Нягледзячы на заклікі ўладаў не вяртацца ў вызваленыя населеныя пункты да таго часу, пакуль іх старанна не правераць украінскія вайскоўцы і сапэры, мясцовыя жыхары ўсё роўна едуць у родныя дамы.
Горад Ізюм, па словах мірных жыхароў, амаль зраўнялі зь зямлёй. Сотні разбураных дамоў, аптэк і крамаў.
Вось што напісала пра родны горад жыхарка Ізюму Ірына. Яна пакуль ня можа даць інтэрвію ўжывую і ўвесь час плача:
«Горад наш вельмі разбураны. Пішуць, што па ім было выпушчана больш ракет, чым па Марыюпалі. Загінулі за гэты час больш за тысячу мірных жыхароў. Неўзабаве ў горад завязуць гуманітарку, людзі ж галодныя, шмат хворых. Ацяпленьня ня будзе, бо разьбітыя кацельні. Шмат замінаваных дамоў, на вуліцы раскіданыя „пялёсткі“. Людзі патроху выходзяць на сувязь».
У горадзе зноў зьявілася ўкраінская мабільная сувязь, мясцовыя жыхары ўсё яшчэ па звычцы зьбіраюцца на ўзгорку, дзе сетка ловіцца найлепш. Адсюль горад як на далоні. Нягледзячы на стан Ізюму, людзі радуюцца яго вызваленьню.
Надзея Несалёная жыве ў Ізюме на вуліцы Мураўскай. Калі заехалі першыя дзьве машыны з украінскімі салдатамі, іх сустракалі са сьлязьмі на вачах:
«Чакалі іх, проста не чакалі, што так раптоўна яны прыйдуць, але чакалі цэлых паўгода і вельмі рады».
Надзея была ў Ізюме падчас вызваленчых баёў. Кажа, расейскія войскі ўцякалі з гораду ўночы:
«А палове другой ночы пачаліся абстрэлы, і яны кажуць, што самі падпалілі свае там месцы свайго знаходжаньня, сьляды замяталі, ну, а мы так зразумелі, што гэта ўжо канец ім».
«Проста расейцы былі тут, а потым у абед як пачалі лямантаваць, і пачалі ўцякаць хутка ўтупую, у танкі, у БМП і зьяжджаць», — апавядае жыхар вёскі Чыгуначнае Зьміцер Грушчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка можа стаць першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны, — украінскі палітоляг МагдаУ Чыгуначным ужо працуюць сьледчыя — праводзяць эксгумацыю чатырох чалавек. Гэта жыхары Чыгуначнага, якіх, паводле слоў мясцовых, жорстка забілі расейскія салдаты падчас акупацыі. Адразу ж пасьля таго, як УСУ вярнулі кантроль над сялом, людзі паведамілі праваахоўным органам аб злачынствах.
У суседнім сяле Чкалаўскім людзі праводзяць экскурсію па сваім доме, у якім усе паўгода акупацыі жылі расейскія салдаты: яны паказваюць беспарадак у памяшканьні, кажуць, што расейцы пакралі нават сподняе. Але забылі свой акардэон.
У вызваленых УСУ населеных пунктах украінская армія праводзіць ваенныя апэрацыі, горад Купянск па-ранейшаму часткова пад кантролем расейскага войска, яго пастаянна абстрэльваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленьне гарадоў і вёсак на Харкаўшчыне і Херсоншчыне: эмоцыі людзей і захопленая тэхніка. ФОТA і ВІДЭAУ горадзе Балаклеі спакайней. Там усё яшчэ няма сьвятла і вады, але ўжо працуюць камунальныя службы і спрабуюць усё аднаўляць. Людзі адыходзяць ад шоку акупацыі. Жыхарка Балаклеі расказвае, што ў падвалах гараджане правялі тры месяцы, а некаторыя дагэтуль там жывуць. Іншы наш суразмоўца так апісвае будні акупацыі: рух па горадзе бяз пашпарта забаронены, усе тэлефоны аглядалі, а калі недзе знаходзілі ўкраінскую жоўта-блакітную сымболіку, тэлефон кідалі на падлогу і разьбівалі прыкладам.
У гарадах і сёлах знаходзяць сотні кінутых боепрыпасаў і расейскую тэхніку, усё гэта старанна правяраюць сапэры.
Мясцовыя жыхары расказваюць, што першае, за што бяруцца пасьля вызваленьня гарадоў і вёсак, — вяртаюць украінскую сымболіку, якую так старанна спрабавалі зьнішчыць расейскія войскі.