Аб запуску КНДР балістычнай ракеты паведамляе Yonhap са спасылкай на заяву паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў. Пасьля агенцтва ўдакладніла, што гаворка ідзе пра дзьве ракеты малой далёкасьці. Аб пуску снарада, які, магчыма, зьяўляецца балістычнай ракетай, заявілі і ва ўрадзе Японіі, перадае Kyodo. Паводле дадзеных NHK, ён упаў за межамі японскай выключнай эканамічнай зоны.
Прэм'ер-міністар Японіі Фуміё Кісіда назваў неаднаразовыя запускі ракет Паўночнай Карэяй на працягу кароткага прамежку часу «абсалютна непрымальнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над Японіяй праляцела балістычная ракета КНДР, пабіўшы рэкорд далёкасьціУ КНДР заявілі, што іх ракетныя запускі ў апошнія дні – справядлівы адказ на сумесныя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі, перадае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК). Адзначаецца, што МЗС КНДР рашуча асудзіла ЗША і іх саюзьнікаў за спробы ўзьняць тэму ракетных пускаў на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН. На думку паўночнакарэйскага ведамства, ракетныя пускі КНДР, зробленыя ў апошнія 14 дзён, былі «справядлівымі мерамі супрацьдзеяньня з боку Карэйскай народнай арміі».
- Гэта ўжо шосты пуск ракеты КНДР з 25 верасьня. 4 кастрычніка ў Японіі заявілі, што Паўночная Карэя запусьціла ў яе бок балістычную ракету.
- Улады Японіі пасьля гэтага пуску абʼявілі паветраную трывогу. Урад выпусьціў перасьцярогу, рэкамэндаваўшы жыхарам паўночных раёнаў схавацца ў бамбасховішчах або трывалых будынках. У якасьці засьцярогі на поўначы краіны быў прыпынены рух хуткасных цягнікоў.