Спойлер: шмат працэсаў ідзе праз «абразу Лукашэнкі або чыноўнікаў».
1. Юры Прахарэнка. Захварэў на фоне затрыманьня і зьбіцьця
Жыхар Гомля, грузчык.
Быў у дэпрэсіўным стане, меў панічныя атакі і псыхасаматычныя парушэньні.
Абвінавачаньне: «абразы Лукашэнкі, чыноўнікаў і судзьдзяў» у камэнтарах у інтэрнэце.
Правёў 4 месяцы ў СІЗА.
Вынік: прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.
Па справе Прахарэнкі праходзілі 23 пацярпелых. Яго вінавацілі паводле трох артыкулаў, зьвязаных з «абразамі прадстаўнікоў улады», бо ён пісаў пра іх камэнтары ў сеціве.
Сам абвінавачаны на судзе не прысутнічаў, ягоныя інтарэсы прадстаўляў бацька. Сваякі казалі, што малады чалавек быў у дэпрэсіўным стане, у яго заўважалі панічныя атакі і псыхасаматычныя парушэньні. За амаль 4 месяцы ў СІЗА Юры схуднеў больш як на 35 кіляграмаў.
Псыхіятрычная экспэртыза паказала, што псыхічны разлад разьвіўся на фоне затрыманьня, зьбіцьця і крымінальнага перасьледу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля, якога судзілі за камэнтары ў Telegram, будуць лячыць у псыхіятрычным шпіталіПрахарэнку затрымлівалі двойчы. Першы раз 11 жніўня 2020 году. Тады яго моцна зьбілі і далі 12 содняў арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Выпусьцілі праз тры дні. У другі раз яго затрымалі ў ліпені 2021 году, ён 4 месяцы правёў у СІЗА да рашэньня суду.
Суд пастанавіў «прыняць меры прымусовай бясьпекі і лячэньня, зьмясьціць Прахарэнку ў псыхіятрычны шпіталь пад агульны нагляд, да ачуньваньня».
2. Кірыл Пальчэўскі. «Кіраваў рухам транспарту»
22-гадовы жыхар Менску, мае лёгкую разумовую недастатковасьць.
Абвінавачаньне: удзел у акцыі пратэсту ў верасьні 2020 году.
Вынік: 3 гады 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
Пальчэўскага прызналі вінаватым у тым, што 13 верасьня 2020 году ён «выкрыкваў лёзунгі, гучна пляскаў у далоні, рухаўся ў счэпцы, кіраваў рухам транспарту». Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён парушыў правілы адбываньня свайго ранейшага пакараньня — двух гадоў «хатняй хіміі».
Экспэртыза прызнала, што падсудны мае псыхічны разлад, аднак можа ўсьведамляць свае дзеяньні.
Яго затрымалі 15 чэрвеня 2021 году, з таго часу малады чалавек за кратамі.
3. Вадзім Фядосаў. Разаслаў мэйлы пра Лукашэнку ў пракуратуры
Жыхар Гомля, прызнаны нездаровым псыхічна і няздольным адказваць за свае ўчынкі.
Абвінавачаньне: «абраза Лукашэнкі» праз электронныя лісты.
Вынік: прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі, канфіскаваны тэлефон.
Паводле матэрыялаў справы, Фядосаў разаслаў па пракуратурах буйных беларускіх гарадоў электронны зварот са словамі, што «Лукашэнка — злачынец і пэдафіл, „крышуе“ разам са сваёй сям’ёй і сілавікамі наркатрафік у Беларусі, труціць дзяцей наркотыкамі».
Лісты Фядосаў разаслаў у лістападзе 2021 году, а ўжо ў сьнежні яго зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. На працэсе ягоныя інтарэсы прадстаўляў дзяржаўны юрыст.
Суд прайшоў сёлета ў траўні. Падчас сьледзтва Фядосаў сказаў, што «атрымлівае інфармацыю ад воінаў сьвятла з матрыцы і іншых, толькі яму вядомых крыніц».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інфармацыя ад воінаў сьвятла з матрыцы»: за абразу Лукашэнкі ў Беларусі судзяць нават псыхічна хворыхПсыхіятрычная экспэртыза прызнала, што на момант рассылкі лістоў Фядосаў быў нездаровы і няздольны адказваць за свае ўчынкі. З 2019 году ён таксама стаяў на ўліку ў наркадыспансэры праз алькагалізм.
На гэтай падставе зь Фядосава ў судзе зьнялі крымінальную адказнасьць і вырашылі пакінуць яго на далейшым прымусовым лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі.
Тэлефон падсуднага, паводле рашэньня суду, канфіскавалі на карысьць дзяржавы.
У 2020 годзе Вадзіма Фядосава прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку за «апаганьваньне будынкаў і грамадзкіх месцаў».
4. Сяргей Сафараў. Размаляваў партрэт Лукашэнкі
Жыхар Вялейкі, недзеяздольны.
Абвінавачаньне: «абраза Лукашэнкі» праз малюнак.
Вынік: крымінальны перасьлед спынілі.
Сафарава абвінавачвалі ў тым, што ён «пазьдзекаваўся з партрэта Лукашэнкі і груба размаляваў яго».
