Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіма рыдаў, ня мог спыніцца». Палітвязьню з псыхічным захворваньнем адмовілі ў памілаваньні


Дзьмітры Гопта ў судзе. Жлобін, студзень 2021 г.
Дзьмітры Гопта ў судзе. Жлобін, студзень 2021 г.

Праз асаблівасьці разьвіцьця Дзьмітры Гопта ня мог самастойна напісаць прашэньне аб памілаваньні.

Пра адмову ў памілаваньні праваабаронцам «Вясны» паведаміла ягоная маці.

22-гадовы Дзьмітры Гопта — жыхар Жлобіна, мае псыхічнае захворваньне, зьвязанае са значным парушэньнем паводзін, якое патрабуе догляду і лячэньня, з гэтай прычыны мае разумовую адсталасьць.

Сёлета ў лютым яго асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі» ў Жлобіне 9–10 жніўня 2020 году. Ён адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі.

У сьнежні прадстаўнікі ініцыятывы «круглага стала» Юрыя Васкрасенскага паведамілі яго сваякам, што палітвязьня могуць памілаваць да рэфэрэндуму.

Раней таксама паведамлялася, што праз асаблівасьці разьвіцьця Гопта ня мог самастойна напісаць прашэньне аб памілаваньні.

Як адрэагаваў на навіну сам Дзьмітры Гопта?

Адмову сыну ў памілаваньні пракамэнтавала «Нашай Ніве» Вольга Гопта.

«Я даведалася пра гэта ў суботу, 8 студзеня. Сын пазваніў з калёніі і кажа, што яму прыйшла адмова. Ліст з адмовай Дзіма атрымаў яшчэ 5 студзеня. Сёньня перазваніла ў калёнію, там пацьвердзілі. Падрабязнасьцяў, чаму адмовілі, што там ды як — я нічога ня ведаю», — кажа Вольга Гопта.

Яна кажа, сын успрыняў навіну вельмі цяжка.

«Дзіма рыдаў падчас тэлефанаваньня, ня мог спыніцца. Ён жыў толькі гэтым, чакаў гэтага памілаваньня, чакаў, што будзе дома», — скрозь сьлёзы расказала Вольга.

Жанчына ўжо зьвязвалася з Васкрасенскім, але адказу, чаму адмовілі ў памілаваньні, так і не атрымала.

«Як я зразумела, яны там і самі ня ведаюць, чаму быў такі адказ. Дзіму застаўся год. Бліжэйшае спатканьне, меркавана, недзе ў сакавіку. Будзем спрабаваць яго выцягнуць, спадзяюся, ён гэта ўсё неяк перажыве. Будзем пісаць зноў лісты, зноў на імя Лукашэнкі. Але чаго чакаць — я ня ведаю, нічога не магу сказаць», — сказала Вольга Гопта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG