Пасьля таго як Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага, Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз і іншыя заходнія краіны ўвялі некалькі пакетаў санкцый супраць прыбытковай энэргетычнай галіны Расеі (у асноўным адносна нафты, газу і вугалю). Гэтыя краіны таксама прыкладаюць намаганьні, каб зьнізіць залежнасьць ад паставак расейскіх энэргарэсурсаў.
Пасьля абстрэлу тэрыторыі паблізу Запароскай АЭС прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародную супольнасьць падрыхтаваць больш рашучы адказ і забараніць расейскі імпарт яшчэ з аднаго сэктару: атамнай энэргетыкі. Але заблякаваць і замяніць расейскія пастаўкі ўрану, рэактараў і ядзерных тэхналёгій астатняму сьвету зусім ня проста.
Якую ролю Расея адыгрывае ў сусьветнай ядзернай энэргетыцы?
Крыстына Фолтынава, RFE/RL
Справа ня толькі ў здабычы
Расея ўваходзіць у пяцёрку краін з найбуйнейшымі ў сьвеце запасамі ўрану. Паводле ацэнак, расейскія запасы складаюць 486 000 тон урану, што эквівалентна 8 працэнтам сусьветных паставак.
Тым ня менш Расея — адносна невялікі вытворца ўранавай сыравіны. У 2021 годзе яна вырабіла толькі каля 5 працэнтаў сусьветнага ўрану з шахтаў.
Аднак здабыча ўрану — гэта толькі адна з частак ядзернага працэсу. Уран-сырэц непрыдатны ў якасьці паліва для АЭС. Яго трэба перапрацаваць ва ўранавы канцэнтрат, канвэртаваць яго ў газ, і потым узбагаціць. І ў гэтым Расея паперадзе ўсіх.
У 2020 годзе ў прамысловых маштабах працавалі толькі чатыры канвэрсійныя заводы — у Канадзе, Кітаі, Францыі і Расеі. Расея была найбуйнейшым гульцом з амаль 40 працэнтамі агульнай інфраструктуры канвэрсіі ўрану ў сьвеце, і, такім чынам, вырабляла найбольшую долю ўрану ў газападобнай форме (г. зв. гексафтарыд урану).
Тое самае тычыцца ўзбагачэньня ўрану — наступнага кроку ў ядзерным цыклі. Згодна з дадзенымі за 2018 год (апошнімі даступнымі), гэты патэнцыял быў разьмеркаваны паміж нешматлікімі ключавымі гульцамі, прычым Расея зноў адказвае за найбольшую долю — каля 46 працэнтаў. Такім чынам, Расея застаецца важным пастаўніком як самога ўрану, так і паслуг яго ўзбагачэньня. Паводле апошніх даступных дадзеных, у 2020 годзе Эўрапейскі Зьвяз закупіў у Расеі каля 20 працэнтаў свайго прыроднага ўрану і 26 працэнтаў паслуг узбагачэньня. Злучаныя Штаты ў 2021 годзе імпартавалі з Расеі каля 14 працэнтаў свайго ўрану і 28 працэнтаў усіх паслуг узбагачэньня.
Хтосьці згадаў ядзерныя рэактары?
Ядзерныя рэактары расейскай вытворчасьці вядомыя як ВВЭР (вода-вадзяны энэргетычны рэактар). Гэтыя рэактары выкарыстоўваюць ваду і ў якасьці цепланосьбіта, і ў якасьці запавольніка, першапачаткова іх распрацавалі ў Савецкім Саюзе. Існуе некалькі варыянтаў ВВЭР (напрыклад, ВВЭР-440 і ВВЭР-1000), адно з істотных адрозьненьняў паміж імі — аб'ём магутнасьці.
Цяпер розныя тыпы ВВЭР працуюць у 11 краінах, у тым ліку ў Баўгарыі, Чэхіі, Вугоршчыне і Фінляндыі. Акрамя таго, у іншых краінах, такіх як Эгіпет, Турэччына і Аргентына, цяпер гэтыя рэактары будуюцца або там плянуюць іх пабудаваць.
Расея лічыцца сусьветным лідэрам у экспарце распрацовак АЭС. У пэрыяд з 2012 па 2021 год «Росатом» пачаў будаўніцтва 19 ядзерных рэактараў, 15 зь іх — за мяжой. Гэта нашмат больш, чым у іншых найбольш актыўных пастаўнікоў: Кітаю, Францыі і Паўднёвай Карэі. Нягледзячы на тое, што Кітай пачаў будаваць 29 рэактараў за той самы пэрыяд, толькі два зь іх былі пачатыя за мяжой. Францыя пачала будаваць за мяжой два рэактары, Паўднёвая Карэя — чатыры.
Не забывайце пра паліва
Каб падтрымліваць працу рэактараў, станцыі маюць патрэбу ў рэгулярнай пастаўцы ядзернага паліва — звычайна пэўнага канкрэтнага тыпу. І тут можна назіраць іншы ўзровень залежнасьці ад Расеі. Хоць на рынку існуе некалькі пастаўнікоў, расейская паліўная кампанія ТВЭЛ на гэты момант застаецца адзіным аўтарызаваным пастаўніком паліва, неабходнага для ВВЭР-440.
