Пра гэта Свабода пагутарыла зь беларусамі, якія вымушана жывуць за мяжой.
«Людзі ўцякалі ад Лукашэнкі і да яго яны ня будуць вяртацца»
Журналістка Вольга Быкоўская ня верыць ані ў рэальную амністыю для палітычных зьняволеных, ані ў «прабачэньне для „беглых“».
«Хутчэй за ўсё, яны агучаць да так званага Дня народнай еднасьці сьпіс камісіі па памілаваньні. Лукашэнка дагэтуль помсьціць сваім апанэнтам, чаго ён будзе прабачаць? Людзі, якія зьехалі зь Беларусі, зьехалі менавіта ад Лукашэнкі. Многія хочуць вярнуцца ў Беларусь, але не да Лукашэнкі, не пры ім», — кажа журналістка.
Анансаванае пазбаўленьне грамадзянства яна лічыць «піяр-кампаніяй», а не сур’ёзнай шкодай для ўцекачоў.
«Калі такое адбудзецца, то вельмі хутка знойдзецца нейкі варыянт рашэньня праблемы. Лукашэнка захрас у савецкай тэме, але зараз сытуацыя вельмі хутка зьмяняецца. Ну вось ён спрабаваў закрыць выезды — але беларусы знаходзілі варыянты, нейкае выйсьце. Беларусь пакуль не Паўночная Карэя і наўрад ці можа ёю стаць», — кажа Вольга Быкоўская.
Што б ні казаў Лукашэнка і ні абяцаў, журналістка лічыць, што «веры яму няма». «Хто яму паверыць? Сёньня паедзеш, заўтра знойдуць падставу, каб пасадзіць», — дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»«Пазбаўленьне грамадзянства — гэта парушэньне ўсіх законаў, але мы даўно прабілі дно»
Максім (імя зьмененае. — РС) пасьля падзей 2020 году перабраўся жыць ва Ўкраіну. Цяпер ён жыве ў Львове. Кажа, што не паверыць Лукашэнку, нават калі той запросіць «беглых» назад у краіну.
«Я не вар’ят, каб яму верыць. Пасьля таго, што ён зрабіў, хто яму наогул паверыць? Мы нагледзеліся на ягоныя абяцаньні за гэтыя дзесяцігодзьдзі. Даверу да гэтай улады няма ніякай. Забраць грамадзянства — гэта парушэньне ўсіх законаў, але ў нас жа „не да законаў“ і мы даўно прабілі дно. Маёмасьці я ў Беларусі ня маю, але людзі, якія маюць, мусяць падстрахавацца неяк, перааформіць яе на іншых, я так лічу», — кажа Максім.
Ён ня верыць, што па амністыі выйдуць вядомыя палітвязьні. «Ну мо выпусьцяць да сотні тых, хто за нязначнае „злачынства“ кшталту камэнтароў сядзіць. Гэта будзе паказальна, ад іх будуць патрабаваць „пакаяньня“ і каб яны дзякавалі публічна Лукашэнку», — лічыць эмігрант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў выказаўся за амністыю, але ня хоча выпускаць з турмаў «бандытаў» і «экстрэмістаў»«Пагроза канфіскацыі маёмасьці — для застрашваньня»
Аляксей (імя зьмененае. — РС) жыве цяпер у Польшчы. Ён хоча вярнуцца ў Беларусь, але «тады, калі Лукашэнка памрэ, а на ягонае месца ня прыйдуць карпянковы ці кубраковы».
«Ні ў якія заклікі ці абяцаньні я не паверу, бо Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі — людзі, абсалютна пазбаўленыя маралі, іх словы ня вартыя аніякага даверу. Колькі разоў нам абяцалі і хлусілі. Яны нашчадкі бальшавікоў і камуністаў. Тыя абвяшчалі адлігу і амністыі — а потым людзей кідалі за краты. Так было ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя, калі нашых дзеячаў заклікалі вярнуцца ў БССР і потым кінулі за краты. Так было ў Польшчы ў саракавых гадах, калі камуністы абвяшчалі амністыі і потым садзілі людзей у турмы», — кажа Аляксей.
Ён лічыць, што цалкам магчыма і пазбаўленьне грамадзянства для «беглых», і канфіскацыя маёмасьці.
«Пачнуць, вядома, зь лідэраў, але на іх ня спыняцца. Бо некалі Nexta абвясьцілі экстрэмістам, пазьней — усіх, каго толькі можна. Пазбавяць мяне грамадзянства? А што мне цяпер можа прапанаваць беларуская дзяржава, апроч шконкі ў турме? Улада некалі зьменіцца, адновім тады сваё грамадзянства, калі забяруць», — кажа беларус.
