Як паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Кабінэту, 4 кастрычніка яго прадстаўнікі сабраліся ў Варшаве ў поўным складзе, каб правесьці сэрыю працоўных сустрэч.
Падчас сустрэчы прадстаўнікі заявілі, што плян «Перамога» дапрацаваны, і вырашылі пачынаць рыхтаваць да яго беларусаў.
«На першай сустрэчы быў прапрацаваны блёк абарончай стратэгіі, — гаворыцца ў паведамленьні. — Дапрацаваны плян „Перамога“, вызначана ступень яго гатоўнасьці да актывізацыі. Прынята рашэньне аб пачатку падрыхтоўкі насельніцтва да рэалізацыі пляну».
Таксама Кабінэт заявіў, што да яго далучыліся «некалькі актыўных прадстаўнікоў праваахоўных органаў у афіцэрскім званьні». Хто гэтыя людзі, не ўдакладняецца.
Акрамя гэтага, паводле інфармацыі Кабінэта, дапрацаваны плян адкрыцьця навучальных цэнтраў для ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленьні законнасьці і правапарадку ў Беларусі (харугваў). Кіраваць імі будуць Аляксандар Азараў і Валер Сахашчык. А знаёміць з нацыянальнай культурай і гісторыяй — Алена Коўшык.
Сярод іншага прадстаўнікі абмеркавалі ўсталяваньне афіцыйных адносін з Украінай, плян матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня беларускіх валянтэраў ва Ўкраіне, кандыдатуры на пасаду прадстаўніка Кабінэта па сацыяльных пытаньнях. А таксама ўмацаваньне міжнароднай кааліцыі падтрымкі Беларусі ў пераходны пэрыяд: міжнароднае прызнаньне Кабінэта і атрыманьне фінансавай падтрымкі Беларусі.
Што такое плян «Перамога»
- Стратэгічная апэрацыя «Перамога» – комплекс захадаў па аднаўленьні канстытуцыйнага ладу і папярэджаньні пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь.
- Гэты плян у жніўні 2021 году распрацавалі колішнія супрацоўнікі беларускіх спэцслужб, якія адмовіліся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе.
- Плян прадугледжвае мабілізацыю грамадзян, каб папярэдзіць правакацыі і дапамогу нелегітымнай уладзе Лукашэнкі з боку суседніх дзяржаў і не дапусьціць разьвязаньня ўнутранага канфлікту ў Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай падтрымаў гэты плян і дапрацаваў яго, вызначыўшы ступень яго гатоўнасьці да актывізацыі.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
Гэтага патрабавалі ад яе многія іншыя апазыцыйныя фігуры.
У складзе Кабінэту, сярод іншых, працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.