Амбасадара Беларусі выклікалі ў МЗС Грузіі празь візыт Лукашэнкі ў самаабвешчаную Абхазію

Аляксандар Лукашэнка і Аслан Бажанія ў Піцундзе

Амбасадара Беларусі ў Тбілісі Анатоля Ліса выклікалі ў МЗС Грузіі з прычыны візыту Аляксандра Лукашэнкі ў самаабвешчаную рэспубліку Абхазія.

Грузінскі бок выказаў дыплямату «гранічную заклапочанасьць» і запатрабаваў ад беларускага боку дадатковых тлумачэньняў, паведамляе «Эхо Кавказа».

«Сустрэча тычылася візыту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў акупаваную Абхазію і сустрэчы з прадстаўнікамі акупацыйнага рэжыму», — сказана ў заяве МЗС Грузіі.

Лукашэнка наведвае Абхазію з раней не абвешчаным візытам. Ён расказаў, што доўга абмяркоўваў абхаскую тэматыку з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на сустрэчы ў Сочы.

Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што не выключае прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Паводле яго слоў, як толькі ён зразумее неабходнасьць гэтага кроку і пра гэта яму скажа прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, тады гэта можа адбыцца. Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Пяскоў пасьля гэтага сказаў, што Крэмль ня будзе пасылаць якія-небудзь сыгналы Аляксандру Лукашэнку аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а таксама Крыму як расейскага рэгіёна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыбыў у самаабвешчаную Абхазію зь неафіцыйным візытам
  • У жніўні 2021 году Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым беларускі лідэр назваў «нядобрым фактам», калі «Асэтыю адарвалі ад Грузіі».
  • 30 жніўня абхаскі лідэр Аслан Бжанія павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з днём нараджэньня. Раней Бжанія казаў, што Абхазія гатовая далучыцца да так званай саюзнай дзяржавы Расеі, Беларусі і іншых краін, якая можа быць утвораная пасьля вайны ва Ўкраіне. Пры гэтым абхаскі лідэр дадаў, што ў Абхазіі няма афіцыйных кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі.
  • За выключэньнем Расеі, Вэнэсуэлы, Нікарагуа, Науру і Сырыі, усе дзяржавы сьвету разглядаюць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю як тэрыторыі Грузіі, якія знаходзяцца пад акупацыяй РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь уступіць у вайну. Ня думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць магчымасьць сказаць Крамлю цьвёрдае «не», — Самарукаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў у Сочы. Ці высьлізнуў ён з абдымкаў Пуціна?