«Як іграюць, так і пляшы». Частка 5 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»

Вялікія Споры, Пастаўскі раён

Упершыню я прыехаў у Маладэчна ў жніўні 1992 году. У будынку палітэхнічнага тэхнікуму адбывалася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў. Мае вочы, дый ня толькі мае, яшчэ не нацешыліся нацыянальнымі сьцягамі над урадавымі будынкамі. Вуліцы Маладэчна, у адрозьненьне ад сталіцы, поўніліся гукамі жывой беларускай мовы. Прамовы на канфэрэнцыі праменілі аптымізм. Наперадзе нас чакала бліскучая беларуская будучыня. Доказам таму быў Вялікі Гасьцінец, яшчэ нядаўна праспэкт Леніна. А сам помнік правадыру на галоўнай плошчы ўжо выглядаў артэфактам мінулай эпохі. І трэба было быць вельмі цьвярозым рэалістам, каб не паддацца той нацыянальнай эўфарыі, што панавала на канфэрэнцыі. Здаецца, такім адзіным чалавекам выглядаў засяроджаны і крыху сумны Васіль Быкаў. Няўжо ён прадчуваў штосьці ўжо тады? Але мяне зьдзівіў не ягоны настрой. Я ўбачыў Быкава!

Упершыню мы, савецкія шкаляры, пазнаёміліся зь ім на ўроках беларускай літаратуры. „Жураўліны крык“ і „Альпійская баляда“. І гэта не была „херня на беларускай мове“. Дзякуючы Быкаву нам адкрылася тое, чаго мы ніяк не чакалі ад савецкага ваеннага пісьменьніка. Ды яшчэ ў кніжках „пра вайну“. Праўда аб перадваенных гадах. Карціны калектывізацыі. Расказы пра высылкі ў Сібір...

Але галоўнае маё знаёмства з майстрам адбылося ўлетку 1987-га. Я быў зачапіўся зь нейкім „каралём раёну“ на Сяльмашы. Спачатку „ка- роль“ мяне зачмарыў на вуліцы. Потым я, крыху выпіўшы і пераслухаўшы Высоцкага, перастрэў таго на вечаровай вуліцы — і ён ад мяне пабег! Я, нібыта інтэлігентны хлопчык, акулярнік, бяз досьведу вулічных боек, гнаў па сяльмашаўскіх дварах „караля раёну“. Вось што значыць сіла мастацтва! Але праз пару дзён быў сустрэты „каралём“ ужо са сьвітай. Як у той песьні — „их было восемь“. Білі нядоўга, але сіл не шкадавалі.

І вось я ляжаў з пабітай мордай, безь пярэдняга зуба, пакрыўджаны, зьнясілены, і шкадаваў сябе. Выпадкова на вочы трапілася кніга Быкава „Знак беды“, выдадзеная па-расейску маскоўскім выдавецтвам „Молодая гвардия“ ў 1984 годзе. І там жа, у Маскве, купленая бацькам. Ці то назва кнігі мяне падштурхнула да чытаньня (надта адпаведная была яна майму стану), ці то абрыўкі чутых размоваў. А пра гэты твор бацькі гаварылі многа. І я вырашыў разгарнуць нашумелую кнігу. І аўтар зачараваў мяне адразу. Самым першым сказам. „Время и люди не много оставили от некогда раскинувшейся здесь просторной хуторской усадьбы“. І чым больш я паглыбляўся ў чытаньне, тым болей забываўся на свае „знакі бяды“.

Чытаў я нясьпешна, часта вяртаючыся да прачытанага і зноў ступаючы ў пакуты герояў. І адбылося дзіва, якое можа зьдзейсьніць толькі вялікая літаратура. Адпакутаваўшы разам з героямі, якім аўтар не пакінуў ніводнага шанцу на выйсьце, разьвітаўшыся зь імі, я прачнуўся цалкам акрыялы. Як і не было нічога. Я зноў быў жывы і жыцьцярадасны. Як ён гэта зрабіў? Апошняя фраза была ня кропкай. „Но бомба дожидалась своего часа“. І вось празь пяць гадоў у Маладэчне я бачу гэтага чараўніка. Які зусім ня радуецца таму, што бачыць навокал сябе.

Наступная сустрэча з майстрам адбылася праз доўгія пяць гадоў, увосень 1997-га. Над краінай ужо не луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. А на выданьне быкаўскай новай кнігі „Сьцяна“ людзі скідваліся па капеечцы. Мой таварыш і калега, тэлежурналіст Алег Дашкевіч, запісаў для Віленскай тэлевізіі інтэрвію з Быкавым. Але ў працэсе запісу забыў уключыць мікрафон. Каб ня ганьбіцца другі раз, Алег папрасіў мяне запісаць яшчэ адну гутарку.

Мы сустрэліся з Быкавым каля менскай „Ямы“. Ён сам прапанаваў гэтае месца. Я адбарабаніў Дашкевічавы пытаньні. Але прыпас і сваё. „Васіль Уладзімеравіч, беларусы шмат пакутавалі на чужых войнах. Але ніколі не ваявалі за сябе. Можа, для таго, каб нацыі адбыцца, ёй патрэбная свая вайна?“ Быкаў і да таго глядзеў проста ў вочы. Але пасьля гэтага пытаньня паглядзеў асабліва. Уважліва. Неўразумела. І з адказам не сьпяшаўся. Адказ той я помню.

