Ва Ўкраіне з пачатку вайны загінулі 39 журналістаў. 16 верасьня ўшаноўваюць іх памяць

Ілюстрацыйнае фота

16 верасьня ў большасьці рэгіёнаў Украіны адбываюцца акцыі ўшанаваньня памяці ўсіх загінулых журналістаў. БАЖ заклікала далучыцца да ўшанаваньня загіблых калег.

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны ва Ўкраіне загінулі 39 журналістаў, у тым ліку восем — у часе выкананьня прафэсійных абавязкаў, 13 — цывільных ахвяр і 18 грамадзян, якія мабілізаваліся ў войска.

Паводле журналісцкай арганізацыі, яшчэ двое журналістаў-вайскоўцаў лічацца бязь зьвестак зьніклымі.

16 верасьня ў большасьці рэгіёнаў Украіны адбываюцца акцыі ўшанаваньня памяці ўсіх загінулых журналістаў.

Традыцыйна памятныя захады адбываюцца кожны год у гэты дзень, калі адзначаецца чарговая гадавіна зьнікненьня ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ. Ён прапаў 16 верасьня 2000 году. Ягоныя парэшткі пахавалі толькі праз 15 гадоў пасьля забойства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Георгія Гангадзэ пахавалі праз 15 год пасьля забойства

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікала далучыцца да ўшанаваньня загінулых ва Ўкраіне калег і запаліць зьнічы ў іхную памяць.

У БАЖ таксама паведамілі аб адкрыцьці ў Вільні выстаўкі аб працы журналістаў на вайне. Выстаўку арганізавалі «Інстытут масавай інфармацыі» (Кіеў), «Інтэрньюс» пры падтрымцы Літоўскага клюба фотажурналістаў.

21 верасьня ў Вільні адбудзецца акцыя праваабаронцаў у знак салідарнасьці з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі 32 журналісты