У эфіры Свабоды Premium гаворым пра палітычную сатыру са стваральнікамі youtube-каналу ЧынЧынЧэнэл акторам Міхасём Зуем і рэжысэрам Андрэем Кашперскім.
«Нашы ролікі дзейнічаюць як тэрапія»
Міхась Зуй: Канал «ЧынЧынЧэнэл» — гэта афіцыйна «Белгосютубканал», толькі там усе тыктокі і мэмы паводле «госту», толькі там ідэалягічна вывераныя стэндапы, толькі там вы знойдзеце праўду. Гады два таму ў нас зьявілася ідэя запусьціць Youtube-канал, які робіцца як быццам беларускімі чыноўнікамі зь іх пачуцьцём густу і адчуваньнем прыўкраснага. У гэтым канале мы з маім паплечнікам Зьмітром Есяневічам выступаем у ролі такіх чыноўнікаў да мозгу касьцей, якія лезуць ува ўсе справы, гавораць, як правільна жыць, крытыкуюць таго, каго патрэбна крытыкаваць, і ўхваляюць таго, каго патрэбна ўхваліць.
Андрэй Кашперскі: Мы назвалі «ЧынЧын», таму што гэта два чыноўнікі. Хацелі нейкую сьвяточную назву для каналу, таму ня вельмі доўга думалі. У ліпені 2020 году мы пачалі здымкі ўтрох зь Мішам і Зьмітром, рабілі невялікія ролікі для Youtube у стылі ролікаў беларускага тэлебачаньня 2000-х. 9 жніўня сутыкнуліся з праблемай, што нашы ролікі нібы былі не патрэбныя. Было вельмі шмат гвалту і агрэсіі, занадта шмат іншых інфанагодаў, больш страшных, якія нас напалохалі, і мы ня ведалі, ці патрэбны гледачам наш гумарыстычны кантэнт.
У нашых роліках мы высьмейвалі эстэтыку БТ, чыноўнікаў, беларускую выдуманую рэальнасьць, якую стварылі тэлеканалы і тыя ж чыноўнікі. Некалькі разоў перагледзеўшы матэрыял, які мы здымалі, паказаўшы нашым сябрам і знаёмым, мы зразумелі, што нашы ролікі дзейнічаюць як тэрапія і іх трэба выкладваць, бо такім чынам мы будзем пераасэнсоўваць рэчаіснасьць і дапамагаць сабе і нашым гледачам перажываць гэтыя страшныя моманты з дапамогай гумару. І гэта спрацавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі комік Слава Камісаранка: «Трэба было выступаць па-беларуску значна раней, бо Лукашэнка нічога не разумее»«Жарт надае сілы»
— Навіны, зь якімі даводзіцца працаваць больш за два гады, асабліва пасьля лютага 2022-га, вельмі суровыя. Які ваш адказ на пытаньне — як жартаваць падчас вайны, пра што жартаваць падчас вайны?
Міхась Зуй: Галоўнае пытаньне было — ці варта, ці ня робяцца нашы пэрсанажы, наша эстэтыка рэзка састарэлай у адзін дзень, ці можам мы даць нешта гледачам і самім сабе. Пакуль адказ на гэтае пытаньне — так. Мне падаецца, што да гэтага часу ёсьць, мякка кажучы, з чаго пажартаваць. Жарт надае сілы тым, хто нас глядзіць, спадзяёмся. Выкарыстоўваючы ўсялякія прапагандысцкія прыёмы, якія выкарыстоўвае зноў жа дзяржаўнае тэлебачаньне і ня толькі беларускае, мы спадзяёмся трошкі пазбавіць гэтыя прыёмы сілы ўзьдзеяньня. Калі чалавек пасьмяецца зь нейкай фразы ці ідэі, а потым убачыць яе ўсур’ёз на нейкім тэлеканале, то ён ужо гэтай ідэі не паверыць. Як быццам у яго будзе трошкі імунітэт.
Андрэй Кашперскі: Калі пачалася вайна, цяжка было працягваць працу над каналам. Мы былі абясьсіленыя і шукалі сэнс, дзеля чаго нам трэба працягваць, чаму варта жартаваць. У той момант мы самі не маглі гэта рабіць. Нам спатрэбіўся час, каб зноў знайсьці натхненьне і жаданьне працаваць. І мы знайшлі — праз канал, праз сатыру, праз гумар. Я спадзяюся, што камусьці гэта дапамагае.
