Улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску

Хрысьціянскі сацыяльны цэнтар у Менску

Пра рашэньне ўладаў закрыць школу, якая арандавала памяшканьне ў Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры «Місія добрага самараніна» ў Менску з 30 жніўня 2022 году.

Хрысьціянскі сацыяльны цэнтар «Місія добрага самараніна» — рэлігійная арганізацыя, якая падпарадкоўваецца кіраўніку Каталіцкай царквы ў Беларусі. У ім ёсьць капліца, а таксама тут арандавала памяшканьні прыватная навучальная ўстанова, якая фарматам падобная да групы падоўжанага дня або прыватнай школы ці садка. Туды прымалі і мусульман, і атэістаў. Перацягваць у сваю канфэсію там было забаронена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атака на Каталіцкую царкву. Улады забіраюць у каталікоў Чырвоны касьцёл, закрылі школу ў Хрысьціянскім цэнтры

Крыніца Свабоды пацьвердзілі, што закрылі сацыяльную і адукацыйную часткі, а ня сам цэнтар, дзе знаходзіцца капліца.

31 жніўня цэнтар разарваў дамову са школай, усе супрацоўнікі былі звольненыя, а бацькам было паведамлена, што дзеці больш ня могуць наведваць там заняткі.

Школа працавала з 2018 году, яе наведвалі дзясяткі дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Дзеці наведвалі мастацкія, музычныя, танцавальныя, тэатральныя заняткі. Дзеці школьнага ўзросту вывучалі матэматыку, мовы, гісторыю ды ўсе навукі, якія выкладаюць у звычайнай школе. Кожнае дзіця мела свой асабісты расклад. Навучаньне вялося па-беларуску.

Перасьлед каталікоў у Беларусі пасьля 2020 году

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за народнымі выступамі.

Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які тады быў мітрапалітам Менска-Магілёўскім, улады амаль 4 месяцы з надуманых прычын не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Пытаньне было вырашана на ўзроўні Лукашэнкі і Папы Францішка пры пасярэдніцтве дыпляматаў дзьвюх краінаў — беларускаму герарху дазволілі ўехаць у краіну напярэдадні Калядаў, 24 сьнежня 2020 году.

Аднак празь 10 дзён, 3 студзеня 2021 году, у дзень 75-годзьдзя Кандрусевіча, Папа Рымскі адправіў яго на пэнсію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі
  • У сярэдзіне лета 2021 году праз адміністрацыйны і пэрспэктыву крымінальнага перасьледу Беларусь пакінуў пробашч парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласьць) ксёндз Вячаслаў Барок.
  • У канцы сакавіка 2022 году зь Беларусі зьехаў пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах (Віцебская вобласьць) ксёндз Анджэй Бульчак, грамадзянін Польшчы, да якога таксама ў сілавікоў узьніклі прэтэнзіі.
  • У красавіку затрымалі і пасьля аштрафавалі за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» пробашча парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках (Магілёўская вобласьць) ксяндза Андрэя Кеўліча і пробашча парафіі сьвятога Казіміра ў Стоўпцах (Менская вобласьць) ксяндза Ігара.
  • У пачатку ліпеня з той жа прычыне аштрафавалі пробашча парафіі сьвятога Яна Паўла ІІ у Смаргонях (Горадзенская вобласьць) ксяндза Яўгена Учкуроніса.
  • У сярэдзіне ліпеня затрымалі пробашча парафіі Сьвятога Духа ў Віцебску ксяндза Андрэя Вашчука. Пасьля яго арыштавалі ўвогуле на 30 сутак — за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» і «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Касьцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысьціянам розных канфэсій»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Год гістарычнай памяці можа стаць годам памінак». Вялікае інтэрвію з ксяндзом Вячаславам Барком