І гэта быў, як мне здалося, адказ не пісьменьніка Быкава, а адказ Быкава-франтавіка: „Не. Ня трэба вайны. Калі можна пазбыцца вайны, трэба пазбыцца. Не дапаможа нам вайна“.

Але вяртаюся ў Маладэчна 1992 году.

Тэхнікум, дзе адбывалася канфэрэнцыя, таксама ўражваў сваёй нераённасьцю. Такіх багатых сталінска-ампірных тэхнікумаў я ў райцэнтрах ня бачыў. Ды й навакольныя будынкі — паштамт, рэстаран, унівэрмаг — выглядалі зусім не на раённы ўзровень. Тады я і даведаўся, што ўся гэтая раскоша — сьляды колішняй сталіцы зьніклай Маладачанскай вобласьці. І палітэхнічны тэхнікум — гэта ніякі ня тэхнікум, а Дом саветаў, палац для абласных уладаў.

Гартаючы газэту „Сталінскі шлях“, часам са зьдзіўленьнем я выяўляў, наколькі мужныя людзі працавалі ў той час у абласной прэсе. Са- праўдныя героі-падпольшчыкі. Бо сёньняшнімі вачыма такія матэрыялы чытаюцца, як тонкі тролінг. Як сапраўднае „извращение советской действительности“.

„Гэта было яшчэ восеньню. У наш калгас прыехаў прапагандыст т. Пліскуноў. Ён прапанаваў усім камсамольцам выбраць форму палітычнай вучобы ў новым навучальным годзе. Мы пажадалі займацца ў гуртку па вывучэнню біяграфіі Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна.

Т. Пліскуноў склаў спіс слухачоў, назначыў дзень першых заняткаў і паехаў.

З нецярпеннем чакалі мы назначанага тэрміну. Гэта ж вялікае шчасце — вывучаць біяграфію любімага правадыра, вялікага Сталіна.

Нарэшце гэты дзень настаў, але... Пліскуноў не прыехаў.

Не прыехаў ён ні на другі дзень, ні на трэці. Наогул больш мы яго не бачылі.

Як відаць, забыў т. Пліскуноў аб палітгуртку. Мы, калгасная моладзь, патрабуем, каб гурток нарэшце пачаў працаваць“.

Уяўляеце сябе калгасную паваенную вёску? Вось чым бы заняцца ў рэдкія гадзіны адпачынку? Пасьля ўсіх заробленых працадзён, пасьля ўсіх здадзеных нарыхтовак, пасьля працы на ўласным лапіку зямлі? Ну адказ відавочны! Іншых варыянтаў быць ня можа. Узяць ды павывучаць біяграфію таварыша Сталіна. Прычым у гэтага вострага журналісцкага дасьледаваньня два аўтары, Юры Варанец і Мікалай Грабянёк. Страшнавата за прапагандыста Пліскунова.

Але ня толькі прафэсіяналамі быў слаўны „Сталінскі шлях“. На вёсцы таксама былі свае летапісцы эпохі. Вось якім болем падзяліліся камсамольцы калгасу „Камсамолец“ Ільлянскага раёну.

„Праводзячы агітацыйную работу, агітатары мабілізуюць калгасных хлебаробаў сустрэць дзень выбараў новымі працоўнымі посьпехамі.

Пасля гутаркі агітатара члены сельгасарцелі імя Берыя ўзялі на сябе абавязацельства выканаць план вывазкі лесу да 20-га лютага. Да гэтага ж часу хлебаробы далі слова поўнасцю адрамантаваць сельскагаспадарчы інвентар, ачысціць насенне. Сваё слова калгаснікі ажыццяўляюць“.

Цікава, даць калгасу імя таварыша Бэрыя падказалі самі агітатары? Лепшай знаходкі для абуджэньня працоўнага энтузіязму цяжка прыдумаць. Асабліва ў справе лесанарыхтовак. Паспрабуй ня ўправіцца зь лесанарыхтоўкай да 20 лютага! Адразу малюецца пэрспэктыва валіць лес у іншых установах ведамства Лаўрэнція Паўлавіча.

Мне вельмі захацелася прагуляцца па колішняй, даруйце за пераробленую цытату вядомай турэмнай песьні, „сталіцы Калымскага (прабачце, Вялейскага) краю“. Маім гідам выступіў эканаміст Міхал Залескі, чые сваякі жылі ў Маладэчне. І зь ягоных дзіцячых успамінаў абласная сталіца не выглядае дзюркай.

— У Маладэчне была ўся інфраструктура. Там было многа працоўных месцаў. Горад рос. Паўсюль былі будоўлі. Былі і крамы, і рэстараны, і цырульні. І ўсё трымалася на тым, што культура працы яшчэ была капіталістычная. Усё было вельмі хораша. Бо людзі прывыклі рабіць добра. І яны так рабілі. Захоўвалася дасавецкая працоўная этыка. Напрыклад, што мяне дзівіла тады ў маладачанскай рыбнай краме — там заўсёды прадавалася беларуская жывая рыба. Вугор, мянтуз, лешч, шчупак, сом. Я памятаю, як я глядзеў на гэтыя ванны, дзе ляжалі гэтыя рыбіны! І гаспадыні іх з задавальненьнем куплялі. Былі тады ў калгасах рыбалавецкія брыгады, якія ўмелі лавіць рачную рыбу. Беларусь да рэвалюцыі была чыстым экспартэрам рачной рыбы. І гэта ўсё заставалася.