Маёмасьці ў Беларусі ён ня мае. Лічыць, што пагрозы забіраць кватэры — «сродак для застрашваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Рэжым пачынае размовы пра амністыю толькі тады, калі спрабуе гандляваць закладнікамі дзеля зьняцьця санкцый«Я паляшучка, і гэтага ў мяне ніхто не забярэ ніколі»
Кацярына (імя зьмененае. — РС) займалася ў Беларусі экалягічнымі праектамі. Калі прыйшлі і па эколягаў, мусіла выехаць зь Беларусі ў Малдову.
«Спачатку проста паехала ў госьці да сябра. Ды так і засталася, калі ўбачыла, як нашы арганізацыі пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі. Я ня бачу асаблівага сэнсу ў маім веку цягацца па судах ці сядзець у турме. Што тычыцца словаў Лукашэнкі, дык я ніколі за яго не галасавала, і, рэзка кажучы, мне пляваць, што ён там кажа. Гэта як „адна баба сказала“. Ён нам прабачыць? Ды яму трэба маліцца, каб беларусы яму прабачылі за тое, што ён зрабіў з краінай. Мы атрымліваем грамадзянства тады, калі нарадзіліся. Мы маем свае карані, дзядоў, бабуль. І не лукашэнкам вырашаць гэта. Я наогул усім кажу, што я паляшучка. Бо я тут нарадзілася і ўсе мае продкі. У мяне гэтага ніхто ня можа забраць», — кажа Кацярына.
Наконт канфіскацыі маёмасьці Кацярына лічыць, што гэта «ў духу лукашызму».
«Яны ўвесь час займаліся тым, што канфіскоўвалі маёмасьць, чужое жыцьцё — яны як бандыты. Таму мяне такая ідэя не зьдзіўляе. Кожны, хто зьехаў зь Беларусі, — зрабіў цяжкі выбар. І ён разумее, што можа вярнуцца, і, як сьпяваў Віктар Цой, „застаць у руінах свае гарады“. І так, і так чалавек можа не пабачыць сваёй кватэры. Я па-філязофску стаўлюся да такой пэрспэктывы. Калі так здарыцца, што нашае жытло забяруць, то, калі я вярнуся ў Беларусь, мы знойдзем тых, хто гэтым займаўся на мясцовым узроўні, і выставім ім рахунак за ўсё гэта. У прамым і пераносным сэнсе», — кажа Кацярына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пробліск літасьці пасярод лявіны рэпрэсій. Навошта Лукашэнку амністыя?«Ня столькі страшны ён сам, як „калектыўны Лукашэнка“»
Сяргей Марцэлеў цяпер вымушана жыве ў Польшчы. Ён выехаў зь Беларусі, як сам кажа, «не ад добрага жыцьця» — праз Расею, Турэччыну, Украіну. Ён ня верыць у «добрага Лукашэнку» і магчымасьць цяпер ці неўзабаве вярнуцца ў Беларусь.
«Аніякіх кампрамісаў, аніякага вяртаньня цяпер ня можа быць. Бяда ў тым, што сам Лукашэнка ня самая вялікая пагроза. Ён сьмяротны, ён немалады і нездаровы. Але ягоная сьмерць ня ўсьмерціць „калектыўнага Лукашэнку“ — тых людзей, якія абавязаныя яму пасадамі, матэрыяльным дабрабытам, кар’ерным ростам. Яны будуць паўтараць ягоныя наратывы, стэрэатыпы ў замежнай і ўнутранай палітыцы. Гэта дынастыя ня крэўная, а па духу, якая будзе пагражаць стратай незалежнасьці і сувэрэнітэту. І месца для беларусаў, якія ня згодныя, там ня будзе», — кажа Сяргей.
Што да магчымага пазбаўленьня грамадзянства, то, на ягоную думку, гэта грубае парушэньне міжнароднага права і Канстытуцыі. «Нават у СССР практыка пазбаўленьня грамадзянства прымянялася кропкава, былі адзінкавыя выпадкі. Таму пакуль я ня ўпэўнены, што Лукашэнка будзе масава пазбаўляць усіх тых, хто зьехаў, грамадзянства», — лічыць ён.
Пляны наконт канфіскацыі маёмасьці ў палітычных эмігрантаў ён лічыць сур’ёзнай спробай ціску на сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.
