Байдэн папярэдзіў Пуціна пра наступствы ў выпадку ўжываньня ядзернай ці хімічнай зброі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у інтэрвію праграме «60 хвілін» на тэлеканале CBS пракамэнтаваў магчымасьць прымяненьня расейскімі ўладамі зброі масавага паражэньня ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.

«Па меры таго, як украінскае войска дабіваецца посьпехаў на полі бою, Уладзімір Пуцін можа адчуць сябе загнаным у кут. І ў сувязі з гэтым мне цікава, што б вы сказалі яму адносна прымяненьня хімічнай зброі або тактычнай ядзернай зброі?» — спытаў Байдэна журналіст Скот Пэлі.

«Не рабіце гэтага», — тройчы паўтарыў Джо Байдэн, адказваючы на пытаньне. Ён дадаў, што сказаў бы Пуціну таксама аб тым, што падобныя дзеяньні «зьменяць аблічча вайны як нішто з часоў Другой сусьветнай».

На пытаньне Пэлі аб наступствах, калі Пуцін пяройдзе гэтую рысу, кіраўнік Белага дома сказаў, што наступствы будуць, але якія менавіта, ён паведаміць ня можа.

«Яны стануць ізгоямі ў сьвеце больш, чым калі-небудзь. І ў залежнасьці ад таго, што яны зробяць, будзе вызначаны адказ», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе Байдэн бамбіць Крэмль, альбо як важна нагадваць пра добрыя справы

Уладзімір Пуцін у самым пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну загадаў перавесьці сілы стрымліваньня расейскага войска ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства. Прычынай рашэньня былі названыя «агрэсіўныя выказваньні» вышэйшых службовых асобаў NATO на адрас Расеі.

У наступныя месяцы экспэрты заходніх выведак казалі, што не назіраюць ніякіх зьменаў у функцыянаваньні расейскіх ядзерных сіл.

Раней на гэтым тыдні адміністрацыя Джо Байдэна анансавала дадатковы пакет вайсковай дапамогі Кіеву ў памеры 600 мільёнаў даляраў. З пачатку вайны ва Ўкраіне Вашынгтон накіраваў Кіеву больш за 15 мільярдаў даляраў для патрэбаў абароны і бясьпекі.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла 15 верасьня, што Масква расцэніць як пераход «чырвонай рысы», калі ЗША пачнуць забясьпечваць Украіну ракетамі большай далёкасьці. Цяпер Вашынгтон пастаўляе Кіеву ракеты, здольныя паражаць цэлі на адлегласьці да 50 міляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі кантроль над сусьветнай ядзернай энэргетыкай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У напад на Ўкраіну таксама ніхто ня верыў». Як беларуская сям’я рыхтуецца да ядзернай атакі ў Польшчы