А тым часам, пакуль хлопцы разглядаюць самоў і ляшчоў у рыбнай краме, у Маладачанскім судзе — свой улоў. Тут у сьнежні 1948-га адбываўся працэс над сямю асобамі. Рознага ўзросту, полу, сацыяльнага становішча. Такім чынам, судзілі:

„Скиндер Иосифа Станиславовича, 1906 г. рождения, уроженца и жителя хутора Четверть Поставского района Молодеченской области, из крестьян-середняков, поляк, гражданин СССР, беспартийный, малограмотный, женат;

Липницкую Евгению Семёновну, 1926 г. рождения, уроженка и жительница хут. Шарковщизна Поставского района, Молодеченской области, из крестьян-кулаков, полька, гражданка СССР, беспартийная, грамотная, несудимая, незамужняя;

Куликовскую Клавдию Семёновну, 1926 г. рождения, уроженка и жительница хут. Шарковщизна Поставского района Молодеченской области, из крестьян-кулаков, полька, гражданка СССР, беспартийная, грамотная, несудима, незамужняя;

Куликовского Бориса Адольфовича, 1923 г. рождения, из крестьян-бедняков, поляк, гражданин СССР, беспартийный, грамотный, несудим, женат, участия в Отечественной войне не принимал;

Жаховскую Татьяну Павловну, 1918 г. рождения, уроженку и жительницу гор. Поставы Молодеченской области, из крестьян-бедняков, полька, гражданка СССР, беспартийная, грамотная, незамужняя, несудимая, без определённого занятия;

Божечко Антонину Людвиговну, 1901 г. рождения, уроженку гор. Вильнюс Литовской ССР, при польском правительстве имела свой магазин, жительница дер. Б. Споры Поставского района Молодеченской области, полька, гражданка СССР, беспартийная, грамотная, несудима, замужняя, связная партизанского отряда им. Суворова;

Липницкого Семёна Васильевича, 1882 г. рождения, уроженца дер. Споры, жителя хут. Шарковщизна Поставского района Молодеченской области, из крестьян-кулаков, поляк, гражданин СССР, беспартийный, несудимый, малограмотный.

А вось і склад злачынства.

„Подсудимые Скиндер Иосиф, Липницкая Евгения, Куликовская Клавдия, Куликовский Борис, Жеховская Татьяна, проживая в Поставском районе, установили преступную связь с участниками вооружённой грабительской террористической банды, возглавляемой Кривицким, которая действовала на территории Поставского и Мядельского районов Молодеченской области, оказывали содействие в преступной деятельности участникам бандгруппы, представляли последним свои жилые и надворные постройки для сборищ, ночлега, снабжали бандитов продуктами питания и самогоном, устраивали вместе с бандитами п’янки. Божечко Антонина, занимаясь незаконной медицинской практикой, и, поддерживая преступную связь с участниками бандгруппы Кривицкого, в июле 1948 г. оказывала медицинскую помощ раненому бандиту Ратко, скрывающему на хуторе принадлежащегося Липницким и в лесном массиве.

Липницкий Семён, зная о преступной связи с бандитами его дочери Липницкой Евгении, Куликовской Клавдии, зная Куликовского Бориса, о том, что его дочь Евгения поместила раненного бандита Ратко в сарае и приводила в дом, где оказывали медицинскую помощ бандиту, не донёс органам Советской власти о посещении его дома и построек бандитами“.

Нават беглае прачытаньне дае зразумець, што расейская мова для чалавека, які друкаваў дакумэнт, зусім ня родная. Адна „помощ“ чаго вартая. А якія мучэньні з канцылярытам! Але нават сярод гэтых „скрывающему принадлежащегося“ можна зразумець галоўнае. Антысавецкае падпольле. Загадкавы камандзір Крывіцкі. Паранены баец, якому перавязвае раны карэнная вільнянка, колішняя ўладальніца ўласнай крамы і да таго ж савецкая партызанка. А даглядае партызана 24-гадовая дзяўчына, дачка заможнага хутараніна.

Вялікія Споры ўжо даўно не вялікія. Нежылыя хаты паступова зносяцца. Жылых на колішняй вуліцы засталося ня больш за дзясятак. Вёска імкліва ператвараецца ў маляўнічы хутар. У адной з хат я знайшоў дваіх старажылаў — Натальлю Маліноўскую, увішную бабульку 87 гадоў, і яе крыху маладзейшага суседа, Генрыка Канчаніна. Гаворыць Натальля:

