Камандуючы нацыянальнай арміяй Самалі капітан Мухамад Ібрагім Дауд паведаміў «Голасу Амэрыкі», што ўрадавыя войскі пры падтрымцы ўзброеных мясцовых жыхароў забілі больш за 100 баевікоў «Аш-Шабаб», а таксама вызвалілі 20 вёсак ад групоўкі, зьвязанай з «Аль-Каідай». Ён сказаў, што вернутыя вёскі ўключаюць некалькі ключавых месцаў у рэгіёне Хіран, у тым ліку невялікі горад Фідоў каля мяжы Самалі з Этыёпіяй.
Дауд сказаў, што войскі захапілі жывымі яшчэ 20 баевікоў. Ён прызнаў, што падчас баявых дзеяньняў яго войскі атрымлівалі падтрымку з паветра, не называючы краіны, якая гэтую дапамогу аказала.
Міністэрства інфармацыі Самалі заявіла, што гэтыя апэрацыі сталі першым крокам у рэалізацыі пляну ўраду па барацьбе з тэрарызмам і вынішчэньні ячэек і пазыцый «Аш-Шабаб» па ўсёй краіне.
«Урад Самалі імкнецца зьліквідаваць „Аш-Шабаб“ як пагрозу самалійскаму народу», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалі выбрала прэзыдэнта, але ўладу трымаюць тэрарыстыАбдулкарым Абдуле, незалежны аналітык па бясьпецы з Магадыша, сказаў, што мясцовыя апалчэнцы поўныя рашучасьці супрацоўнічаць зь сіламі бясьпекі для ліквідацыі тэрарыстаў. Безь мясцовых жыхароў, сказаў Абдуле, апэрацыя не магла бы быць пасьпяховай.
«Аш-Шабаб» пакуль не камэнтаваў заяваў ураду, але заявіў, што зьдзейсьніў сэрыю выбухаў у рэгіёне Хіран супраць самалійскіх сілаў бясьпекі.
Прэзыдэнт Самалі Хасан Шэйх Махамуд абвясьціў у жніўні «татальную вайну» супраць ісламістаў пасьля таго, як групоўка зладзіла сьмяротную аблогу гатэля ў сталіцы Магадыша, у выніку якой загінуў 21 чалавек і больш за 100 былі параненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малі атакавалі міратворчы канвой ААН: адзін чалавек загінуў і трое параненыя