Што ня так з колкай дроваў, якую зладзіў Лукашэнка? Тлумачыць вясковец зь Нясьвіскага раёну

Аляксандар Лукашэнка разам з Сяргеем Цяцерыным коле дровы

Тэлеграм-канал «Пул первого» выклаў відэа, дзе Аляксандар Лукашэнка ў кампаніі трэнэра па тэнісе і бізнэсоўца Сяргея Цяцерына коле дровы пад размовы аб магчымым крызісе з ацяпленьнем у Эўропе.

Карыстальнікам інтэрнэту пасьля прагляду відэа кінуліся ў вочы некалькі дэталяў. Найперш зьвярнулі на сябе ўвагу дровы, якія, падобна, былі падабраныя адмыслова для гэтага відэа. На ніводнай калодзе не відаць ня тое што камлёў, але нават сучкоў, толькі лес-кругляк. Калоць такія дровы нашмат прасьцей, зь ім фактычна не ўзьнікае ніякіх праблем.

Лукашэнка на відэа бярэ вялікі кругляш, разьбівае яго на дзьве часткі. Потым спрабуе расьсекчы палову яшчэ раз, але ў яго не атрымліваецца — адбіваецца толькі невялікая частка палена. У выніку Лукашэнка кідае ў гатовае амаль неразьбітую палову калоды.

«У якую печку ці грубку могуць улезьці такія дровы? — задаецца пытаньнем вясковец зь Нясвіскага раёну Міхась, зь якім пагаварыла Радыё Свабода. — У печы паляць усё ж меншымі дровамі. А нават калі і ўлезе, то яно будзе гарэць даўжэй за астатнія дровы. Гэта нязручна, могуць утварацца галавешкі, а праз гэта цяпло сыходзіць зь печы».

І гэта не адзіны прыклад. Амаль усе дровы на відэа пасечаныя вельмі буйна. Такія ж прыкладна дровы можна бачыць зьлева ад Цяцерына.

Яшчэ адзін момант, які выклікаў увагу, — гэта пастава Лукашэнкі, калі ён замахваецца сякерай.

«Ён амаль не расстаўляе ногі, сякера можа сарвацца і заехаць па назе, так можна атрымаць сур’ёзную траўму», — кажа Міхась.

Сякера ў Лукашэнкі не беларуская, а фінская Fiskars, такая ў Менску каштуе ад 310 да 340 рублёў. Фінскія сякеры славяцца сваёй добрай якасьцю. Вага такой сякеры 2,4 кіляграма.

У Цяцерына ўжо сякера беларускай вытворчасьці ад МТЗ. Такія сякеры каштуюць каля 110 рублёў, а важаць адзін кіляграм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі комік Слава Камісаранка: «Трэба было выступаць па-беларуску значна раней, бо Лукашэнка нічога не разумее»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку і Пуціна не запрасілі на пахаваньне Лізаветы II