— Тая Бажычковая медзікам была. Лячыла ўсіх людзей, хто да яе абрашчаўся. У мяне вочы васпаліліся, балелі. Ну дык яна закапвала нейкімі каплямі. І ў мяне быстра прайшло гэтае васпаленьне. А мужык ейны нічога не рабіў, толькі сядзеў. Яна намнога маладзейшая, і кульгала яна. І ўсім людзям дапамагала. І бандытам гэтым, і ўсім. Добрая, адзыўчывая, нікому не адказывала. Скіндара я знала. Жонка Ядвінька ў яго была. Яны былі зьвязаныя з бандытамі. А бандыты гэтыя былі проста проці савецкай уласьці. На вайну не пайшлі, хаваліся. Усе былі добрыя, нармальныя людзі. Но былі проці савецкай уласьці. І ўсё. А ім нада было жыць. Дык людзі давалі. Ня будзеш сапраціўляцца, самі возьмуць. Гэтыя бандыты любілі магазыны сельскія абіраць. Наберуць адэкалонаў, коней адэкалонамі абліюць. А тады ж былі людзі, якія налогі сабіралі. Фінагенты. Пярэймуць фінагента, грошы адберуць і Крывіцкі напіша запіску, што „ўзяў Крывіцкі“. Што фінагент не вінаваты. І іх не вінавацілі, фінагентаў, што грошы адабралі.

Генрык Канчанін

У размову ўступіў Генрык:

— Фінагентаў Крывіцкі не забіваў. Ён быў на вайне. А пасьля быў заўмагам. І нешта праваліў. І тады пайшоў да бандытаў.

Імя Крывіцкага, галавы банды, што спустошвала сельскія крамы ды рабавала фінагентаў, мае велікаспораўскія суразмоўцы не прыгадалі. Але як дзіўна і нязвыкла гучыць гэтае „добры бандыт“. Добрыя людзі, нармальныя людзі. Але ж у бандыты пайшлі. Такое адчуваньне, што мае суразмоўцы ня ведаюць, як называць гэтых „нармальных людзей“. Назваць іх партызанамі не рашаюцца. Бо гэтае слова жалезна прыкаванае да пэўнага вобразу. Таму і называюць іх так, як ім падказала прапаганда. Не забываючы дадаць азначэньне „харошы“. Зрэшты, той Крывіцкі сапраўды быў высакародным разбойнікам, калі клапаціўся пра алібі для абрабаваных фінагентаў.

Генрык працягвае:

— Каб спэцыяльна забіваць?... Такога не было. Іх ніхто не баяўся. Абыкнавенныя людзі, якія работалі на зямлі. І ўсё. А гэтага Ратко проста спасалі. Ён зь вёскі Крэўні. Там цэлая база была. Вобшчэм, тут очэнь усё было сьвязана зь людзьмі. І людзі гэтых бандытаў не баяліся. Свае людзі. І хто як мог памагаў ім выжываць. А тое, што вы чытаеце, — гэта ўзгляды са стараны савецкай уласьці.

Але зусім іншае ўспамінаецца Тарэсе Скіпар, якая ў той час жыла ў Новым Двары, кілямэтраў за 10 ад Спораў. Зь яе словаў Крывіцкі паўстае абсалютна ідэйным партызанам, мэтанакіраваным забойцам савецкіх службоўцаў і камуністаў.

— Красавец быў! Яшчэ да мяне карагодзіўся! Як сказалі, што гэта ён, дык я ўцякала па-страшнаму ад яго. Баялася. Яму абы якога камуніста застрэліць. Быў наваліўшыся на камуністаў, ня знаў, як іх унічтожыць, гэтых камуністаў. Ну дык я яго баялася, як невядома што. А перасякліся мы ў Труханках на свадзьбе. Там свадзьба была. І там ягоная цётка родная жыла. Ён у яе часта і хаваўся. І ён многа іх перастраляў, гэтых камуністаў. І нашто яму гэта было, дурню гэтаму? Багаты, красавец! Нашто табе было чапаць гэтае... Дурак. А тады яго паймалі. І застрэлілі тожа. Ён граматны быў, і такі дурак. Нашто гэта было яму? Хоць і граматны, трэба маўчаць. Як іграюць, так і пляшы. Яму было недзе пад трыццаць. Як ён толькі да мяне закарагодзіўся, а мы ж зналі, хто ён такі, мы тады з падругай ходу, чэраз балота, чэраз кусты. У провалаку ўчапіліся — так уцякалі. Мы яму там і ня нада. Ён ня гэтага. Ён там блукаў, каб камуніста ўбіць якога. Слава пра яго ішла! У магазыне камуніста забіў. Тады ж Рамбальскага забіў у Красках. Рамбальскі па мясу хадзіў. Начальнік па мясу і малаку. Штрафаваў, хто ня здаў. А патом Крывіцкага спаймалі. Казалі, што да матацыкла прывязалі жывога і ён так і забіўся, у Паставы вязьлі. А хто казаў, што расстралялі яго. Хто яго знаець, што тут праўда?

Сёньня, стоячы на цёмнай вясковай вуліцы, дзе ў туманнай цемры мігціць толькі пара вокнаў, цяжка ўявіць тую вёску канца саракавых гадоў. Шматлюдную, поўную дзіцячых галасоў вёску, дзе сьвеціцца кожнае вакно. Яшчэ цяжэй уявіць шматлікія хутары і засьценкі, якія былі параскіданыя па ўсёй былой Віленшчыне. Але ж далёка ня ўсім былі тут рады.

