«Адмова ад выкананьня свайго грамадзянскага абавязку ў Расеі не зьяўляецца дастатковай падставай для прадастаўленьня прытулку ў іншай краіне», — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу ў адказ на ліст Reuters. Эстонскае МУС таксама паведаміла, што расейцаў, якія маюць дазвол на жыхарства ў Эстоніі, ня пусьцяць назад у краіну, калі яны выедуць ваяваць ва Ўкраіну.
Раней кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс напісаў, што краіна «зь меркаваньняў бясьпекі ня будзе выдаваць гуманітарныя ці іншыя тыпы візаў тым грамадзянам Расеі, якія ўхіляюцца ад мабілізацыі».
Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што заявы аб прытулку будуць «разглядацца ў агульным парадку, з улікам усіх абставін і на індывідуальнай аснове». Таксама ведамства дадало, што Літва «ня мае мэты і магчымасьці выдаваць візы з гуманітарных меркаваньняў усім расейцам, якія па іх зьвяртаюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: беларускія сілавікі атрымалі ўказаньні адсочваць расейцаў, якія ўхіляюцца ад мабілізацыіФінляндыя раней заявіла, што будзе адмаўляць у турыстычных візах расейскім мужчынам, калі ёсьць падставы меркаваць, што тыя ня вернуцца ў Расею. Па словах фінскага дыплямата, якога цытуе партал EUobserver, зараз «у краіне ідзе актыўная палітычная дыскусія па пытаньні доступу расейскіх рэзэрвістаў да прытулку». Таксама Фінляндыя зьвярнулася да Эўракамісіі з прапановай узмацніць жорсткасьць уезду расейцаў ва ўсе краіны ЭЗ.
Польскі дыплямат у размове з EUobserver параіў тым, хто ўцякае з Расеі, ехаць у Францыю ці Італію і «масава атрымліваць палітычны прытулак там». «Краіны Балтыі і Польшча не абавязаныя гэтага рабіць», — дадаў ён.
Эўракамісія не адказала на пытаньне EUobserver, ці законна адмаўляць у прытулку расейцам, якія ўцякаюць ад мабілізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд BySol расказаў пра рэзкі рост запытаў на эвакуацыю. 66% заявак падалі расейцыЗ 19 верасьня 2022 году краіны Балтыі і Польшча забаранілі расейцам з турыстычнымі шэнгенскімі візамі ўяжджаць на сваю тэрыторыю. Забарона не распаўсюджваецца на тых, хто заяжджае па сямейных і гуманітарных абставінах.
У Нямеччыне парлямэнцкія фракцыі «Зялёных» і «Свабоднай дэмакратычнай партыі» (уваходзяць у кіруючую кааліцыю) заклікалі ўрад краіны даць прытулак расейцам, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. «Пуцін — самая вялікая пагроза для расейскамоўных. Мы павінны абараніць расейскіх ухілістаў ад пуцінскай мабілізацыі і даць ім часовы прытулак», — заявіў дэпутат ад партыі «Зялёных».