Таксама Лапшын паведаміў пра іншы суд супраць дзеяньняў уладаў Азэрбайджану і некаторых службовых асоб Беларусі, а таксама заявіў пра пасіўнасьць беларускай апазыцыі, якая фактычна праігнаравала ягоны выпадак.
Камітэт правоў чалавека ААН вынес рашэньне ў падтрымку журналіста і блогера, грамадзяніна Ізраіля Аляксандра Лапшына, прызнаўшы Беларусь і Азэрбайджан адказнымі за яго перасьлед. Згодна з пастановай, Беларусь ня мела права выдаваць Лапшына дзяржаве, дзе яго маглі чакаць катаваньні. Міжнародная інстанцыя таксама заклікала абедзьве дзяржавы на працягу 180 дзён даць Лапшыну адэкватную кампэнсацыю.
Аляксандар Канюк, які падпісваў рашэньне аб выдачы Лапшына Aзэрбайджану (генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь на той час), цяпер зьяўляецца паслом Беларусі ў Ерэване. Мясцовыя СМІ зьвярнуліся ў амбасаду Беларусі па камэнтары да рэзалюцыі ААН, але там адмовіліся размаўляць з журналістамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН прызнала незаконным арышт блогера Лапшына ў Беларусі і перадачу яго Азэрбайджану ў 2016 годзеАляксандар Лапшын расказаў Свабодзе, як ён успрымае гэтае рашэньне і ці сапраўды разьлічвае на кампэнсацыю ў гэтай сытуацыі.
«Як у выпадку зь перамогай у ЭСПЧ супраць Азэрбайджану, калі гэтую дзяржаву прызналі вінаватай у незаконным арышце мяне, катаваньнях і замаху на забойства, так і ў выпадку з рэзалюцыяй ААН, што прызнала ўлады Беларусі вінаватымі ў незаконнай экстрадыцыі ў Азэрбайджан, я ніякай кампэнсацыі не чакаю.
Ні азэрбайджанскі рэжым, ні беларускі я не расцэньваю як легітымныя і заснаваныя на законе і парадку. Прасьцей кажучы, сучасная Беларусь пад уладай Лукашэнкі для мяне асабіста — падабенства афганскага „Талібану“ ў цэнтры Эўропы.
Тут дарэчы дадаць, што беларускае пасольства ў Ерэване, дзе паслом працуе былы генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, які асабіста падпісаў указ аб выдачы мяне ў Азэрбайджан, адмовілася адказваць на запыт армянскіх СМІ адносна прынятай рэзалюцыі.
Мая перамога ў ААН супраць рэжыму Лукашэнкі магла б стаць моцным палітычным інструмэнтам у руках апазыцыі, аднак апошнія ўспрынялі рэзалюцыю дастаткова пасіўна. Я не заўважыў якіх-небудзь спробаў аб'яднаць намаганьні або сумесна распрацаваць нейкую стратэгію. Такім чынам, гэта застаецца маёй асабістай перамогай, як маральнай, так і юрыдычнай. З наступствамі, якія далёка ідуць.
Справа ў тым, што ў цяперашні час у фінальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка судовага пазову ў ЗША супраць высокіх службовых асобаў ва ўрадзе Азэрбайджану, якія маюць дачыненьне да незаконнай экстрадыцыі мяне зь Беларусі. У пазоўным сьпісе абвінавачаных і датычных праходзяць прама і ўскосна таксама беларускія чыноўнікі, у тым ліку згаданы вышэй былы генпракурор Аляксандар Канюк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Лапшын у Ерэване сустрэўся з паслом Беларусі Канюком, які на пасадзе генпракурора выдаў яго АзэрбайджануТаксама Свабода пацікавілася ў Лапшына, пры якіх умовах ён бы яшчэ раз прыехаў у Беларусь. Блогер даў адказ, што не пры цяперашнім рэжыме.
«У цяперашні час Генпракуратурай Беларусі ў дачыненьні мяне заведзена крымінальная справа адразу паводле некалькіх артыкулаў КК, пачынаючы з 368-га артыкулу (публічная абраза прэзыдэнта) і заканчваючы 361-м артыкулам (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). Пра гэта мяне інфармавалі як былыя супрацоўнікі сілавых структураў Беларусі, так і ўлады Ізраілю, якія не жадаюць зноў выбаўляць свайго грамадзяніна зь беларускай і азэрбайджанскай турмаў.
