«Аднаму зь іх былі нанесены сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні, спатрэбілася тэрміновая мэдычная дапамога. У яго дыягнаставалі пералом носа, страсеньне мозгу лёгкай ступені і траўматычны пералом зуба», — заяўляла МЗС Беларусі.
Даведаліся, што стала зь беларусам, які ўдзельнічаў у інцыдэнце.
«Тэрмін расьсьледаваньня скончыўся, ніякіх абвінавачаньняў не прад’явілі»
Беларус Арцём (імя зьмененае дзеля бясьпекі сваякоў, якія ў Беларусі. — РС), які і даў поўху супрацоўніку амбасады, паведаміў Свабодзе, што ягоны адвакат хадзіў у паліцыю, каб даведацца, што пагражае падабароннаму.
«Аказалася, што тэрмін расьсьледаваньня інцыдэнту сышоў яшчэ 20 чэрвеня 2022 году. Адвакат сказаў, што калі нават паліцыя „прачнецца“ і вырашыць выставіць абвінавачаньне, то ўсе тыя абвінавачаньні ў судзе будуць ануляваныя. Бо калі пасьля шасьці месяцаў не прад’явілі абвінавачаньне, справа аўтаматычна закрываецца», — патлумачыў Арцём.
Ён мяркуе, што супрацоўнікі амбасады не прадставілі доказаў ці дадатковай інфармацыі для паліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён мяне справакаваў і я даў поўху». Падрабязнасьці інцыдэнту ля амбасады Беларусі ў ЛёнданеШто адбылося пад амбасадай 19 сьнежня?
Удзень 19 сьнежня каля беларускай амбасады была традыцыйная акцыя эмігрантаў зь Беларусі.
«Пазьней, калі ля амбасады ўжо нікога наагул не было, пасьля акцыі, мы з таварышамі кінулі ў амбасаду некалькі яек. Яшчэ пазьней празь нейкі час я з таварышамі вырашыў падысьці да амбасады. Там стаялі, хутчэй за ўсё, супрацоўнікі амбасады. Пачаўся канфлікт. Яны пачалі агрэсіўна выказвацца ў мой бок, быў паток нецэнзурнай лексыкі. Яны ўзгадвалі маіх бацькоў з матамі, маўляў: „Хто цябе так выхаваў?“. І казалі, што мы хочам прадаць краіну Захаду. Потым я счапіўся з адным пасярод вуліцы. Зноў быў паток нецэнзурнай лексыкі ў мой бок. Праўда, я таксама не маўчаў і таксама матамі адказваў. Потым я не стрымаўся і даў аднаму поўху», — расказваў Арцём.
Празь некалькі хвілін яго затрымала паліцыя.
«Калі я стаяў у атачэньні паліцыі, з амбасады выйшаў чалавек, якога я раней ня бачыў. У яго быў разьбіты твар. Ня ведаю пра зубы, але ён не хістаўся, ішоў роўна. Пра яго менавіта і сказалі, што нібыта я яго пабіў. Я біў, але іншага, ня гэтага чалавека», — казаў Арцём.
У паліцыі ён правёў тады 21 гадзіну з 24 дазволеных пры затрыманьні. Ураджэнца Беларусі дапытвалі ў прысутнасьці адваката.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Лёндану расьсьледуе, хто зьнішчыў народны мэмарыял памяці Бандарэнкі ля амбасады Беларусі