Сустрэча адбылася падчас Варшаўскага форуму аб бясьпецы 4 кастрычніка.
Ціханоўская расказала Маравецкаму пра падрыхтоўку пляну «Перамога», яны абмеркавалі пытаньне рэгістрацыі кабінэту ў Польшчы, а таксама канфэрэнцыю АБСЭ, якая мае адбыцца ў сьнежні ў Лодзі.
Сёньня раней: Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога»Падчас сустрэчы гаварылася пра пытаньне ідэнтычнасьці і культуры. Прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык гаварыла пра беларускія садкі і школы ў Польшчы, у адказ ёй было паведамлена, што польскі бок цалкам падтрымлівае яе ініцыятывы. Ішла размова пра сынхранізаваныя санкцыі Захаду, каб у рэжыму не было магчымасьці іх абыходзіць і зарабляць на нейкіх схемах.
Пасьля сустрэчы з польскім прэм'ер-міністрам Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі на тэму «Жанчыны ў сыстэме міжнароднай бясьпекі» разам з Вольгай Стэфанішынай, віцэ-прэм’ерам Украіны ў справах Эўропы і Эўраатлянтычнай інтэграцыі, і Кэтрын Эштан, супрацоўніцай Цэнтру Вудра Вільсана, былой Вярхоўнай прадстаўніцай, віцэ-прэзыдэнткай Эўракамісіі (2009–2014).
«З майго досьведу, жанчыны больш моцныя, чым пра іх думаюць, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Калі ўсё пачыналася, для мяне было важна паказаць, што ў мяне ёсьць сіла супрацьстаяць. І я працягваю гэтае супрацьстаяньне. Маё жыцьцё поўнае болі і страху. У Беларусі людзей затрымліваюць, людзей катуюць. Шмат цудоўных жанчын ахвяравалі сваёй свабодай, такія як Марыя Калесьнікава і Антаніна Канавалава. Для нас важна дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў. І я разумею сваю адказнасьць за сваіх дзяцей, і ўсіх дзяцей, каб яны былі ў свабоднай краіне і не баяліся».
Раней 4 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская наведала офіс арцыбіскупа Варшавы кардынала Казімежа Ныча. Як расказаў Свабодзе старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, размова ішла пра тое, каб адкрыць у Польшы беларускую парафію і дапамагчы беларусам-каталікам як у Беларусі, так і ў Польшчы.
Арцыбіскуп запэўніў у падтрымцы касьцёлам таго, што робяць беларусы ў змаганьні за свабоду, паведаміў Вячорка. Арцыбіскуп паабяцаў, што будзе служыць беларускую службу на пачатку адвэнту. Падчас сустрэчы гаварылі і пра тое, што касьцёл сьвятога Аляксандра ў цэнтры Варшавы перададзены ў карыстаньне беларускім вернікам.
Падчас сустрэчы Ціханоўскай зь міністрам замежных спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманам ішла размова пра праграмы рэабілітацыі для дзяцей палітвязьняў, якія будуць неўзабаве запушчаныя. Такія праграмы дапамогі ўжо працуюць з Італіяй.
Ролю Беларусі ў вайне, абарону незалежнасьці і сытуацыю з палітвязьнямі Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала з амбасадарам ЗША ў АБСЭ Майклам Карпэнтэрам.
Карпэнтэр добра абазнаны ў сытуацыі ў Беларусі, бываў у Менску, сустракаўся з Лукашэнкам, арганізоўваў слуханьні па Беларусі ў АБСЭ.
Падчас сустрэчы з дэмакратычнай лідэркай Беларусі сэнатар-дэмакрат Крыстафэр Мёрфі гаварыў пра разуменьне таго, што сытуацыя ў Беларусі і вайна ва Ўкраіне — гэта адзін крызіс. Патрабаваньне вываду расейскіх войскаў зь Беларусі, большы санкцыйны ціск на рэжым і падтрымка грамадзянскай супольнасьці Беларусі — гэта тры рэчы, паводле Ціханоўскай, празь якія ЗША могуць дапамагчы Беларусі.