«Думаю, што такі крок, такія пляны — ад адчаю. Людзі, якія зьехалі, былі гатовыя да таго, што так ці інакш ня змогуць жыць у сваіх кватэрах. Але свабода — вышэйшая каштоўнасьць, чым кватэра. Калі ты вольны, маеш рукі, ногі, — можаш зарабіць. Але калі ты малады і перад табой дзясяткі гадоў у турме — твая будучыня страчана. Так, многія людзі пішуць, што „яны ня будуць столькі сядзець“. Але пакуль мы знаходзімся ўсё-ткі ў стадыі „адступленьня“ і пасьля 2020 году нам яшчэ няма чаго прапанаваць», — выказаўся Сяргей Марцэлеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленьне грамадзянства і амністыя ад Лукашэнкі. Камэнтар Валера Карбалевіча«Страціць грамадзянства ня значыць, што чалавек будзе сядзець на плыце сярод акіяну»
Журналістка Марыя Грыц таксама ня верыць у шчырасьць Аляксандра Лукашэнкі.
«Наконт „амністыі для беглых“ — гэта вельмі дзіўная штука. Амністыя для палітвязьняў — я ў яе веру трохі больш, буду верыць да апошняга. Таму што ўжо край — калі паглядзець што робіцца з эканомікай і людзьмі. Будзе такі „добры крок“, бо чалавек ужо каля сьценкі», — кажа беларуска.
Яна ня верыць, што Лукашэнка можа запрасіць «беглых» вярнуцца дахаты, дзе іх будуць чакаць з хлебам-сольлю. «У тое, што „прыедзьце — і я вас усіх пасаджу“ — я веру, гэта было ад чыстага сэрца. Зь цяперашніх палітвязьняў ён выціснуў усё, што мог — паглядзіце, якія, апроч тэрмінаў, ім даюць вялізныя, проста вар’яцкія штрафы!» — кажа Марыя Грыц.
Яна ня думае, што ўсе, хто выехаў зь Беларусі «праз палітыку», будуць пазбаўлены грамадзянства.
«Хутчэй гэта будзе тычыцца тых, хто асабіста „насаліў“ Лукашэнку, і ён ужо мае пляны на іх маёмасьць. Пагрозы пазбавіць грамадзянства — гэта такі крок адчаю. Людзі зьехалі, яны маюць магчымасьць жыць безь яго, Лукашэнкі. І адзінае, што засталося, — пагражаць забраць грамадзянства. Чалавек можа пражыць без грамадзянства. Гэта ж ня значыць, што ён будзе адзін у акіяне сядзець на плыце. Псыхалягічна гэта цісьне, вядома. Але зараз мне беларускае грамадзянства нічым не дапамагае», — кажа журналістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча трошкі астудзіць запал «ястрабаў», паказаць, што ён не такі крыважэрны на фоне іншых, — Рудкоўскі«Хто ён такі, каб мне прабачаць? Гэта ніжэй за мой гонар!»
Раман (імя зьмененае. — РС) пасьля Беларусі пасьпеў пажыць у розных краінах. Цяпер ён у Армэніі.
«Я вярнуся ў Беларусь, як толькі будзе магчымасьць, як толькі зьменіцца рэжым, не раней. Лукашэнка нам прабачыць? Гэта ніжэй за мой гонар! Хто ён такі, каб мне прабачаць? І за што? Паўзьці на каленях? Гэта не да нас!» — кажа беларус.
Ён верыць, што беларускія ўлады могуць і грамадзянства пазбавіць, і кватэры забраць.
«Пачнуць зь лідэраў, канечне. Потым лідэры скончацца, а ім трэба будзе паказваць бурную дзейнасьць — пойдуць па іншых. Непрыемна, мякка кажучы, што маім грамадзянствам могуць распараджацца людзі, якіх я на гэта не ўпаўнаважваў. Ну хай паспрабуюць», — дадаў Раман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад рэпрэсій да амністый. Калі дэспатычныя рэжымы перастаюць помсьціць пераможаным ворагам«Мяне маёмасьць хвалюе менш за ўсё ў жыцьці»
Уладзімер пасьля пагроз з боку міліцыі перабраўся спачатку ва Ўкраіну, потым у Польшчу. Пазьней да яго прыехалі жонка і сын. Ён хоча вярнуцца на радзіму, але ня бачыць пакуль умоў для гэтага.
«Я хачу, каб дзяржава наша была дэмакратычнай, каб я мог забясьпечыць сабе, жонцы і сыну нармальнае жыцьцё. Пакуль у Беларусі гэта немагчыма. У Польшчы для нас цяпер гэта магчыма. Ніякім абяцаньням беларускай улады я не паверу. Каму верыць? Бандытам, якія захапілі ўладу? Яны ж будуць і грамадзянства забіраць? Хай забіраюць. Гэта ўсё часова», — кажа Ўладзімер.
Наконт канфіскацыі маёмасьці ён кажа, што яго гэта хвалюе «менш за ўсё». «Гэта ўсё можна нажыць, зарабіць, мяне гэта мала хвалюе ўвогуле», — дадаў беларус.