Напрыклад, кіраўніку смаргонскага райфінаддзелу Канстанціну Пяцко. Пазнаёміўся я зь ім дзякуючы бацьку журналіста Алега Грузьдзіловіча Анатолю Грузьдзіловічу. Спадары Анатоль і Канстанцін працавалі ў Маладачанскім абкаме перад самай ліквідацыяй сёмай вобласьці. Як толькі я сказаў у тэлефонную слухаўку, што мяне цікавіць былая вобласьць, дык адразу атрымаў запрашэньне ў хату. Хоць здароўе ў 95-гадовага вэтэрана было ня лепшае для прыёму гасьцей. Гаварыў ён са мной, не ўстаючы з ложка. За ягонымі плячыма франты ІІ сусьветнай вайны, баі на вуліцах Бэрліна. А пасьля фронту — іншы фронт, праца ў Маладачанскай вобласьці. Сам спадар Канстанцін родам з Усходняй Беларусі.

— Это были такие люди, как вам сказать... Там общество делилось на прогрессивное, у которых было сочуствие советской власти, и вторая часть — против советской власти. В основном там шла борьба между этими группами. И они выступали агрессивно. И в сорок пятом году было принято решение, чтобы специальные отряды внутренних войск заняли сплошную линию и проходили каждое селение, каждый дом, каждый кустик и проверяли. Приходили. „Оружие есть?“ — „Няма“. Начинают искать. „А это что?“ Могли и подбросить. И до холодных времён их всех загнали в Прибалтику и освободили территорию.

Калі такія пляны, па выцісканьні ўзброенага супраціву за межы Беларусі, сапраўды існавалі, многае становіцца зразумелым. У самай савецкай рэспубліцы не павінна было быць нават намёку на ўзброены супраціў. Партызаны ў рэспубліцы-партызанцы маглі быць толькі савецкімі. Любая антысавеччына мусіла альбо зьнікнуць за літоўскай ці польскай мяжой, альбо загінуць. Але ж тым плянам суджана было збыцца толькі часткова. Ім удалося схаваць маштабы барацьбы, але „холодные времена“ зацягнуліся на беларускай Віленшчыне ажно да канца 1950-х.

— Опасные были люди. Особенно сопротивлялись коллективизации. Коллективизация шла очень сложно. Часть уехала в Польшу, часть осталась здесь. Последний, кто погиб — это работник госбезопасности. Похоронили его в сквере у Дома культуры. До конца 1950-х годов эти отряды поставили точку. Было ли тут страшно? Были правила перемещения госслужащих. Обязательное сопровождение двенадцати-пятнадцати человек, военнослужащих внутренних войск. Это для тех, кто из области приезжали. Люди штатные! Люди охранные! Тут рисковал каждый, кто приехал из-за Минска.

Тузін чалавек узброенай аховы. Перасоўваньне толькі днём. Гэта рабочая паездка любімых сталінскіх кіраўнікоў у вызваленыя рэгіёны Савецкай Беларусі ці гэта рымскія кантубэрніі ў мяцежнай Юдэі? Майму суразмоўцу, начальніку фінаддзелу, па штаце належаў толькі адзін ахоўнік.

Ад пачатку стварэньня Віленскай вобласьці, у 1939-м, яе цэнтар знаходзіўся, натуральна, у Вільні. А пасьля пераехаў у Вялейку. Нібы нейкая насьмешка. Віленская вобласьць стала Вялейскай. Але па вайне, у 1944-м, абласны цэнтар зь Вялейкі перанесьлі ў Маладэчна. Чаму менавіта ў Маладэчна, а ня ў больш, напрыклад, старажытную Ашмяну, мне растлумачыў Канстанцін Пяцко:

— В сорок четвёртом году, исходя из административно-стратегических условий, поскольку эта область была сугубо индивидуально-товарная, промышленности тут не было, аграрная, хуторская область... Говорили, что мощный очаг был — это депо Молодечненской станции. Пролетарский состав! И вот было принято решение, в связи с тем, што главная опора — это пролетариат, перенести сюда областной центр. А Молодечно тогда — это деревня-матушка и одно депо мощное, пролетарское.

„Деревня-матушка“? Давайце вернемся на маладачанскія вуліцы, па якіх нас вядзе Міхал Залескі, і паслухаем, на якой мове гаворыць горад і пра што.

