«Гэта самыя цяжкія дадзеныя, якія мне даводзілася паведамляць у сваім жыцьці», — шчыра сказаў Вардамацкі.
Адбылося тры хвалі дасьледаваньняў: лічбы замяраліся ў сакавіку, траўні і верасьні. Апытаньне праводзілася па тэлефонах, мабільных і хатніх.
51,4% апытаных у верасьні адмоўна ставіліся да выкарыстаньня тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры Беларусі для рэалізацыі ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. У сакавіку гэтая лічба складала 61,8%. Колькасьць тых, хто падтрымлівае, за гэты час не зьмянілася, яна вагаецца ў межах 29%. Затое істотна вырасла колькасьць, каму цяжка адказаць на гэтае пытаньне: з 8,5% да 17,7%.
«Уплывае той мэдыйны канструкт, які атрымліваюць апытаныя. Многія ўпэўненыя, што расейская зброя працуе выключна па вайсковых аб’ектах, не закранае мірнай інфрастуктуры», — кажа Вардамацкі.
Па словах навукоўца, пранікненьне наратываў «русского мира» на сёньняшні дзень дастаткова вялікае.
«Гэта ня проста пранікненьне, а наступ. І недзяржаўныя СМІ яшчэ ніколі ў найноўшай гісторыі Беларусі не сутыкаліся з такімі выклікамі. Уплыў недзяржаўных СМІ зьмяншаецца», — зазначае навуковец.
Іншае падобнае пытаньне: «Як вы ставіцеся да таго, што дзейная ўлада дазволіла разьмясьціць расейскія войскі ў Беларусі?» У сакавіку сваё нэгатыўнае стаўленьне пацьвердзілі амаль 47% апытаных, а ў верасьні — толькі 39%. Пры гэтым зноўку ж практычна не зьмянілася стаўленьне тых, хто ставіцца станоўча: 45% у сакавіку, 42,5% у верасьні.
«Не адбываецца зьменаў геапалітычных арыентацый, каштоўнасных момантаў, зьвязаных з Расеяй. Малыя індыкатары не разьбіваюць цяжкія каштоўнасныя структуры. Гэта здавалася ў прынцыпе немагчымым, але мы бачым гэта», — зазначае сацыёляг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёляг Вардамацкі: Стаўленьне беларусаў да вайны ва Ўкраіне практычна не мяняецца, цікавасьць згасаеАдсутнасьць дынамікі заўважаецца і ў пытаньні, ці зьяўляецца Беларусь удзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Станоўча на гэтае пытаньне ў сакавіку адказалі 32% рэспандэнтаў, адмоўна — 31%. Варыянт «не зьяўляецца» ў сакавіку назвалі 63% апытаных, у верасьні — 60,4%.
«Я б хацеў зафіксаваць важны пункт: сутнасьць дынамікі беларускай грамадзкай думкі ў стаўленьні да вайны заключаецца ў яе адсутнасьці. Асноўныя пазыцыі сфармаваліся яшчэ ў сакавіку, яны захоўвацца на тым жа ўзроўні», — кажа Вардамацкі.
Не зьмяняецца стаўленьне адносна пазаблёкавага знаходжаньня Беларусі. Пра тое, што Беларусь не павінна ўваходзіць ні ў адзін вайскова-палітычны блёк, у сакавіку заявілі амаль 52% апытаных, а ў верасьні — 44%. Пры гэтым пазыцыі АДКБ (30% супраць 29%) і НАТО (4,7% супраць 5,4%) істотна не зьмянілася. Вырасла колькасьць рэспандэнтаў, якім цяжка адказаць на гэтае пытаньне: 10,7% у сакавіку і 18,5% у верасьні.
Цалкам ухваляюць дзеяньні Расеі ў вайне з Украінай 21,1% рэспандэнтаў, яшчэ 20,2% ухваляюць у цэлым. Агулам гэта 41,3%.
Цалкам не ўхваляюць 34,6%, у цэлым не ўхваляюць — 12,7%. Гэта 47,3%.
«Якому з бакоў узброенага канфлікту вы больш спачуваеце?» У траўні Ўкраіне спачувалі 50,3% апытаных, а ўжо ў верасьні — 33,9%. Расеі ў траўні спачувалі 21,1% рэспандэнтаў, а ў верасьні — 32%.
«Гэтыя зьвесткі змрочна гавораць самі за сябе», — ляканічна адказаў на гэта прафэсар Вардамацкі. «Расчараваньне ў чалавецтве, подых 1984-га», — такім слайдам навуковец скончыў сваю прамову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Велізарная колькасьць людзей проста загіне». Прафэсар Бандажэўскі пра тое, што можна, а чаго нельга зрабіць у выпадку ядзернага ўдаруВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.