У гісторыі ёсьць прыклады барацьбы праз сатыру, праз гумар. Фільм «Вялікі дыктатар» Чарлі Чапліна з крытыкай Гітлера выйшаў у 1940 годзе, пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны. Фільм быў вельмі добра прыняты і стаў адным з самых пасьпяховых фільмаў таго году... Мы таксама хочам пераасэнсоўваць гэтую страшную рэчаіснасьць праз сатыру і дапамагаць такім чынам сабе і нашым гледачам.
«Гэта частка барацьбы супраць бессэнсоўнай вайны»
— З маіх назіраньняў, украінцы ўмеюць усьміхацца і жартаваць у самыя, падавалася б, драматычныя часы. Адзін з апошніх жартаў — вайсковец дакладае Зяленскаму: «Спадар прэзыдэнт! Крэмль узяты». Зяленскі: «Я ж казаў — Крым!» Нашы паўднёвыя суседзі ўмеюць добра зьнішчаць ворагаў ня толькі зброяй, але і сатырай. А калі параўноўваць у гэтым сэнсе беларусаў і ўкраінцаў, на што б вы зьвярнулі ўвагу? Ці беларусам гэта настолькі ж уласьціва, як украінцам?
Андрэй Кашперскі: Думаю, што ў украінцаў было больш магчымасьцяў, каб разьвіць свой гумар і адпаведныя праекты, каб больш прасоўваць таленавітых людзей. У нашай краіне гэта ўсё яшчэ пачынаецца і працягваецца. Беларускі глядач мае патрэбу ў сатырычным, гумарыстычным кантэнце. І ў нас шмат таленавітых людзей, якія гэтым займаюцца. Камісаранка, Ляўчук, Gypsynkov, Ільін, Мірзалізадэ. Гэта частка барацьбы супраць бессэнсоўнай вайны. Гледачам гэта патрэбна, і беларускі гумар яшчэ будзе квітнець.
Міхась Зуй: Мы часьцяком па-за Беларусьсю сустракаемся зь беларусамі. Вельмі добра і жартуюць, і разумеюць гумар. Трэба ўздымаць настрой, і каб настрой быў баявы. Цяпер, мне падаецца, у нас другое дыханьне. Выйшаў праект «На ковер», у якім мы выклікаем «беглых» беларусаў і размаўляем зь імі з усёй суворасьцю. Наступнае інтэрвію будзе вельмі сьмешнае. У нас выходзіць праект «Вярхоўны Савет Дня», у якім дадаём штодзённага настрою беларусам і ня толькі. Гэта ўсё адбываецца дзякуючы камандзе, людзям, якія вераць у гэтую ідэю, рухаюць наперад і матывуюць, як, напрыклад, прадусарка Марыя Савушкіна.
— Як праз такія мэдыйныя праекты можна павысіць цікавасьць людзей да палітыкі, пашырыць крытычнае мысьленьне аўдыторыі?
Андрэй Кашперскі: Праз тое, што мы падаём палітычныя тэмы ў дастаткова лёгкай, зразумелай сатырычнай форме, гледачу значна лягчэй успрымаць гэты фармат. І так цікавыя гэтыя тэмы пасьля жніўня 2020 году. Мы толькі падтрымліваем і адлюстроўваем жаданьне грамадзкасьці ведаць пра палітычныя падзеі. Пра гэта ў Беларусі выходзіць шмат мэмаў, вірусных відэа. Беларускі глядач сам хоча пагружацца ў палітычныя тэмы, на маю думку. І такі фармат, як у нас, модны, моладзевы, даступны для ўсіх, дазваляе любому гледачу падключыцца.
«Калі мы толькі зьявіліся, нас параўноўвалі з Тарапунькам і Штэпсэлем, Сашам і Сярожам»
— Вы стварылі на канале вельмі яркую пару «Мікалая Сяргеевіча і Сяргея Мікалаевіча». На якія парныя сатырычныя традыцыі (беларускія, сусьветныя) вы абапіраецеся? Якія гэта дае магчымасьці?
Міхась Зуй: Калі мы толькі зьявіліся, нас параўноўвалі з Тарапунькам і Штэпсэлем, Сашам і Сярожам 2:0, Рустамам «Рэптылёідам» і Мігелем. Аднаму чалавеку цяжка хутка такую ідэю разагнаць, а калі зьбіраемся ўдвох, утрох, такая сынэргія атрымліваецца. Адзін плюс адзін роўна ўжо тры, а адзін плюс адзін плюс адзін роўна ўжо дзевяць. Можа, ня вельмі правільна казаць, што нас двое на сцэне, можна сказаць, што гэта нейкі адзін чалавек, які выступае ў дзьвюх постацях — Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч.