Справу разглядалі сёлета ў траўні. У суд паступілі мэдычныя дакумэнты, што Сафарава прызналі недзеяздольным і што на момант, калі ён узяўся за партрэт, ён ня мог адказваць за свае дзеяньні.
Крымінальную справу спынілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 верасьня: Арыштавалі бацьку байца палку Каліноўскага Яна Мельнікава5. Юры Панасюк. Посьціў Лукашэнку «ЎКантакце»
Жыхар Горадні, мае разумовую абмежаванасьць, інвалід III групы.
Абвінавачаньне: «абраза Лукашэнкі» праз малюнкі і допісы ў сетках.
Вынік: 2 гады «хатняй хіміі»
Панасюка абвінавацілі ў тым, што ён у ліпені 2020 году на сваёй старонцы «ЎКантакце» «разьмясьціў выявы, якія зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку» Лукашэнкі, а таксама маюць «ненарматыўную форму маўленчага выказваньня».
Горадзенца ня бралі пад варту. На пачатку 2020 году яго прызналі інвалідам трэцяй групы. Сам Юры сьцьвярджаў, што потым яго прызналі разумова абмежаваным на псыхіятрычнай экспэртызе ў лячэбным прыватным прадпрыемстве ў Менску.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 23 сьнежня 2020 году Панасюку далі 2 гады «хатняй хіміі».
6. Дзьмітры Гопта. Ня мог самастойна напісаць прашэньне аб памілаваньні
22-гадовы жыхар Гомля, мае разумовую недастатковасьць.
Абвінавачаньне: «масавыя беспарадкі» ў Жлобіне 9–10 жніўня 2020 году.
Вынік: 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Гопту абвінавацілі ва ўдзеле ў «акцыях пратэсту» і ў «гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі» ў жніўні 2020 году.
Ён мае псыхічнае захворваньне, зьвязанае са значным парушэньнем паводзін, якое патрабуе догляду і лячэньня, з гэтай прычыны мае разумовую недастатковасьць. Аднак экспэртыза прыйшла да высновы, што ён можа адказваць за свае дзеяньні.
На судзе хлопец прызнаў віну цалкам і пагаджаўся з кожным сьцьвярджэньнем пракурора, судзьдзі ці адваката, бо думаў, што тады яго не пасадзяць. Перад судом хлопец самастойна пагаліў галаву, перад прысудам моцна плакаў і казаў, што ня хоча ў турму.
5 лютага 2021 году яго асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Хлопец адбывае тэрмін у віцебскай калёніі, дзе працуе на швейнай фабрыцы. Там шыюць робы, а Дзіма абразае ніткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзіма рыдаў, ня мог спыніцца». Палітвязьню з псыхічным захворваньнем адмовілі ў памілаваньніПраз асаблівасьці разьвіцьця Гопта ня мог самастойна напісаць прашэньне аб памілаваньні. У сьнежні 2021 году прадстаўнікі ініцыятывы «круглага стала» Юрыя Васкрасенскага паведамілі сваякам, што Гопту могуць памілаваць. Аднак потым прыслалі адмову.
«Дзіма рыдаў падчас тэлефанаваньня, ня мог спыніцца. Ён жыў толькі гэтым, чакаў гэтага памілаваньня, чакаў, што будзе дома», — расказвала маці Дзьмітрыя Вольга.
Тэрмін палітвязьня заканчваецца ў лютым 2023 году.
7. Марыя Ўсьпенская. Пра псыхічны разлад стала вядома толькі перад судом
39-гадовая жыхарка Менску, прадавачка, удава забітага ў перастрэлцы з КДБ айцішніка Андрэя Зельцара.
Абвінавачаньне: саўдзел у забойстве супрацоўніка КДБ.
Вынік: прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, трэба заплаціць удаве супрацоўніка КДБ 100 тысяч рублёў.
28 верасьня 2021 году да Андрэя Зельцара і Марыі Ўсьпенскай у Менску прыйшлі людзі ў цывільным. Яны выламалі дзьверы ў кватэру. Адбылася перастрэлка, падчас якой загінуў гаспадар кватэры Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк.
Усьпенскую затрымалі адразу пасьля перастрэлкі. Спачатку яна была на Акрэсьціна, потым на «Валадарцы». Празь некалькі месяцаў стала вядома, што 3 тыдні жанчына правяла ў Навінках.
Пра псыхічны разлад Усьпенскай першапачаткова ніхто не гаварыў. Вядома, што сям’я выхоўвала непаўналетняга сына. Марыя працавала прадавачкай.
Толькі перад судом стала вядома, што яе будуць судзіць як асобу, «якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане несьвядомасьці або якая захварэла пасьля зьдзяйсьненьня злачынства на псыхічны разлад (захворваньне)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удаву Зельцара вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці і прысудзілі прымусовае лячэньнеІнтарэсы Марыі на судзе прадстаўляла яе маці, сама абвінавачаная не прысутнічала на працэсе. Ён праходзіў у закрытым рэжыме.
16 чэрвеня 2022 году суд пастанавіў вызваліць Усьпенскую ад крымінальнай адказнасьці. Яе прымусова накіравалі на псыхіятрычнае лячэньне. Да таго ж яна мусіць сплаціць 100 тысяч рублёў (каля 30 тысяч даляраў) удаве забітага супрацоўніка КДБ Федасюка.