Тут важна падкрэсьліць, што ўлады Азэрбайджану, якія працягваюць цесна супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі, таксама завялі на мяне крымінальную справу паводле такіх жа дакладна артыкулаў КК Азэрбайджану. Думаю, кіраўнікі абедзьвюх краін не чакалі, што мой арышт атрымае такі сур'ёзны рэзананс і яшчэ больш праблем створыць ужо пасьля вызваленьня, маю на ўвазе рашэньні ЭСПЧ, ААН і ў цэлым мая праваабарончая дзейнасьць.
Акрамя ўжо сказанага, КДБ Беларусі за мінулыя гады зьвязвалася як мінімум зь пяцьцю вядомымі мне людзьмі, якія пражываюць у Беларусі, амаль усе яны мае былыя сукамэрнікі. Магчыма, гэтых людзей было больш, але мне пра гэта паведамілі толькі пяцёра. Ва ўсіх выпадках сілавікі цікавіліся, на каго я працую і ці ёсьць у мяне сваякі ў Беларусі.
Такім чынам, пакуль ва ўладзе застаецца Аляксандар Лукашэнка і ягоная каманда, Беларусь для мяне застаецца „Талібанам у цэнтры Эўропы“ і наведваньне не зьяўляецца магчымым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Азэрбайджану ў Менску. Чым падобныя і чым розныя Лукашэнка і Аліеў?Затрыманьне Лапшына ў Беларусі і выдача ў Азэрбайджан
Блогер Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску ў ноч на 15 сьнежня 2016 году. Падставай для затрыманьня стаў запыт уладаў Азэрбайджану, якія раней абвясьцілі Лапшына ў міжнародны вышук за парушэньне закону «Аб дзяржаўнай мяжы» і Міграцыйнага кодэксу. Як паведамлялі азэрбайджанскія СМІ, гэта было зьвязана зь візытамі блогера ў Нагорны Карабах.
Імя Лапшына афіцыйны Баку ўключыў у «чорны сьпіс» у 2011 годзе. Аднак у чэрвені 2015 году, як паведамлялі азэрбайджанскія СМІ, Лапшын уяжджаў у Азэрбайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце. МЗС Ізраіля, а таксама расейскае замежнапалітычнае ведамства беспасьпяхова спрабавалі прадухіліць экстрадыцыю Лапшына ў Азэрбайджан. У Беларусі падчас зьняволеньня Лапшына дапытваў пракурор без прысутнасьці адваката, а таксама блогеру не давалі сустрэцца з жонкай.
7 лютага 2017 году Лапшына спэцыяльным рэйсам даставілі зь Менску ў Баку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт патлумачыў, чаму Расея і АДКБ не заступіліся за Армэнію ў яе збройным канфлікце з Азэрбайджанам20 ліпеня 2017 году суд па цяжкіх злачынствах Баку асудзіў блогера да 3 гадоў пазбаўленьня волі за наведваньне Нагорнага Карабаху. Лапшыну былі выстаўлены абвінавачаньні ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы і закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджану. Прысуд набыў моц 14 жніўня 2017 году.
11 верасьня 2017 прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў памілаваў Аляксандра Лапшына, а 14 верасьня блогера дэпартавалі ў Ізраіль. Па вяртаньні ў Ізраіль Лапшын у сваім блогу расказаў аб тым, як яго "забівалі ў бакінскай турме".
11 кастрычніка 2021 году Вялікая палата Эўрапейскага суду правоў чалавека (ЭСПЧ), адрэагаваўшы на скаргу азэрбайджанскага боку, пакінула бязь зьменаў рашэньне ЭСПЧ ад 20 траўня, у якім улады Азэрбайджану прызнаваліся вінаватымі ў незаконным арышце, катаваньнях і замаху на забойства ў бакінскай турме. Суд абавязаў Баку выплаціць ізраільцяніну грашовую кампэнсацыю ў памеры 30 тысяч эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь рыхтуецца стаць трэцяй дзяржавай сьвету, якая выйшла зь міжнароднай дамовы аб падачы скаргаў у ААН пра парушэньні правоў чалавека