Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, калі і дзе пахаваюць каралеву Лізавету ІІ


Карл ІІІ і яго жонка, каралева-кансорт Каміла
Карл ІІІ і яго жонка, каралева-кансорт Каміла

Пахаваньне брытанскай каралевы Лізаветы II пройдзе у панядзелак 19 верасьня ў Вэстмінстэрскім абацтве ў Лёндане, паведаміў Букінгемскі палац.

Труна з целам каралевы 11 верасьня будзе перавезеная з шатляндзкага замку Балмарал, дзе яна памерла 8 верасьня, у Эдынбург. У саборы сьвятога Эгідзія 12 верасьня адбудзецца памінальная служба з удзелам новага караля Карла III і членаў каралеўскай сям’і. На працягу сутак жыхары Шатляндыі змогуць разьвітацца з каралевай, труну зь целам якой усталююць у саборы. Увечары 13 верасьня яе на самалёце перавязуць у Лёндан.

14 верасьня труну перавязуць з Букінгемскага палацу ў Вэстмінстэрскі, дзе на працягу чатырох дзён будзе арганізаванае разьвітаньне з каралевай.

19 верасьня пройдзе дзяржаўнае пахаваньне — першае ў Брытаніі з часоў сьмерці Ўінстана Чэрчыля ў 1965 годзе.

Пасьля завяршэньня разьвітаньня ў Вэстмінстэрскім абацтве труна зь целам каралевы будзе перавязеная ў Віндзарскі замак, дзе Лізавета II будзе пахаваная.

Чакаецца, што на пахаваньне каралевы прыедуць лідэры многіх дзяржаў сьвету. Аб сваім намеры прыехаць у Лёндан, у прыватнасьці, заявілі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і японскі імпэратар Нарухіта. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, паводле слоў яго прэс-сакратара, не плянуе паездку, хто будзе прадстаўляць Расею, пакуль невядома.

Раней Карл III быў афіцыйна абвешчаны новым каралём Вялікай Брытаніі.

Старэйшы сын Лізаветы II аўтаматычна атрымаў у спадчыну пасад пасьля яе сьмерці. 10 верасьня ў Лёндане яго афіцыйна абвясьціла манархам Рада спадкаваньня пасаду.

Праклямацыя, як адзначае Расейская служба BBC, была падпісаная спадчыньнікам пасаду, каралевай-кансортам Камілай, лідэрам Палаты абшчын і лордам-старшынём рады Пэні Мордаўнт, прэм’ер-міністрам Брытаніі Ліз Трас і арцыбіскупам Кентэрбэрыйскім.

Каралева Лізавета II памерла ва ўзросьце 96 гадоў. Яна ўступіла на пасад у 1952 годзе і стала самым доўгакіруючым манархам у гісторыі Вялікай Брытаніі і Ангельшчыны.

Яе старэйшы сын Чарльз, які стаў каралём, адзначыў, што сьмерць Лізаветы II стала «момантам найвялікшага смутку» для яго і ўсіх чальцоў сям’і.

«Я ведаю, што яе страта будзе глыбока адчувацца ўсёй краінай, каралеўствамі, Садружнасьцю і незьлічоным мноствам людзей па ўсім сьвеце. У пэрыяд жалобы і перамен я і мая сям’я знойдуць суцяшэньне ў веданьні аб павазе і глыбокай прыхільнасьці, якімі каралева карысталася», — адзначыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG