўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя сям’і з Ізюму, тры пакаленьні якой забілі расейскія акупантыУ той жа час, паводле яго, сьледзтва правярае магчымасьць таго, што гэтыя зубныя пратэзы маглі належаць прафэсійнаму дантысту.
Сяргей Болвінаў дадаў, што група расейскіх вайскоўцаў, якая дысьлякавалася ў вёсцы Пяскі-Радзькоўскія, «працавала» і ў прылеглых раёнах — затрымлівала цывільных, якіх называлі наводчыкамі, трымала іх у падвале, дзе іх білі і катавалі.
Знойдзеная катоўня стала ўжо 22-й выяўленай на дэакупаванай тэрыторыі Харкаўскай вобласьці.
Сяргей Болвінаў паведаміў, што практычна ў кожным паселішчы расейцы стваралі адмысловыя памяшканьні, дзе трымалі палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных. Паводле яго, найчасьцей расейцы катавалі электрычным токам і моцным біцьцём.
«Ёсьць факты, калі зьдзіралі пазногці. Ёсьць іншыя жахлівыя факты, у тым ліку і выкарыстаньне процігазаў для задушэньня, і іншыя катаваньні», — адзначыў паліцыянт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі аб вызваленьні з пачатку контранаступу 421 населенага пунктуЯк доказ ён прывёў частку паказаньняў 67-гадовага мужчыны з Ізюму, якога расейцы моцна білі ў часе «допыту», зламалі яму руку і працягвалі дапытваць пасьля таго, як яму працягнулі пад скурай паміж лапаткамі на сьпіне роварную сьпіцу, патрабуючы прызнацца ў тым, што карэктаваў нанясеньне ўдараў па пунктах базаваньня расейскіх войскаў.
«На жаль, такіх гісторыяў вельмі шмат. У часе папярэдняга агляду целаў, знойдзеных у месцы масавага пахаваньня ў Ізюме, мы фіксавалі зьвязаныя рукі за сьпінамі, кулявыя раненьні ў галаву, а таксама былі целы з парэзамі ў пахвіне», — дадаў Сяргей Болвінаў.
Паводле яго, таксама зафіксаваныя факты згвалтаваньня жанчын як у катоўнях, так і за іх межамі.
Праваахоўныя органы Ўкраіны пры дапамозе калег з Францыі і Польшчы дакумэнтуюць ваенныя злачынствы расейскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, патрабуе міжнароднага трыбуналу над РасеяйВа ўмовах ваенных дзеяньняў апэратыўна праверыць гэтую інфармацыю немагчыма. Расейскі бок адмаўляе факты катаваньняў. У верасьні сьледчая камісія ААН у справе Ўкраіны прыйшла да высновы, што расейскія войскі чыняць на тэрыторыі Ўкраіны масавыя ваенныя злачынствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выснова Сьледчай камісіі ААН: «Расейская армія ўчыняе ваенныя злачынствы ў вялізарным маштабе»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.