Беларус Зьміцер «Ліс» ад канца 2021 году служыць у складзе Ўзброеных сілаў Украіны. Зь першых дзён вайны ён знаходзіўся на Херсонскім кірунку.
10 верасьня падчас наступу УСУ 21-гадовы беларус атрымаў раненьне. Са шпіталя Зьміцер расказаў Свабодзе пра тую апэрацыю (не называючы месцаў, што забаронена), а таксама пра настроі ў арміі.
«Мы высунуліся штурмаваць расейскія пазыцыі. Гэта была такая лесапасадка ўздоўж каналу, мы ўжо некалькі разоў там былі, месца моцна прастрэльвалася. Зайшлі туды, прачакалі некалькі гадзін. Тады месца стала апрацоўваць наша артылерыя, „Хамэры“, кулямёты. Тады мы пайшлі ў атаку. Атрымалася ўзяць левую частку пасадкі, якая загіналася літарай Г, а вось правую мы не ўзялі», — расказвае Зьміцер.
«Ліс» кажа, што ішоў у другой групе салдатаў, што зьдзяйсьнялі наступ. З сабой у хлопца быў чэскі гранатамёт RPG.
«Нам трэба было прайсьці мэтраў васямсот. Бачу, што перад намі пачынаецца страляніна. Мы выцягнуліся ланцужком уздоўж канала, пачаўся кантактны бой, расейцы былі літаральна за дзесяць мэтраў ад нас. Пачалі перастрэльвацца „па-самалійску“ (з паднятай над галавой зброяй. — РС) праз канал. Я дастаў гранатамёт, стрэліў у іх бок, канечне, трапіць я ня мог. Цяпер, абдумваючы, зрабіў бы інакш. На нейкі час усё заціхла», — расказвае беларус.
У час гэтага наступу загінуў адзін з байцоў УСУ. Ён ішоў непасрэдна перад «Лісам».
«Гэта быў ягоны першы кантактны бой, хоць ён быў больш дасьведчаны за мяне. Яму зусім не пашанцавала, мне пашанцавала крыху болей. Мы прасунуліся на мэтраў сто, пэрыядычна перакідваліся гранатамі. Дайшлі да новай пазыцыі праціўніка, я крыў левы флянг, каб расейцы там ня высунуліся. Бачу бакавым зрокам, што хлопец як бег, гэтак і на бок заваліўся. Пачынаю страляць, лажуся, называю яго імя, пытаюся, што з табой, але ніякай рэакцыі не было».
У гэты момант, расказвае «Ліс», да раненага дапоўз іншы пабрацім, які і засьведчыў, што баец загінуў.
«Гэта была імгненная сьмерць. Я ў гэты час страляў і не заўважаў, як за мэтры тры ад мяне выбухае граната РГД-5. У гэты момант твар нібыта агнём апаліла, адчуў цяжкі накдаўн. Дзьве-тры сэкунды я быў амаль у непрытомным стане, усё паплыло, поўная дэзарыентацыя. Тым ня менш хутка ачомаўся, адчуў, што з роту цячэ кроў. Пасекла твар, нос, каля вачэй. Я бачу, што рука не трымае аўтамат. З кісьці зь вены інтэнсіўна цячэ кроў, рука цалкам была ў крыві», — працягвае баец.
«Ліс» расказвае, што заціснуў пальцамі вену і пачаў адпаўзаць назад. Іншы пабрацім дапамог яму зацягнуць турнікет на руцэ.
«Пакуль ён зацягваў, я адстрэльваўся адной рукой, каб ніхто ня мог вылезьці і кінуць у нас гранату. Я пачаў эвакуавацца, я б мог працягнуць бой, але ненадоўга. Рука ўжо пачала ацякаць, моцна балела. Расейцы былі настолькі блізка, што мы нават чулі іх перамовы: «Укропы наступают».
У выніку таго бою, па словах Зьмітра, ва ўкраінскага боку адзін загінулы, у расейцаў — трое.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйшлі з двара і аўтаматамі машыну сына ва ўпор расстралялі». Жыхары вызваленай Балаклеі пра расейскую акупацыю. ФОТА, ВІДЭА«Раненьне атрымліваць аказалася не балюча. Але вэтэраны кажуць, што гэта толькі першае небалючае. У мяне кантузія. Аскепкі гранаты зайшлі глыбока, яны ня гнояцца, іх няма сэнсу чапаць. Маторыка пальцаў захавалася, але такое адчуваньне, нібыта дубінкай па руцэ далі. Найбольш баляць вялікі і ўказальны пальцы. Твар нармальна, са скулы дасталі аскепак. Зашылі верхнюю губу, ніжняя сама зраслася», — расказвае «Ліс».
Хлопец кажа, што наступ украінскай арміі ў Харкаве моцна натхніў байцоў і на іншых кірунках фронту.
«Гэта факт, што мы ў Херсонскай вобласьці адцягнулі на сябе ўвагу перад наступам у Харкаўскай вобласьці. Харкаў вельмі моцна ўсіх акрыліў. Дух украінскай арміі пасьля гэтага вельмі моцна падняўся. Спадзяюся, вярнуся ў шыхты, калі нашы ўжо прарвуць першую лінію расейскай абароны, і змагу далучыцца да пераможнага маршу на Херсон», — сьмяецца «Ліс».