— Ніякай іншай мовы, акрамя беларускай, на вуліцах Маладэчна не гучала. На вуліцы Рэвалюцыйнай і ў цэнтральных крамах можна было пачуць расейскую мову. На іншых вуліцах расейскую ўжо не пачуеш. Прычым па-расейску ніхто і не спрабаваў гаварыць. Мой родзіч, які потым стаў генэралам расейскіх ВПС, прыехаўшы ў Маладэчна зь вёскі, зайшоў у кватэру да цёткі. І спытаўся: „Валечка. Я чуў, што вы туды сераце. А як вы гэта тут робіце?“ І паказаў на ванну. Ён замест дзьвярэй у прыбіральню адчыніў ванны пакой... Памятаю сваю сустрэчу з „русским миром“. Я трапіў у цэнтар Маладэчна. І там, на Рэвалюцыйнай, у двары дзеці гулялі ў футбол. Чыгунка падзяляла той сьвет і гэты. Для дарослых гэта было ня так прыкметна, як для мяне. І вось я заходжу, чую, як адны дзеці гуляюць у футбол, а другія крычаць: „Унитаз — каманда первый класс!“ Я спытаў у цёткі Валі, што такое „унітаз“. Яна мне паказала. Але ж чаму так крычалі дзеці, я так і не дазнаўся. Толькі нядаўна з інтэрнэту даведаўся, што каманда „Унитас“ была чэмпіёнам Санкт-Пецярбурскай футбольнай лігі ў 1912 годзе. Гэта была дарэвалюцыйная сталічная каманда. І яе дэвізам быў „Унитас — каманда первый класс!“. І менавіта яе крычалі дзеці ў маладачанскім двары ў 1959 годзе. Нешта ішло з Польшчы, нешта зь Нямеччыны, нешта з Расеі. Усе прыўносілі сваё. Так будуецца цывілізацыя. Нацыянальная ў тым ліку. Яна будуецца пад уплывамі тых, хто ў нечым апярэдзіў. У нас не было каманды, якая б да рэвалюцыі пакінула свой дэвіз. Бо не было асяродзьдзя, дзе гэты дэвіз будзе жыць. Былі добрыя каманды, але не было нацыянальнай зьявы, якая б адбілася ў мове. А ў расейскай адбілася. І гэтыя ленінградзкія дзеці, якія жылі ў гэтых прыгожых сталінскіх дамах, яны гэты дэвіз ведалі. Мова пранікала і такім, культурным чынам. Ня толькі праз расейскую школу. Ну й тады Маладэчна стала Маладзечнам. Па схеме кацярынінскіх часоў. Бо ехала тут Кацярына, царыца-маладзіца...

У маладачанскай раёнцы я і сапраўды знайшоў гэтую кацярынінскую вэрсію. Ехала, значыцца, аднойчы імпэратрыца па новадалучаных землях. Больш рабіць ёй не было чаго. Сустрэла на дарозе маладую беларуску і кажа ёй (прычым чалавечым голасам і на чыстай беларускай мове): „Радуйся, красна маладзіца, хачу з табой параіцца! Так мне на душы хораша, што хачу спытаць, чаму?“ Што адказала царыцы беларуска, легенда пра тое маўчыць. Напэўна, адурэла ад такой выпадковай сустрэчы і мову заняло. Але ж з таго глыбокага пытаньня зьявіліся на мапе і Радашкавічы, і Краснае, і Раёўка, і, вядома, Маладэчна.

Але ў колішняй абласной газэце такія „царскія“ экскурсы яшчэ не друкаваліся. Газэта жыла сучаснасьцю. Выхоўвала і настаўляла. Прышчапляла правільныя кулінарныя густы. Ну як беларус можа пражыць без акрошкі? Культывавала ў Заходняй Беларусі так званы „рускі хакей“, гэта значыць хакей зь мячом. Лядовыя баталіі ішлі паміж Маладэчнам і Ашмяной. А яшчэ па транспартных навінах добра відаць, наколькі адарваныя былі гэтыя гарады адзін ад аднаго. Сёньня ў Варшаву, здаецца, лягчэй трапіць, чым тады ў Ашмяну.

„У выхадны дзень я пайшоў у лазню Маладзечанскага горкомгаса. Адчыніўшы дзверы раздзявальнага пакою, я ўбачыў, што ўсе лаўкі і падаконнікі завалены вопраткай. Каля кожнай скрынкі шафы стаяла шмат людзей. Вызвалілася скрынка — прышлося чакаць нямала, пакуль атрымаў таз. Але і пасля гэтага зручнасці было мала. У лазні толькі адзін кран з гарачай вадой. Калі ж будзе наведзен парадак у гарадской лазні“.

„У летні час паяўляецца вялікая патрэбнасць да халоднага блюда — акрошкі. Але з чаго яе прыгатаваць, калі ў Маладзечне з самай вясны няма ў продажы хлебнага квасу.

Дырэктар Міжрайгандлю тав. Левін, відавочна, лічыць дробязным пытаннем вытворчасць гэтага злюбленнага ўсімі напітка“.

„Казалася, што чыстая перамога застаецца за маладзечанцамі. У гэтым былі глыбока ўпэўнены і самі хакеісты Маладзечна. Гэта іх і пагубіла. Яны аслабілі ігру і пілнасць, чым скарыстаўся левы край ашмянцаў“.

„Адкрыта аўтобусная лінія Маладзечна — Ашмяны.

АЎТОБУС АДПРАЎЛЯЕЦЦА з Маладзечна ў 9 г. раніцы, з Ашмян у 15.30.

Аўтобус курсіруе па ПАНЯДЗЕЛКАХ, ЧАЦВЕРГАХ І СУБОТАХ.

Цана праезда — 25 капеек за кіламетр.

Адкрыта таксама аўтобусная лінія МАЛАДЗЕЧНА — РАДАШКОВІЧЫ (штодзённы, тры рэйсы па раскладу)“.

„10 чэрвеня г.г., будучы ў Маладзечна, мы зайшлі ў сталовую №1 і папрасілі піва. Нам падалі напітак вельмі дрэннай якасці, піць мы яго адмовіліся. Другія наведвальнікі зрабілі так жа.

