У Вялікай Брытаніі на фоне пахаваньня Лізаветы II праходзяць выступленьні апанэнтаў манархіі. Некалькі пратэстоўцаў пад лёзунгам Not My King («Ня мой кароль») былі затрыманыя паліцыяй у Лёндане і Эдынбургу. Яны патрабуюць скасаваць інстытут манархіі і абвясьціць Вялікую Брытанію рэспублікай.
Паліцыя часьцей за ўсё не арыштоўвае пратэстоўцаў, але патрабуе перанесьці выступы ў іншае месца, дзе яны не перашкаджалі б тым, хто прыйшоў аддаць даніну памяці каралеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, калі і дзе пахаваюць каралеву Лізавету ІІПрэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла: «Для абсалютнай большасьці жыхароў краіны гэта час жалобы, але фундамэнтальнае права на пратэст застаецца нарожным каменем нашай дэмакратыі».
- Антыманархічны рух існуе ў Вялікай Брытаніі шмат стагодзьдзяў. Найбольш уплывовым ён стаў у ХХ стагодзьдзі, калі каралеўская ўлада саступіла ўладзе парлямэнту і прэмʼер-міністра і пачала адыгрываць хутчэй сымбалічную ролю. Асноўныя прэтэнзіі антыманархістаў да кароны заключаюцца ў тым, што каралі і каралевы Вялікай Брытаніі, як і ўсіх манархій Эўропы, больш не прымаюць палітычных рашэньняў, аднак утрыманьне каралеўскага двара ажыцьцяўляецца са сродкаў падаткаплатнікаў і абыходзіцца ім дорага. Паводле апытаньняў 2021 году, за адмену інстытуту манархіі ў Вялікай Брытаніі выказваліся 24% грамадзян.