Oryx Project: расейцы страцілі 333 адзінкі тэхнікі толькі за апошні тыдзень. Украінскія войскі месцамі дайшлі да мяжы з Расеяй

Зьнішчаны расейскі танк каля вызваленага ўкраінскага гораду Балаклея, 11 верасьня 2022 году

Паводле вайсковых экспэртаў і мясцовых уладаў, расейскія войскі і мясцовыя калябаранты імкліва ўцякаюць у глыб Расеі або акупаваных тэрыторый, якія яшчэ застаюцца пад кантролем расейцаў.

Aрганізацыя Oryx Project ацаніла страты Расеі і Ўкраіны ў вайне. Яны пацьвярджаюцца відэа- і фотаматэрыяламі. Расейскі сьпіс страчанай тэхнікі за апошні тыдзень папоўніўся 333 пунктамі. Зь іх 224 адзінкі тэхнікі ўкраінцы захапілі.

Многія з рэчаў, пазначаных як «пакінутыя», хутчэй за ўсё, будуць захопленыя або зьнішчаныя. Аналягічным чынам частка захопленага абсталяваньня можа быць зьнішчаная, калі яго немагчыма вярнуць. Калі паходжаньне абсталяваньня немагчыма высьветліць, яно не ўключаецца ў сьпіс.

Доля састарэлай, савецкага часу бранятэхнікі значна вырасла ў параўнаньні з пачаткам канфлікту. Гэта значыць, што расейскія арсэналы вычэрпваюцца. Aгулам Oryx Project зафіксаваў страту расейцамі 5801 адзінкі тэхнікі, у тым ліку 1083 танкаў. Украінцы страцілі 1577 адзінак.

Савецкім сьцягам у сьпісах страчанай тэхнікі пазначаюць тэхніку, вырабленую да 1991 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Украіна пераламіла ход вайны. Генштаб Узброеных сіл Украіны: расейцы імкліва пакідаюць свае пазыцыі

Да розьніцы ва ўзбраеньні, якое ва ўкраінцаў больш сучаснае, хоць яго і меней, дадаецца розьніцца ў абмундзіраваньні. На адным з прадстаўленых праектам здымкаў можна, напрыклад, бачыць расейскага салдата, які ваяваў ня ў берцах ці красоўках, а ў чаравіках.

Расейскія войскі захоўваюць ініцыятыву ў раёне Бахмуту і Горлаўкі. Аднак уся расейская групоўка на поўначы Луганскай вобласьці можа апынуцца пад пагрозай пасьля падзеньня Лімана — баі там працягваюцца двое сутак. Украінцы ня толькі свабодна фарсавалі Северскі Данец, каб выйсьці да гэтага гораду, але і перакінулі туды бранятэхніку.

Пра тое, што падзеі там разгортваюцца ў нявыгадным для Расеі рэчышчы, сьведчаць допісы шавіністычных каналаў, якія пашыраюць думку, што там украінцамі кіруюць інструктары NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскае войска пакінула некалькі населеных пунктаў на Луганшчыне і Хэрсоншчыне — Генштаб

Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Aлег Сінягубаў паведаміў, што ўкраінскія войскі на некаторых участках Харкаўшчыны дайшлі да мяжы з Расеяй. Вораг кідае свае пазыцыі і пасьпешліва ўцякае на пакуль яшчэ падкантрольныя расейцам тэрыторыі або адразу на тэрыторыю Расеі.

Намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка заявіў, што ўлады плянуюць апэратыўна дапамагчы насельніцтву вызваленых земляў.

«На дэакупаваныя тэрыторыі будзе дастаўлена першая мэдыцынская дапамога — гэта 11 тысяч прадуктовых набораў і столькі ж гігіенічных. Вядома, тавары для дзяцей: харчы, падгузкі, дзіцячыя сродкі гігіены. Гэта тое, што неабходна неадкладна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі больш за 40 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці — кіраўнік абласной адміністрацыі

Раней Узброеныя сілы Ўкраіны паведамілі пра вызваленьне пасёлка Сватава на Луганшчыне. Цяпер гэтую інфармацыю пацьвердзіў і кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«У Луганскай вобласьці расейскія вайскоўцы зь сем’ямі пакінулі Сватава, засталіся толькі вайскоўцы так званай „народнай міліцыі“ зь ліку мясцовых жыхароў. Акупацыйныя ўлады пацьвярджаюць інфармацыю аб перамяшчэньні вайскоўцаў і калябарантаў углыб Луганшчыны. Больш за тое, частка едзе транзытам на тэрыторыю Расеі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.