Прызнацца, мы не меркавалі, што ў абласным цэнтры гандлююць такім «півам»“.

Сапраўды, ня простыя савецкія людзі жылі ў Маладэчне, раз рабілі байкот прадукцыі піўзавода ў сорак дзявятым годзе. Але ж піва падавалі ня толькі ў сталовай. Міхал Залескі памятае самую папулярную піўную каля рынку і размовы, якія там вяліся.

— На колішняй вуліцы Губэрнатарскай, потым Рэвалюцыйнай, а сёньня Прытыцкага, была піўнуха. І каля піўнухі драўляны ганак. І той ганак быў зь дзіркамі. І вось інваліды, вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны з усіх трох бакоў, зьбіраліся там і п’яныя гублялі капейкі, якія падалі ў тыя шчыліны. А мы, малыя, залазілі пад гэны ганак і зьбіралі сабе грошы на кіно і на марожанае. І ўжо ішлі ў „Камсамолец“ ці ў „Радзіму“ глядзець кіно. І чулі ўсе размовы гэтых людзей дзіцячым вухам. А размовы былі кепскія. Размовы былі пра парашутыстаў, пра эмгэбістаў, якія там непадалёку сядзелі. У іх абласны аддзел там быў. Пра тое, што ў вёсках робіцца. Бо, перш чым лаха абабраць і выцягнуць у яго грошы за прададзенае парася, зь ім вялі далікатныя гутаркі. На горцы быў рынак. І з таго рынку людзі ішлі ў бок вакзала. І некаторыя бедакі траплялі ў абарот. Стане селянін піўка папіць. А тут яму далікатны чалавечак з адной нагой пачынае „ўціраць“. „Ну што, дзядзька? Забралі ў цябе каня? Як ты цяпер выкручваесься?“ — „Ды вось жывём жа ж неяк“. А тым часам другі яму ў кішэню. „Ну давай мы табе піўка праставім“. Ну а для селяніна гэта радасьць! Ён куфаль вып’е і, каб не прастаўляцца ў адказ, гаворыць: „Ну ўсё, хлопцы. Я пабег“. — „Ну бяжы, бяжы“. Уся гэтая публіка жыла ў прытонах на вуліцы Сухой. За чыгункай была такая вуліца Сухая. Гразі па калена. І там, у дарэвалюцыйных дамках зь землянымі падлогамі на кухнях і з дошкамі, кінутымі на гліну, у парадных пакоях, жылі мае сябры і родзічы.

Да прыходу бальшавікоў страшныя ў БССР гады — 1929-ы, 1933-і, 1937-ы — для жыхароў былой Віленшчыны былі звычайнымі гадамі мірнага жыцьця. Польскія ўлады, праўда, перасьледавалі беларускіх актывістаў і ўвесь беларускі нацыянальны рух, але ўсеагульную прышчэпку страху перад уладай бальшавікоў тут пачалі атрымліваць толькі ў 1939-м. І далёка ня ўсе зразумелі, што за народная ўлада прыйшла. Абласная „Сялянская газета“ па вайне праводзіла своеасаблівы палітычны лікбез для новых грамадзян самай шчасьлівай краіны. Працытую ўрывак зь вялізнага, на дзьве паласы, артыкулу „Барацьба партыі большэвікоў супраць беларускіх нацыяналістаў — злейшых ворагаў беларускага народа“.

„Нацыяналісты праводзілі шкодніцтва і ўсяляк імкнуліся скампраметаваць у вачах працоўных калгасы і новую тэхніку. Яны рэкамендавалі шкодніцкія севазвароты, ігнаравалі травасеянне, знішчалі жывёлу і г.д. Выкрыты і пасаджаны на лаву падсудных нацыяналіст, польскі шпіён Шаранговіч паказаў Вярхоўнаму Суду Саюза ССР, што ён і яго хэўра рабіла ўсё ад іх залежачае, каб не дапусціць перамогі калгаснага ладу“.

Такім чынам жыхароў беларускага Захаду знаёмілі з тымі прозьвішчамі, якія на Ўсходзе даўно былі выкрасьленыя з усіх падручнікаў і аддадзеныя анафэме. Шаранговіч, Чарвякоў, Прышчэпаў. Але аднымі газэтнымі страшылкамі справу калектывізацыі ня вельмі пасунеш. Прыходзілася дзейнічаць больш наглядна. Успамінае былы работнік Маладачанскага абкаму Анатоль Грузьдзіловіч.

— Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі ішла вельмі павольна. Асноўная работа бальшавікоў скончылася ў 1950 годзе. Я родам з Шаркоўшчынскага раёну. Бедны раён. Гліна і балота. Мужыкі жылі небагата, але ж не галадалі. Ад 1945-га па 1950-ы спрабавалі арганізоўваць калхозы, але арганізавалі зь пяток усяго. Астатнія — сходы да раніцы, ніхто не падпісвае і прадстаўнікі з раёну зьяжджаюць ні з чым. У нашай вёсцы, Пашкі, сходы ішлі ад 1947 году. Але ў 1950-м здаліся. Але для гэтага, каб нашы здаліся... У вёсцы багатыроў не было. Але былі гаспадары, хто меў 10, 15 гектараў. І быў такі Ўладзімер Кліманскі. Нармальны мужык, 1903 году нараджэньня. Меў сына і дачку. Было ў яго 15 гектараў зямлі. Дык ён часта хварэў і прыходзілася наймаць людзей. І вось да яго прысталі — карыстаўся чужой працай, кепска плаціў. І ў сакавіку 1950-га ўсю сям’ю прызналі кулакамі і вывезьлі ў Сібір. І майго бацьку пужалі. У яго было 12 гектараў. Але ж ніхто зь вяскоўцаў не данёс, што мы кагосьці наймалі. І вось дом Кліманскага нацыяналізавалі і сходы ўжо праводзілі там. Ідзеш у ягоны дом і знаеш, што такое можа быць і з тваім домам. Вось тады, вясною, у былым доме Кліманскага падпісаліся за калхоз усе!

З гісторыяй Анатоля Грузьдзіловіча перагукаецца і гісторыя нашага героя, Язэпа Скіндара. Ня толькі высылкай, але і рабаваньнем дома. Вось прысуд людзям у справе „вооружённой грабительской террористической банды, возглавляемой Кривицким“. Людзям, якія нікога не забілі, нічога ня скралі. Толькі дапамагалі.

„Скиндера Иосифа Станиславовича и Липницкую Евгению Семёновну на основании санкции ст. 24-80 УК БССР, с учётом указа от 26 мая 1947 года «Об отмене смертной казни» лишить свободы с отбытием в исправительно-трудовых лагерях сроком на двадцать пять лет каждого, с последующим поражением в избирательных правах каждого на пять лет с конфискацией имущества, принадлежащего на долю осуждённых.

Куликовскую Клавдию Семёновну, Куликовского Бориса Адольфовича, Жеховскую Татьяну Павловну и Божечко Антонину Людвиговну на основании санкции ст. 24-80 УК БССР лишить свободы с отбытием в исправительно-трудовых лагерях сроком:

Куликовскую Клавдию на десять лет, Жеховскую Татьяну на десять лет, Куликовского Бориса на восемь лет, Божечко Антонину на шесть лет, с последующим поражением в избирательных правах каждого на пять лет, с конфискацией доли имущества, принадлежащего осуждённым.

Липницкого Семёна Васильевича на основании санкции ст. 86 УК БССР лишить свободы сроком на один год“.

Найбольшы гуманізм быў праяўлены да 66-гадовага Ліпніцкага. А ўдзел немаладой Антаніны Бажэчкі ў савецкім партызанскім руху дапамог ёй ня вельмі. Са словаў старой Натальлі, ніхто з гэтых людзей назад не вярнуўся. Яшчэ ад доктаркі Бажэчкі, якая бясплатна лячыла ўсіх дзяцей, застаўся вопіс маёмасьці, якую канфіскавалі ўлады, дзе Антаніна чамусьці напісаная праз мужчынскі род.

„Опись имущества произведена у осуждённого Божечко Антонины Людвиговны

1. мягкий стул — три б/у

2. мягкое кресло — одно б/у

3. диван мягкий — один б/у

4. кушетка мягкая — одна б/у

5. гордероб — один б/у

6. часы тумбовые — одни б/у

7. стол раздвижной круглый — один б/у

8. стол простой — один б/у

9. шкаф со стеклянной дверью — один б/у

10. буфет старый — один б/у

11. подсвечники бронзовые — трёх лет б/у

12. подсвечники гипсовые — два б/у

13. зеркало стенное круглое — одно б/у

14. картины — три б/у

15. ламповые подставки — две б/у

16. шторы шерстяные — две б/у

17. скатерть белого цвета — две б/у

18. гардины — одна б/у

19. матрац ватный — один б/у

20. прялка — одна б/у

21. платье шёлковое старое — одно б/у

22. жакет шерстяной старый — один б/у

23. заготовка к ботинкам — одна пара

24. зонт старый — один б/у

25. ковёр старый — один б/у

26. скатерть шерстяная — одна б/у

Все имущество находится в опечатанном виде в помещении Божечко А.Л.“

Якой невыноснай тугой цягне ад гэтага дакумэнта, напісанага такім каравым почыркам, што не адразу разьбярэш, што апісвае таварыш з МГБ. Асабліва парадавала ацэнка трох карцін. У мяне таксама ёсьць тры карціны. І яшчэ якія б/у! Цікава, каму ж дастаўся такі скарб? Як яго дзялілі? Чый кабінэт асьвяцілі канфіскаваныя бронзавыя кандэлябры? Мо старшыні сельсавету? Чыёй жонцы пашанцавала з шаўковай сукенкай і жакетам шарсьцяным? Можа, якога інструктара райкаму партыі? Ці палкоўніка МГБ? І хто глядзеўся штодня ў люстэрка насьценнае круглае? Можа, сам старшыня аблсуду таварыш Трунін? Адно можна сказаць пэўна. Гэтыя рэчы не прапалі дарэмна. І ў люстэрка пераможцам глядзець было ня брыдка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я нічэво есьці не вазьму». Частка 4 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хацелі ўступаць у гасударства гэта». Частка 3 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што вы тут вычвараеце?» Частка 2 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не дазнаецца пра паўстаньне ў Крыжоўцы». Частка 1 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.