Так яна пракамэнтавала візыт беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў самаабвешчаную рэспубліку Абхазія. Кіраўніца дзяржавы закранула гэтую тэму падчас цырымоніі ўзнагароджаньня ганаровым мэдалём сьпявачкі Натыі Тодуа ў палацы Арбэліяні вечарам 28 верасьня.
«Не магу не адзначыць, наколькі непрымальна і трывожна тое, што адбылося сёньня. Гэта вельмі цынічны падыход, калі прэзыдэнт Беларусі прыбывае ў Абхазію ў парушэньне закону „Аб акупацыі“, у парушэньне ўсіх нормаў і прынцыпаў міжнароднага права, а таксама ў парушэньне нашых нібыта сяброўскіх адносін.
Я вельмі рада, што да гэтага часу зацягвала і не падпісвала прызначэньне новага амбасадара Грузіі ў Беларусі. Мы павінныя абараняць нашыя правілы, нашу тэрыторыю, нашыя прынцыпы, і мы павінныя патрабаваць гэтага ад усіх», — сказала яна.
Зурабішвілі дадала, што візыт Лукашэнкі прыпаў на час, калі Расея спрабуе замацавацца ў сяброўскай для Грузіі краіне, ва Ўкраіне, з дапамогай рэфэрэндумаў. Паводле яе, гэта такая ж цынічная форма — спроба выкарыстоўваць нібыта дэмакратычныя мэтады для падтрымкі сваёй ваеннай і гвалтоўнай акупацыі.
У сваёй прамове прэзыдэнтка закранула і тэму «адкрыцьця другога фронту», якую яна назвала «расейскай тэмай». Улады Грузіі сьцьвярджаюць, што нейкія сілы спрабуюць уцягнуць краіну ў вайну, але гэтае пытаньне падымаюць і ў Маскве. Па словах Зурабішвілі, такім чынам Расея хоча запалохаць абхазаў, ствараючы бачнасьць, быццам Грузія нясе для іх пагрозу.
«Акрамя Расеі, увесь сьвет ужо ведае, у кім і дзе тоіцца небясьпека. Яна спрабуе маніпуляваць гэтай абсурднай тэмай, але я вельмі зьдзіўляюся, калі і мы яе неяк закранаем. Упэўнена, нават з Абхазіі выдатна бачаць, якая Грузія і што яна папраўдзе — шлях у будучыню. Мы сапраўдны мост і дарога ў Эўропу. Калі мы ўвойдзем у Эўропу, на што я вельмі спадзяюся і ў што я веру, нашае аб’яднаньне адбудзецца менавіта там, і мы будзем адзіныя на гэтым шляху», — сказала прэзыдэнтка Грузіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ў Лукашэнкі і мог быць нейкі станоўчы імідж у Грузіі, то цяпер ён зьнішчаны назаўсёды», — грузінскі аглядальнік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадара Беларусі выклікалі ў МЗС Грузіі празь візыт Лукашэнкі ў самаабвешчаную Абхазію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Мы да ночы абмяркоўвалі з Пуціным, што Абхазія ёсьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі заявіў аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Грузіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 год цярпеў — і здаўся. Абхаскае грэхападзеньне Лукашэнкі