Украінскі горад Буча, спадарожнік Кіева, стаў сымбалем злачынстваў расейскага войска. Тут пасьля вызваленьня гораду ў канцы сакавіка 2022 году знайшлі сотні целаў закатаваных і забітых мірных грамадзян.
У Бучы 13 верасьня пачала працу выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі». Упершыню фатаздымкі выстаўляліся ў Львове, у дзень чарговай гадавіны беларускіх пратэстаў 9 жніўня.
«Пасьля выставы ў Львове мы вырашылі не абмяжоўвацца адным горадам і расказаць украінцам, што адбывалася ў гэтыя гады ў Беларусі. Натуральна, і ў нас было хваляваньне наконт Бучы, бо расейскія войскі прыйшлі сюды менавіта зь беларускай тэрыторыі, праз чарнобыльскую зону. Мы хваляваліся, што сутыкнёмся з рэзкай рэакцыяй, але вырашылі паспрабаваць. Пасьля адкрыцьця выставы мы адчулі зваротную сувязь — яна была пазытыўная», — падзялілася са Свабодай арганізатарка выставы Настасься Доль.
Выстава адкрылася ў публічнай бібліятэцы Бучы. Дазвол на правядзеньне яе дала Бучанская гарадзкая рада.
«Зь іхнага боку таксама не было перашкод, наадварот, яны ўхвалілі такую выставу, даволі хутка далі дазвол. У радзе людзі разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Яны разумеюць, што вайна магчымая таксама і таму, што ў Беларусі 28 гадоў існуе дыктатура», — дадала арганізатарка.
Настасься кажа, што ад наведнікаў выставы атрымалі добразычлівую рэакцыю.
«У вачах украінцаў мы бачылі спачуваньне і разуменьне. Пэўная дыскусія была ў сацыяльных сетках. Там было зьдзіўленьне такому праекту і нашай „нахабнасьці“ праводзіць такую выставу ў Бучы», — кажа арганізатарка.
Ёй блізкія падзеі як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі. На пачатак вайны Настасься жыла ў Ірпяні. Пасьля эвакуавалася, цяпер зноў вярнулася ў Ірпень.
«Я бачыла, якім быў горад да 24 лютага і які ён цяпер. Я таксама, як многія беларусы, адчуваю віну за гэта, такі „комплекс беларуса“. Мне таксама балюча», — кажа Настасься.
Праект «Колеры беларускай рэвалюцыі» пачынаўся з партрэтаў зьняволеных украінцаў, якія падтрымалі беларускія пратэсты. Пазьней праект пашырыўся — да выставы дадаліся здымкі тых, хто падтрымліваў Украіну, і тых, хто трапіў за краты за антываенную пазыцыю.
Здымкі для выставы былі стылізаваныя пад імгненныя здымкі Polaroid. Пад імі — кароткая інфармацыя пра тое, за што чалавека затрымалі, і QR-код, які вядзе на старонку з гісторыяй палітвязьня на сайтах праваабарончых ініцыятыў.
На выставе прапануюць паштоўкі і інструкцыю, каб напісаць ліст у турму і выказаць словы падтрымкі.
Арганізатары выставы плянуюць прывезьці яе ў Адэсу, Кіеў і Чарнігаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паспрыяў розгалас у СМІ». Беларускай праваабаронцы Анісіі Казьлюк далі часовы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне