У Расеі яшчэ аднаго дэпутата аштрафавалі за заклік абвінаваціць Пуціна ў дзяржздрадзе

Дэпутат Мікіта Юфераў

Раней заклікі да адстаўкі Пуціна апублікавалі некалькі дэпутатаў з розных муніцыпалітэтаў Масквы, Пецярбурга і Выбарга.

Суд у Пецярбургу аштрафаваў дэпутата савету муніцыпальнага ўтварэньня Смольнінскае Мікіту Юферава па артыкуле аб дыскрэдытацыі ўлады. Раней ён разам з калегамі зьвярнуўся да Дзярждумы з прапановай абвінаваціць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе, паведамляе руская служба Радыё Свабода.

Суд прызначыў Юфераву штраф у 46 тысяч рублёў (каля 770 даляраў). Па гэтым жа артыкуле напярэдадні аштрафавалі на 47 тысяч рублёў іншага чальца савета Смольнінскае — Дзьмітрыя Палюгу. Дэпутаты зьбіраюцца абскардзіць рашэньні суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі — апошні дзень галасаваньня на выбарах розных узроўняў: сярод парушэньняў незаконная агітацыя да выкраданьне назіральнікаў

Згодна з судовай пастановай, увечары 7 верасьня 2022 года Палюга, знаходзячыся каля ўваходу ў будынак МУ Смольнінскае, публічна зьвярнуўся да нявызначанага кола асоб з прамовай, накіраванай на дыскрэдытацыю дзейнай улады Расеі. Пакуль Палюга выказваўся, Юфераў яго падтрымліваў.

У сваім звароце дэпутаты заклікалі Дзярждуму абвінаваціць Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе, каб адправіць яго ў адстаўку. Рашэньне Пуціна аб пачатку ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны наносіць шкоду бясьпецы Расеі і яе грамадзян, заявілі яны. Зварот падтрымалі сем дэпутатаў — большасьць савету Смольнінскае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На піцерскіх дэпутатаў, якія прапанавалі абвінаваціць Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе, склалі пратаколы

Пасьля заявы дэпутатаў суд дазволіў губэрнатару Санкт-Пецярбурга распусьціць савет муніцыпальнага ўтварэньня Смольнінскае.

Гарадзкая пракуратура зьвярнулася ў суд яшчэ ў 2021 годзе, спаслаўшыся на тое, што савет не зьбіраўся больш за тры месяцы. Але слуханьні справы ўвесь час пераносіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты з Масквы, Пецярбурга і Колпіна запатрабавалі адстаўкі Пуціна