Зяленскі аб мабілізацыі ў Расеі, абвешчанай Пуціным: «Ён хоча ўтапіць Украіну ў крыві, але і ў крыві сваіх салдат»

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што не глядзеў выступ расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, але ведае ўсю інфармацыю, якую яму патрэбна ведаць.

Паводле словаў Зяленскага, Пуцін ужо даўно правёў частковую мабілізацыю.

«Пра гэта ўжо заявілі нашы спэцслужбы і нашы хаўрусьнікі. Апошні месяц ён мабілізаваўся», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію нямецкаму выданьню BILD.

Уладзімір Зяленскі мяркуе, што частковая мабілізацыя сьведчыць аб праблемах у Расеі з «афіцэрамі і іншымі вайскоўцамі».

«Мы ўжо ведаем, што мабілізавалі курсантаў, хлопцаў, якія ня ўмелі ваяваць. Гэтыя кадэты нават не змаглі завяршыць адукацыю. Усе гэтыя людзі ня могуць ваяваць. Яны прыйшлі да нас і паміраюць», — дадаў прэзыдэнт Украіны.

«Ён [Пуцін] бачыць, што яго падразьдзяленьні проста разьбягаюцца. Яму трэба, каб да нас прыйшла шматмільённая армія. Бо ён бачыць, што вялікая частка тых, хто да нас прыходзіць, проста ўцякае. Ён хоча ўтапіць Украіну ў крыві, але і ў крыві сваіх салдат», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што частковая мабілізацыя ў Расеі не зьмяняе пляны Ўкраіны.

«Мы крок за крокам будзем дзейнічаць паводле нашых плянаў. Я ўпэўнены, што мы вызвалім нашу тэрыторыю. Рэфэрэндумы — гэта фіктыўныя рэфэрэндумы, 90% дзяржаў іх не прызнаюць», — заявіў ён.

Прэзыдэнт Украіны мае сумневы, што расейская ўлада адважыцца на прымяненьне ядзернай зброі.

«Я ня веру, што ён будзе выкарыстоўваць гэтую зброю. Я ня думаю, што сьвет дазволіць яму выкарыстоўваць гэтую зброю», — сказаў Уладзімір Зяленскі і дадаў:

«Мы ня можам зазірнуць у галаву гэтаму чалавеку, ёсьць рызыкі [ядзернага ўдару]».

Тым ня менш Уладзімір Зяленскі лічыць, што ня варта паддавацца на пагрозы Пуціна.

«Заўтра Пуцін можа сказаць: акрамя Ўкраіны, мы хочам яшчэ і частку Польшчы, інакш будзем выкарыстоўваць ядзерную зброю. Мы ня можам пайсьці на такія кампрамісы», — дадаў прэзыдэнт Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі мабілізацыя. Беларусі падрыхтавацца?Ці пашлюць беларусаў ваяваць за Пуціна? Абмеркаваньне экспэртаў«Тысячы мужчын кінуць у мясарубку вайны». У Расеі абвясьцілі ўсеагульную акцыю пратэсту супраць абвешчанай Пуціным мабілізацыіПуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавекКалі можа быць мабілізацыя ў Беларусі і хто пад яе падпадае. У пытаньнях і адказах«Уварваньне правалілася». Міжнародныя рэакцыі на абвяшчэньне Пуціным мабілізацыі«Расея вырашыла Ўкраіну закідаць трупамі». Як ва Ўкраіне адрэагавалі на заяву Пуціна аб мабілізацыі