Такім чынам, некаторыя краіны залежаць ад расейскіх паставак і могуць быць вымушаныя часова спыніць працу на сваіх аб'ектах. Напрыклад, Славаччына мае чатыры такія ядзерныя рэактары, Чэхія — два.
Ядзерная энэргетычная кампанія ЗША Westinghouse ужо шукае спосабы прапанаваць альтэрнатыўнае паліва ў Эўропе, але каб атрымаць усе ліцэнзіі і дазволы, спатрэбіцца пэўны час. Акрамя таго, ёсьць асьцярогі, што паліва са Злучаных Штатаў можа быць даражэйшае, і незразумела, як Westinghouse справіцца з сыстэмай утылізацыі адкідаў.
Расея таксама можа пастаўляць нізкаўзбагачаны ўран з высокім утрыманьнем кампанэнту (таксама вядомы як HALEU). Гэта тып паліва, які спатрэбіцца для больш дасканалых рэактараў, якія цяпер распрацоўваюцца шматлікімі кампаніямі па ўсёй тэрыторыі ЗША. Галоўнае адрозьненьне ад паліва, якое выкарыстоўваецца цяпер, — гэта ўзровень узбагачэньня ўрану. Замест 5-працэнтнага ўзбагачэньня ўрану-235 новае пакаленьне рэактараў патрабуе паліва з узбагачэньнем да 20 працэнтаў.
Паводле дадзеных Амэрыканскага ўпраўленьня ядзернай энэргетыкі, наяўнасьць HALEU мае вырашальнае значэньне для распрацоўкі і разгортваньня рэактараў. Паліва цяпер даступнае ў Злучаных Штатах у абмежаваных колькасьцях, і Вашынгтон шукае варыянты фінансаваньня дасьледаваньняў і распрацовак новых крыніц паліва. На гэты момант адзіны пастаўнік, здольны забясьпечыць такім палівам у камэрцыйных маштабах, — расейская кампанія «Tenex» (належыць расейскай дзяржаўнай кампаніі «Росатом»).
У пошуках новых рынкаў
Продаж ядзерных тэхналёгій таксама складае частку намаганьняў Расеі пашырыць уплыў і атрымаць прыбытак у краінах, якія толькі пачынаюць карыстацца ядзернай энэргетыкай. Адна з прычын, чаму краіны хочуць супрацоўнічаць з Расеяй, палягае ў тым, што яна прапануе «ўвесь пакет» рашэньняў. Расея ня толькі можа пабудаваць АЭС і паставіць паліва, але і навучае мясцовых спэцыялістаў, дапамагае ў пытаньнях бясьпекі, праводзіць стыпэндыяльныя праграмы, утылізуе радыяактыўныя адкіды.
Аднак, напэўна, самы магутны інструмэнт Расеі — гэта прапанова прывабных пазыкаў. Гэтыя пазыкі звычайна забясьпечваюцца дзяржаўнымі субсыдыямі і пакрываюць ня менш за 80 працэнтаў выдаткаў на будаўніцтва. Напрыклад, Расея ўжо пазычыла 10 мільярдаў даляраў Вугоршчыне, 11 мільярдаў — Банглядэш і 25 мільярдаў — Эгіпту, і ўсё гэта — на будаўніцтва АЭС.
Расея мае дзейныя ядзерныя рэактары ў 11 краінах, і іншыя яшчэ будуюцца або плянуюцца. Акрамя таго, Расея таксама падпісала мэмарандумы аб узаемаразуменьні або міжурадавыя пагадненьні як мінімум з 30 краінамі сьвету, пераважна ў Афрыцы. Адпаведна, яны служаць дэклярацыяй аб зацікаўленасьці ў ядзерных тэхналёгіях або аб намеры супрацоўнічаць у будаўніцтве атамных станцый.
Некаторыя экспэрты папярэджваюць, што афрыканскія краіны могуць быць не гатовыя да ядзернай энэргетыкі, але Расея сьцьвярджае, што гэтая тэхналёгія — адказ на ўсё большы попыт кантынэнту на электраэнэргію. Варта таксама адзначыць, што афрыканскія краіны становяць самы вялікі блёк з правам галасаваньня ў ААН, што можа стаць яшчэ адной прычынай для Расеі ўмацоўваць свае сувязі ў рэгіёне.
27 жніўня Будапэшт пацьвердзіў, што расейскі «Росатом» пачне будаваць два новыя ядзерныя рэактары ў Вугоршчыне. Гэтая інфармацыя прагучала на фоне ўзаемных абвінавачваньняў Украіны і Расеі ў абстрэле Запароскай АЭС. Зяленскі папярэдзіў пра пагрозу працёку радыяцыі і абвінаваціў Расею ў «ядзерным шантажы». Тым часам Расея заблякавала прыняцьце выніковага дакумэнту пасьля месячнага разгляду ў ААН Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, заявіўшы, што ёй не хапае «балянсу» на фоне крытыкі расейскай акупацыі Запарожжа.