Дзеяньне фільма адбываецца ў Менску, дзе мірная дэманстрацыя ў памяць аб забітым да сьмерці Рамане Бандарэнку жорстка падаўляецца паліцыяй. Сьвет даведаецца пра гэта дзякуючы стрыму журналістак незалежнага беларускага тэлебачаньня, якія адзіныя ў жывым эфіры даюць інфармацыю аб падзеі. У мэтах бясьпекі рэпартаж вядзецца з вокнаў адной з найбліжэйшых кватэр. Калі спэцслужбы пачынаюць страляць у пратэстоўцаў, а журналістак высочвае паліцэйскі дрон, яны аказваюцца перад драматычным выбарам. Такі, калі каротка, сюжэт стужкі.
«Na żywo – не дакумэнтальны фільм. Падзеі былі сьціснутыя і зьмененыя мной для драматургічных патрэб, а гераіні маюць зьмененыя імёны... Я хацела, каб гледачы разам з гераінямі пражылі гэтыя ключавыя для іх жыцьця пятнаццаць хвілін, адчулі, наколькі цяжкім было рашэньне, якое яны павінны былі прыняць – і ў той жа час, як яны не маглі прыняць іншае» – расказвае пра сваю працу рэжысэрка і сцэнарыстка Мара Тамковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэатка «Лістападу» Мара Тамковіч: «Беларускія чыноўнікі шукаюць крамолу там, дзе яе не існуе»- Журналісткі тэлебачаньня «Белсат» Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дарʼя Чульцова за той эфір былі засуджаныя ў 2020 годзе на два гады зьняволеньня. У ліпені 2022 году падчас закрытага суду Кацярыне працягнулі тэрмін да 8 гадоў і 3 месяцаў. Дарʼя выйшла на волю ў пачатку верасьня сёлета, адбыўшы тэрмін цалкам. У фільме выкарыстаныя фрагмэнты эфіру Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай з плошчы Перамен і эфіру студыі «Белсат» 15 лістапада 2020 году.
- Мара Тамковіч – выпускніца Варшаўскай кінашколы Анджэя Вайды. Працавала журналісткай на Эўрапейскім радыё для Беларусі і Белсаце. Аўтарка дакумэнтальных і гульнявых фільмаў, якія паказваліся ў Гдыні, Кракаве, Тэль-Авіве, Нью-Ёрку, Лёндане і Маскве. Яе кароткамэтражны фільм «Дачка» атрымаў шмат узнагародаў у 2018 годзе, нагадвае польскі часопіс Zwierciadło.