Пад Фаніпалем перакуліўся аўтобус: пацярпелі 15 чалавек, 7 у шпіталі

Аўтобус, што перакуліўся пад Фаніпалем 4 кастрычніка 2022

У выніку дарожна-транспартнага здарэньня пад Фаніпалем у Менскай вобласьці раніцай 4 кастрычніка пацярпелі пятнаццаць чалавек, у тым ліку жыхары Нямеччыны, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

У ведамстве заявілі аб сутыкненьні легкавога аўтамабіля, пагрузчыка і рэйсавага аўтобуса фірмы Ecolines на трасе Р1, ад чаго апошні перакуліўся.

«Па папярэдняй інфармацыі спэцыялістаў хуткай мэдычнай дапамогі, якія працавалі на месцы аварыі, пацярпелі 15 чалавек, зь іх 7 шпіталізавалі: 6 у цяжкім і сярэднецяжкім стане са спалучанымі траўмамі. Пацярпелыя шпіталізаваныя ў лякарні Менску. Яшчэ 8 пацыентам аказалі мэдычную дапамогу на месцы. Працягваецца агляд пацыентаў», — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

На месцы здарэньня працуюць сем брыгад хуткай дапамогі, у тым ліку дзьве рэанімацыйныя.

Імаверна, кіроўца аўтобуса, рухаючыся па сярэдняй паласе, пры перастраеньні сутыкнуўся з пагрузчыкам. Аўтобус апынуўся ў кювэце і перакуліўся на бок, пагрузчык перакуліўся пасярод праезнай часткі, моцна пашкоджаны ззаду легкавік застаўся на ўзбочыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы аўтобус зь беларусамі трапіў у аварыю. Пацярпелых шпіталізавалі

Намесьнік галоўнага лекара па хірургіі гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ігар Шыманскі выказаўся наконт стану здароўя пацярпелых у ДТЗ з аўтобусам «Варшава — Менск» пад Фаніпалем.

«У лякарню брыгадамі хуткай мэдычнай дапамогі даставілі шэсьць пацярпелых. Яшчэ адна зь лёгкімі траўмамі зьвярнулася да нас сама. Зь сямі чалавек — адзін у найбольш цяжкім стане з траўмамі ніжніх канцавінаў і брушной паражніны. Сярод пацярпелых дзяцей няма. Усе пацыенты дарослага веку, два зь іх — жыхары Нямеччыны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адлегласьць ад Горадні да Беластоку цяпер мераецца не кілямэтрамі, а гадзінамі». Як беларусы перасякаюць мяжу з Эўразьвязам