7 верасьня ў Берасьцейскім абласным судзе агучылі вырак журналістцы Іне Можчанцы, якая да затрыманьня працавала ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА, дзе займала кіроўную пасаду, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як стала вядома ад праваабаронцаў, справу разглядала судзьдзя Вера Філонік. Іну Можчанку абвінавачвалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці»).
З абвінавачаньня, якое ў судзе прадстаўляў пракурор Аляксандар Бацюшка, вынікала, што Іна Можчанка пакідала публічныя камэнтары ў пэрыяд з 9 жніўня 2020-га па 28 верасьня 2021 году пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, пра яго маці і ў цэлым пра супрацоўнікаў КДБ. У некаторых камэнтарах, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, былі прыкметы абразы, а ў іншых угледзелі прыкметы наўмыснага распальваньня варожасьці ў стаўленьні да праваахоўнікаў.
Аднак, як заўважаюць праваабаронцы, у судова-лінвістычнай экспэртызе, далучанай да справы, згадваліся толькі паведамленьні Іны Можчанкі, напісаныя 29 верасьня 2021 году. Пракурору давялося на стадыі судовых спрэчак карэктаваць абвінавачаньне: канчаткова жанчыну абвінавацілі толькі за «абразьлівыя, якія распальваюць варожасьць» паведамленьні менавіта 29 верасьня 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 верасьня: тры новыя прысуды ў «справе Зельцара», 7 гадоў калёніі за камэнтары ў TelegramЯкія менавіта допісы былі абразьлівыя, дакладна не вядома, бо на судзе яны цалкам не агучваліся. Разам з тым з праведзенай у рамках справы судовай экспэртызы вынікае, што аўтарка допісаў спрычынілася да «фармаваньня нэгатыўнага стэрэатыпу ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Але пракурор Бацюшка ў канчатковым абвінавачаньні трактаваў паведамленьні куды шырэй. Паводле яго, нібыта Іна Можчанка мела на ўвазе і ўхваленьне ўчынку Андрэя Зельцара, і «падбухторвала да гвалтоўных дзеяньняў над праваахоўнікамі». Такім чынам, паводле пракурора, ёсьць склад злачынства паводле артыкулу аб распальваньні варожасьці.
У выніку 7 верасьня 2022 года судзьдзя Вера Філонік агучыла менавіта тое пакараньне для Іны Можчанкі, аб якім прасіў пракурор Аляксандар Бацюшка: тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічынь (3200 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 верасьня: тры прысуды ў «справе Зельцара»; фігуранта «справы Аўтуховіча» Антона Мельхера перавялі пад хатні арыштПра Іну Можчанка вядома, што яна ўваходзіць у праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі і да затрыманьня ў верасьні 2021 году працавала ў БелТА, дзе займала пасаду начальніцы сэктару працы з электроннай інфармацыяй аддзелу падтрымкі і разьвіцьця інтэрнэт-рэсурсаў.
Іна Можчанка актыўна вяла сацыяльныя сеткі, дзе ў тым ліку пакідала пратэставыя камэнтары і іранізавала над музыкамі, якія выступаюць у савецкай вайсковай форме.
Падставай для затрыманьня Іны Можчанкі зьявіліся падзеі 28 верасьня 2021 году, зьвязаныя з так званай справай «Андрэя Зельцара». На гэтую гісторыю Можчанка адрэагавала допісамі ў сацсетках, і ўжо 29 верасьня да яе прыйшлі сілавікі. З таго часу жанчына сядзіць за кратамі і там сустрэла свой 45-ы дзень народзінаў.
Дагэтуль незразумела, чаму справу Іны Можчанкі разглядалі менавіта ў Берасьці, куды жанчыну прывезьлі з жодзінскага ізалятара, а ня ў Менску (дзе яна жыла і працавала).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два гады калёніі для чалавека ні за што — гэта мала?». Што новага ў затрыманых у «справе Зельцара»