Пасьля гэтага дзяржаўная прапаганда, наадварот, стала часьцей згадваць пра «беларускасьць» Вільні і Беластоку.
Азаронак называе Вільню «часова акупаваным горадам»
Прычым гучаць такія словы ня толькі з ананімных тэлеграм-каналаў, але і на дзяржаўнай тэлевізіі.
«Беласточчына — гэта наша тэрыторыя, як бы хто ні казаў. Палякі зараз узвыюць, калі паглядзяць нашу перадачу», — сказаў у эфіры АНТ аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Аўдонін.
«Мы ім проста падарылі гэтую тэрыторыю», — адказаў Аўдоніну кіраўнік тэлеканалу АНТ Марат Маркаў.
Падобныя матывы прысутнічалі і ў шоў «Па сутнасьці» на тэлеканале СТБ. Гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў з Магілёва Ігар Марзалюк казаў наступнае:
«Калі Беласточчыну, нашу беларускую Беласточчыну, падарылі палякам пасьля Другой сусьветнай вайны, вельмі цікавая рэакцыя беларускага этнічнага насельніцтва той тэрыторыі: людзі зьбіралі подпісы і прасілі не разрываць іх з БССР».
Але найбольш у гэтым кірунку шчыруе тэлевядоўца Рыгор Азаронак. Ён проста называе Вільню «часова акупаваным горадам».
«Ну і дарэчы. Тайвань — Кітай. Крым — Расея. Косава — Сэрбія. Беласток — Беларусь», — прамым тэкстам піша Азаронак. Таксама прапагандыст казаў, што «запускаецца працэс вяртаньня Вільні ў родную гавань».
«Вялікая Беларусь будзе прырастаць Беластокам», — гэта таксама цытата з тэлеграм-канала Рыгора Азаронка.
Зьнянацку пытаньне ад нібыта чытача свайго канала задала журналістка «Советской Белоруссии» Людміла Гладкая.
«Добры дзень, наступны раз задайце, калі ласка, прадстаўнікам Эўразьвязу ў Курапатах пытаньне: калі нам вернуць назад Беласток і Вільню?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік унутраных войскаў Карпянкоў: «Апазыцыя за мяжой — шалёныя сабакі, яны заслугоўваюць сьмерці»«Межы пераглядаць ня трэба»
Пра тое, чаму беларуская прапаганда ўзяла на ўзбраеньне такія падыходы, Свабода пагутарыла з гісторыкам, рэдактарам часопіса «Наша гісторыя» Аляксандрам Пашкевічам.
— Чаму ў прапагандысцкіх наратывах усё часьцей і часьцей чуваць пра тое, што Вільня і Беласток — гэта беларускія гарады?
— Вільня і Беласток як беларускія гарады ў прапагандысцкіх наратывах — гэта не паказчык нейкіх рэальных рэваншысцкіх намераў беларускага рэжыму. Гэта вынік беспрэцэдэнтна моцнага пагаршэньня на дадзеным гістарычным этапе палітычных адносін зь Літвой і Польшчай.
Паколькі ўлады гэтых краін занялі бескампрамісную пазыцыю адносна Лукашэнкі і ягонага рэжыму, то іх і стараюцца ўкалоць любымі сродкамі. Нейкія контрасанкцыі ў адказ на санкцыі, стварэньне мігранцкага крызісу на межах, ліквідацыя ў Беларусі польскай і літоўскай нацыянальнай адукацыі... Сьпіс можна доўжыць. У тым ліку ідуць у ход і спробы змаганьня на гістарычным полі.
Самыя прыкметныя акцыі такога кшталту — зьнішчэньне ў Беларусі польскіх вайсковых пахаваньняў, якое набыло ўжо масавы і сыстэмны характар. Гэта дэманстратыўнае змаганьне зь мінуўшчынай, каб паказаць дулю сучасьнікам. І згадкі пра нібыта беларускасьць Беластоку і Вільні — з той жа самай опэры. Толькі што тут рукамі не дацягнуцца, дык даводзіцца абыходзіцца толькі рыторыкай.
— Ці можа тут паўтарыцца сытуацыя з Расеяй, дзе таксама доўгі час укладвалі ў галовы, што Крым — гэта Расея?