Андрэй: Кашперскі: Для мяне гэтыя два чыноўнікі — дзьве часткі адной асобы, аднаго пэрсанажа.
«Не пасьпеў атрымаць ордэн Скарыны і ордэн Юды»
— Міхась, вы актор Купалаўскага тэатру, разам зь пераважнай большасьцю трупы звольніліся пасьля падзеяў жніўня 2020-га. Не пасьпелі ордэн Скарыны атрымаць (узнагароджаньне на 22 жніўня было прызначанае). Як вы бачыце спалучэньне місіі Купалаўскага тэатру і ЧынЧын-каналу? Ці падтрымлівае мэдыйны праект каштоўнасьці легендарнай тэатральнай трупы ў выгнаньні?
Міхась Зуй: Не пасьпеў атрымаць ордэн Скарыны і ордэн Юды. Сынхронна атрымалася. Усё гэта працуе на адну ідэю. Ёсьць такі выраз — працуе ад зваротнага. Мы з «ЧынЧынам» займаем другі бок барыкадаў і як бы з гэтага боку нешта гаворым. Але гэта дапамагае асэнсаваць беларусаў, нашу культурную ідэнтычнасьць.
Я думаў пра тое, чаму песьня «Шчучыншчына» стала такая вірусная, папулярная. Бо гэта частка нашага культурнага коду. Як ні круці, усе мы родам зь дзяцінства, і ў дзяцінстве глядзелі «Славянскія базары», і ўсё гэта ў нас увайшло. Гэта частка нас у любым выпадку, і яе трэба асэнсаваць, адрэфлексаваць і прапрацаваць, як зараз кажуць модныя псыхолягі. Мы прапрацоўваем гэтую постсаўковую, чыноўніцкую траўму, зь якой жывуць беларусы.
«У „Шчучыншчыны“ ўжо больш за мільён праглядаў»
— Якая роля ў канале Алены Жалудок?
Андрэй Кашперскі: Галоўная. Гэта выпадкова атрымалася. Мы шчыра думалі, што наш канал пра двух чыноўнікаў, але калі мы выпусьцілі ролік, у якім чыноўнікі прыходзяць на вуліцу Кастрычніцкую з гнеўным візытам і там зьяўляецца патрыётка, камсамолка і проста прыгажуня Алена Жалудок і сьпявае сваю «Шчучыншчыну», глядач зразумеў, што на нашым канале гэта самае галоўнае, і адлюстраваў гэта ў праглядах. У «Шчучыншчыны» ўжо больш за мільён праглядаў.
Мы хацелі б разьвіць тэму Алены Жалудок і прысьвяціць ёй асобна яшчэ некалькі праектаў. Неўзабаве ў нас на канале выйдзе кароткамэтражны фільм пра Алену Жалудок і таямніцу яе асобы. І там мы цалкам адкажам на пытаньне пра яе ролю на канале «ЧынЧынЧэнэл».
«Мы сьмяемся выключна зь недарэчнасьці, невуцтва, глупства і няпраўды ўлады»
— Ці ёсьць рэчы, зь якіх ня варта сьмяяцца, іранізаваць, кпіць?
Міхась Зуй: З рэальнага болю і рэальных пакут людзей. Усё, з чаго мы жартуем, — як на гэтыя пакуты і боль глядзяць улады.
Андрэй Кашперскі: Наша задача — праводзіць тэрапію праз наш гумар. Мы сьмяемся выключна зь недарэчнасьці, невуцтва, глупства і няпраўды беларускай улады.
— Ці варта рабіць Лукашэнку аб’ектам сатыры? Бо калі зь яго сьмяемся, то не ўспрымаеш сур’ёзна, што можа быць і небясьпечна.
Міхась Зуй: І мне падаецца, што часам бывае зашмат увагі гэтаму чалавеку. Як быццам нашае жыцьцё цэнтрычнае на ім, нават у нэгатыўным сэнсе. Мне падаецца, трэба ад гэтага адыходзіць. А ад гэтага цяжка адыходзіць, праўда. Але варта неяк выганяць гэты вобраз са сваіх сэрца і галавы.
Андрэй Кашперскі: Можна ўспрымаць яго ўсур’ёз і адначасова жартаваць. Няма тут супярэчнасьці. Гэта зьбівае зь яго пыху, выбівае глебу з-пад ног і робіць яго слабейшым.