Сяргей Сапоненка нарадзіўся ў Гомлі зь цяжкай формай дзіцячага цэрабральнага паралічу. Лекары казалі бацькам: «Ён доўга не працягне». Сяргей не варушыў нагамі, рукамі, ня мог размаўляць.
Цяпер ён жыве ў ЗША, піша вершы, стварыў фонд, выступае як матывацыйны сьпікер. Гэтымі днямі Сяргей на Данбасе. Павёз дапамогу ўкраінцам, выступае перад імі, каб абнадзеіць.
«Галоўны мой пасыл людзям: „Я выжыў, і вы выжывеце“»
Сяргей належыць да пратэстанцкай супольнасьці. Кажа, што ў маладосьці ён перажыў навяртаньне і паверыў у Бога. Цяпер ён расказвае людзям гісторыю свайго жыцьця і навяртаньня і матывуе іх. Прапаведнікам ён сябе ня лічыць. «Гэта хутчэй ня пропаведзь — тое, чым я займаюся, я проста апавядаю пра сваё жыцьцё, пра тое, што для мяне зрабіў Бог», — удакладніў беларус.
Сяргей прыехаў з гуманітарнай місіяй на Данбас трэці раз. Кажа, што ў 2018 годзе ў яго быў выбар: паехаць у адпачынак у Італію ці ў прыфрантавыя раёны Данбасу. Сяргей выбраў Украіну. Тады ў прыфрантавой зоне ён з камандай выступаў перад украінскімі салдатамі, развозіў мэдычнае абсталяваньне па анкалягічных цэнтрах, бальніцах, дзіцячых дамах.
Цяпер ён на Данбасе. Мы размаўляем празь відэасувязь у цемры, бо там абавязковая сьвятламаскіроўка. Пры размове чуваць то паветраныя трывогі, то гукі абстрэлаў.
«Цяпер маёй галоўнай матывацыяй было ехаць туды, дзе людзі маюць патрэбу ў падтрымцы, дзе ім цяжка. Галоўны мой пасыл для іх — я выжыў, і яны змогуць выжыць», — кажа беларус. У траўні ён атрымаў грамадзянства ЗША.
Перад паездкай ва Ўкраіну Сяргей выступаў у Нямеччыне, Чэхіі і Польшчы, у тым ліку перад украінскімі ўцекачамі. У гэтых краінах яму ўдалося назьбіраць гуманітарнай дапамогі для ўкраінцаў на Данбасе.
«Я плянаваў ехаць і расказваць людзям пра надзею, пра Бога, пра сваю гісторыю. Але так здарылася, што людзі сабралі яшчэ і гуманітарную дапамогу, і яна была вельмі дарэчы», — кажа Сяргей.
Ён лічыць, што ў крытычных сытуацыях людзі больш адкрытыя для Бога.
«У краінах Захаду мы бачылі, што цэрквы перапоўненыя ўкраінскімі ўцекачамі. На самой Украіне мы заўважылі, што людзі сталі больш адкрываць сэрцы для Бога. Яны ўбачылі, што царква — гэта месца, дзе іх прымаюць, дзе яны нікому не абыякавыя, што ім дапамогуць. Дарэчы, у нас не было ніякіх праблем на блёк-пастах. Бо ад пачатку вайны, з 2014 году, пратэстанцкія цэрквы вельмі дапамагалі людзям. І цяпер, калі мы кажам на блёк-посце, што мы пратэстанты, гэта як пропуск», — кажа Сяргей.
«У людзей столькі болю, гора і сьлёз, а пасьля сустрэч з намі яны пачыналі ўсьміхацца»
У прыфрантавых вёсках і гарадах Сяргея зьдзівіў спакой людзей. Ён кажа, што нават калі равуць сырэны і ідзе абстрэл — людзі не хаваюцца, прызвычаіліся. «Яны кажуць, што прывыклі так жыць. Кажуць, ці Бог іх абароніць, ці ніхто не ўратуе», — кажа беларус.
Ён кажа, што людзі маюць патрэбу ў прадуктах. Крам працуе мала, асартымэнт там «слабы», а цэны вышэйшыя, чым у Кіеве.
«Але яшчэ больш людзі маюць патрэбу ў тым, каб іх падбадзёрылі, падтрымалі маральна. Хто застаўся ў тых сёлах? У асноўным тыя, хто ня змог выехаць, пэнсіянэры. Па вачах людзей відаць, што вайна прынесла ім столькі болю, гора і адчаю, расчараваньня. Але мы мелі гонар і радасьць прапаведаваць для іх, сьпяваць — і бачылі, як на іх тварах зьяўляліся ўсьмешкі, нібыта прамяні сонца», — кажа Сяргей.
Ён дадае, што людзі былі вельмі ўдзячныя камандзе, якая наведала іх. «Людзі былі ўражаныя, казалі: „Тут жа абстрэлы, небясьпечна, адсюль усе выяжджаюць, а вы прыехалі да нас з ЗША?“. Людзі бадзёрыліся, казалі, што вы нам данесьлі, што можна жыць далей, мець надзею», — кажа Сяргей.
«Панічнага страху ад абстрэлаў у нас не было»
«Мы чулі і абстрэлы, і паветраную трывогу, і варонкі ад бомбаў бачылі, але неяк Бог даваў нам, каб мы не баяліся, панічнага страху ў нас не было. У адным сяле стараста распавяла нам, што быў абстрэл, і ракета прыляцела не ў дамы, а ў сіласную яму. І там выбухнула, нікому не нашкодзіўшы. Яна лічыць, што гэта цуд. Казала пра гэта са сьлязьмі на вачах. Каб ракета ня трапіла б у сіласную яму — паловы вёскі не было б. У Славянску пастар нам сказаў, што ноч будзе неспакойная. Мы бачылі „хаймарсы“, якія ляцелі з украінскага боку, значыць, варта было чакаць „адказу“ ад расейцаў. Але, надзіва, ноч была спакойная. Мы служылі ў Краматорску, а назаўтра туды „прыляцела“», — расказаў беларус.
Ён кажа, што служаць дзе толькі давядзецца. Маюць з сабой мікрафон і калёнку. «Сустракаемся зь людзьмі на вуліцы, у нейкіх пакойчыках, памяшканьнях. Нават на вуліцы сустракацца небясьпечна, можа „прыляцець“, але мы надта ўражаныя, што людзі прыходзяць. Таму што насамрэч там мала хто езьдзіць да іх. Людзям вельмі трэба падтрымка, надзея, каб яны не адчувалі сябе адны», — лічыць Сяргей.
«Беларусам я б параіў цяпер хаця бы ціхі пратэст — не выконваць указаньні і загады ўладаў»
Сяргей кажа, што яму балюча за ўкраінцаў, таму што гэтая краіна не чужая для яго. Яшчэ ў дзяцінстве ён езьдзіў з бацькамі ў Нежын, Чарнігаў, ягоная маці — этнічная ўкраінка, як і жонка. «Мне баліць, таму што там людзям цяпер баліць. Я хачу іх падтрымаць. Што я параіў бы цяпер беларусам? Хаця б ціхі пратэст. Не выконваць указаньні і загады ўладаў», — кажа Сяргей.
Ён мяркуе, што Ўкраіна пераможа ў гэтай вайне. «Спадзяюся, што да перамогі цяпер максымум год застаецца», — дадаў беларус.
Пасьля Данбасу ён паедзе ў Канатоп і Дніпро, затым — у Кіеў, Бучу і Ірпень.