— Не, гэта выключана. Рэч у тым, што любая прапаганда сапраўды дзейная і эфэктыўная толькі тады, калі яна кладзецца на матрыцы, якія ўжо ёсьць у галовах. Зусім на роўным месцы ёй цяжка нешта стварыць. Расейскім прапагандыстам не даводзілася ўкладаць большасьці расейцаў у галовы, што Крым — гэта Расея, бо тыя і без таго так лічылі. Той жа Севастопаль як горад расейскай вайсковай славы прысутнічаў у масавым уяўленьні, збольшага ўсе ведалі, што паўвостраў Украіне «падарыў» Хрушчоў, адабраўшы ў Расеі... Дый сам Крым меў такі сучасны склад насельніцтва, што дазваляў яго ўспрымаць як «сваё», несправядліва адабранае. Прапагандыстам заставалася, абапіраючыся на ўсё гэта, толькі далей накручваць людзей, гуляць на імпэрскіх фантомных болях — і гэта ў выніку дало свае горкія плады. Тое ж тычыцца і іншых рэгіёнаў Украіны, асабліва расейскамоўных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вільня, Саколка, Вяліж. Беражэм беларускія назвы і па-за межаміЗь Вільняй і Беластокам у беларускай народнай сьвядомасьці ўсё зусім інакш. Скажам шчыра, сярэдні беларус ня мае да іх асаблівых сантымэнтаў і не ўспрымае як нешта адвеку сваё, але несправядліва страчанае. Ён не прывязаны да гэтых тэрыторый эмацыйна, і нават тую ж Вільню пераважная большасьць называе Вільнюсам ды без асаблівых узрушэньняў прымае пачутыя факты пра колішнюю значную прысутнасьць беларускасьці ў горадзе ды ваколіцах. Увогуле беларусы народ не імпэрскі, і цяперашняя дзяржаўная тэрыторыя іх цалкам задавальняе, ім у сучасных межах зусім ня цесна. Тым больш што, паехаўшы ў сучасныя Беласток і Вільню, яны ня бачаць там простым вокам нічога беларускага — то з чаго б ім і марыць пра іх «вяртаньне»?
Ёсьць, вядома, пэўная колькасьць людзей, якія як «нармальныя» нацыяналісты спрабуюць праводзіць думку, што «Вільня наша» ці «Беласток наш», і робяць гэта не па службовых абавязках, а ад душы. Але такіх людзей, па-першае, жменька і ўплывы іх мізэрныя, а па-другое, яны акурат не кліенты дзяржаўнай прапаганды, бо ад пачатку знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму. То бок нават іх прапагандысты сваім кантэнтам не мабілізуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні— А можа, яны маюць рацыю і так гаварыць сапраўды слушна, што Вільня і Беласток нашы?
— Гэта зь якога боку глядзець. Вядома, і Вільня, і Беласток — гарады, вельмі моцна зьвязаныя зь беларускай гісторыяй і культурай. І з гэтага пункту гледжаньня яны, безумоўна, «нашы», чаго не адмяніць. Таму можна толькі вітаць любыя намаганьні, скіраваныя на тое, каб уключыць гэтую спадчыну ў наш гістарычны кантэкст, тым больш што і адэкватнае ўспрыманьне гісторыі са штучным адсячэньнем гэтых тэрыторый, успрыманьнем іх як нечага іншароднага, немагчымае.
Да таго ж і беларускія супольнасьці існуюць дагэтуль і там, і тут, прытым, найперш на Беласточчыне, яны падсілкоўваюцца ня толькі выхадцамі зь цяперашняй Беларусі, а мясцовымі ўраджэнцамі. На ўсё гэта нельга заплюшчваць вочы, і калі б беларуская дзяржава проста падтрымлівала суродзічаў за мяжой у іх намаганьнях сябе захаваць ды рупілася пра захаваньне нацыянальнай спадчыны па-за межамі краіны, то гэта добра і пазытыўна, так і мае быць. Усе цывілізаваныя дзяржавы так і робяць.
Але вывад усяго гэтага ў палітычную сфэру, пастаноўка пытаньняў пра перагляд межаў — падыход скрайне шкодны, дэструктыўны ды нават і проста злачынны, улічваючы, якія наступствы падобныя інтэнцыі выклікаюць. Нічога, апрача пакут і крыві, гэта не дае. Межы, якія воляй лёсу склаліся ў нашым рэгіёне, ня трэба пераглядаць. Варта толькі імкнуцца да таго, каб яны не складалі перашкоды ў перасоўваньні, як гэта ёсьць у большай частцы сучаснай Эўропы. Калі зь Менску ў тую ж Вільню можна было б у любы час паехаць бязь візаў і памежна-мытных кантроляў, каб там наведаць усе беларускія месцы, то ці так ужо важна, які сьцяг лунае на гары Гедзіміна?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імем— Чаму прапаганда пастаянна абвінавачвае Польшчу, што яны лічаць Горадню і Берасьце польскімі, але самі робяць тое самае ў дачыненьні да Беластоку і Вільні?
— Таму што лукашэнкаўская прапаганда, як і сам гэты рэжым, выключна хлусьлівая і амаральная. Уся гэтая сыстэма трымаецца на татальнай хлусьні, а таму і лёгікі асаблівай у яе словах ды дзеяньнях шукаць не выпадае. Да таго ж як улады, так і прапагандысты ва ўмовах адсутнасьці прававой дзяржавы прызвычаіліся дзесяцігодзьдзямі не адказваць за свае словы і дзеяньні. Яны сьвята вераць, што сіла ў нахабстве і цынізьме. Таму так сябе і паводзяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віленскі покер»: раман пра Вільню, дзе няма месца для беларусаў